Гісторыя калгаснага будаўніцтва на Дзятлаўшчыне



Першыя сельскагаспадарчыя арцелі (калгасы) на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна з'явіліся яшчэ да вайны. Пасля ўступлення падраздзяленняу Чырвонай арміі на тэрыторыю Заходняй Беларусі ўлада на месцах, згодна з загадам камандуючага войскамі Беларускага фронту Кавалёва ад 19 верасня 1939 года, перайшла ў рукі часовых упраўленняў, якія складаліся з мясцовых жыхароў і прадстаўнікоў вайскоўцаў. У сельскай мясцовасці былі арганізаваны валасныя (гмінныя) і сялянскія (сельскія) камітэты.

Адно з галоўных пытанняў, якое хвалявала мясцовае, у пераважнай большасці сельскае насельніцтва, было зямельнае. 23 кастрычніка 1939 года ў Навагрудку адбылася нарада загадчыкаў зямельных аддзелаў і прадстаўнікоў гмінаў тады яшчэ Навагрудскага ваяводства, на якой і разглядаліся гэтыя пытанні: раздзел памешчыцкіх зямель і жывёлы, уборка бульбы, абмалот і захаванасць ураджаю ў былых маёнтках, стан і ахова жывёлы, фуражу, пабудоваў, сельгасмашын і інвентару ў маёнтках, стан лясной і рыбнай гаспадарак.

У снежні 1939 года была ўтворана Баранавіцкая вобласць, а указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР ад 15 студзеня 1940 года было ўстаноўлена дзяленне заходніх абласцей на раёны. Так, у складзе Баранавіцкай вобласці былі ўтвораны Дзятлаўскі і Казлоўшчынскі раёны, якія, у сваю чаргу, тэрытарыяльна дзяліліся на сельскія і пасялковыя саветы.

Паралельна ўсталяванню новага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення адбывалася фарміраванне мясцовых органаў улады, на змену часовым упраўленням прыйшлі раённыя выканаўчыя камітэты з аддзеламі. Усімі зямельнымі пытаннямі і пытаннямі развіцця сельскай гаспадаркі займаўся зямельны аддзел.

Зімой 1940 года неабходна было ў кожным раёне заходніх абласцей БССР правесці курсы для актыву з сялян-беднякоў і сераднякоў (не менш за 50 чалавек). Усе жадаючыя запаўнялі анкету, у якой указваліся наступныя звесткі: прозвішча, імя, год і месца нараджэння, пражывання, нацыянальнасць, сацыяльнае становішча, служба ў войсках, веданне моваў, адукацыя, месца працы, звесткі пра бацькоў, у тым ліку жонкі, іх сацыяльнае становішча, наяўнасць сваякоў за мяжой.

Праграма курсаў была разлічана на 15 дзён і ўключала палітычную падрыхтоўку (лекцыі па гісторыі ВКП(б), Канстытуцыі СССР і БССР, міжнародным становішчы) і вывучэнне агратэхнікі, жывёлагадоўлі, а таксама Статута сельгасарцелі.

Справа ў тым, што падзяліўшы памешчьіцкія землі, а пазней маёмасць і землі асаднікаў і вартавой аховы лясоў, дэпартаваных першымі ў глыб СССР, і надзяліўшы малазямельных сялян новымі ўчасткамі, савецкая ўлада не адмаўлялася ад правядзення калектывізацыі, хоць і не такімі хуткімі тэмпамі, як гэта было на ўсходзе.

Селяніну, які толькі што атрымаў доўгачаканую зямлю, было не зразу мела, чаму яе трэба аддаць, ды яшчэ інвентар і жывёлу абагульніць. У сувязі з гэтым праводзілася масавая тлумачальная работа сярод сялян аб перавазе калектыўнай гаспадаркі перад прыватнай дробнай.

Да гэтага часу Народным камісарыятам земляробства БССР было прынята Часовае палажэнне аб парадку вырашэння спрэчных пытанняў, звязаных з землекарыстаннем у заходніх абласцях Беларускай ССР. Яно грунтавалася на Канстытуцыі Беларускай ССР і дэкларацыі Народнага сходу Заходняй Беларусі аб канфіскацыі памешчыцкіх зямель, а таксама прыкладнага Статута сельскагаспадарчай арцелі, прынятага II Усесаюзным з'ездам калгаснікаў-ударнікаў і зацверджанага Саўнаркамам СССР і ЦК ВКП(б) ад 17 лютага 1935 года.

У палажэнні гаварылася, што сяляне, добраахвотна аб'яднаўшыся ў сельгасарцель, павінны абагуліць асноўныя сродкі вытворчасці (зямлю, рабочую жывёлу, інвентар, несенне, вытворчыя пабудовы) і весці сваю гаспадарчую дзейнасць згодна з прынятым статутам.

Зямельныя плошчы сельгасарцелям выдзяляліся лепшыя па якасці і ў адным масіве. Вызначэнне межаў праводзілася камісіяй у складзе старшыняў сельсавета і калгаса і прадстаўніка зямельнага таварыства, пасля чаго складаўся акт, які зацвярджаўся райвыканкамам і з'яўляўся дакументам на права калгаса карыстання зямлёй.

Лугі, пашы былых маёнткаў і асаднікаў перадаваліся райвыканкамамі ў пастаяннае карыстанне, у першую чаргу, для наступнай перадачы сельгасарцелям, а астатнія - зямельным Таварыствам для ўборкі сена або выпасу ў 1940 годзе.

Каб сяляне не баяліся ўступаць у калгасы, у красавіку 1940 года была прынята пастанова Савета народных Камісараў БССР і ЦК КП(б)Б № 1105 "Аб прыняцці Статута сельскагаспадарчай арцелі калгасамі Беластоцкай, Брэсцкай, Баранавіцкай, Вілейскай і Пінскай абласцей Беларускай ССР", у якой рэкамендавалася ўстанавіць для калгаснікаў памер прысядзібнага участка ад 0,25 да 0,50 гектара, а таксама дазвалялася мець у асабістым карыстанні да дзвюх кароў, двух галоў маладняку рагатай жывёлы, дзвюх свінаматак, да дзесяці авечак і козаў, неабмежаваную колькасць птушкі і трусоў, да дваццаці вулляў пчол.

Для тэхнічнага забеспячэння сельскай гаспадаркі і ў дапамогу калгасам у Жукоўшчыне была створана машынна-трактарная станцыя (МТС). Маглі ў яе звяртацца і прыватныя, у першую чаргу, бядняцка-серадняцкія, гаспадаркі.

Саўнаркамам БССР ад 22 красавіка 1940 года былі ўсталяваны расцэнкі па аплаце за карыстанне конным інвентаром, якія прадастаўляла МТС такім гаспадаркам: плуг аднакорпусны конны - 80 капеек за дзень працы; плуг двухкорпусны - 1 рубель 20 капеек; культыватар - 1 рубель; барана - 60 капеек; сеялка - 5 рублёў; конная малатарня - 20 рублёў; веялка - 4 рублі; акучнік - 70 капеек.

3 тлумачальнай запіскі да зямельнага балансу па Дзятлаўскім раёне за 1944 год даведваемся, што на 1 студзеня
1941 года па Дзятлаўскім раёне налічвалася 11 калгасаў на плошчы 7148 га, у тым ліку ворнай - 3433 га, сенажаці - 897 га, прысядзібнай - 303 га, пад лесам - 1247 га, пад садамі - 28 га, агародамі - 26 га, пабудовамі - 39 га, балотамі - 28 га.
Гэтыя калгасы былі арганізаваны з зямель былых памешчыцкіх маёнткаў, царкоўных і часткова з зямель навакольных вёсак, жыхары якіх уступілі ў калгасы.

На працягу 1941 года была актывізавана барацьба з кулацтвам, у тым ліку праведзена адразанне зямлі ў буйных аднаасобных гаспадарак, што павінна было станоўча адбіцца на вырашэнні пытання на карысць калектывізацыі. Але гэты працэс быў перапынены падзеямі Вялікай Айчыннай вайны. У час акупацыі Дзятлаўскага раёна немцамі калгасы былі ліквідаваны.

Згодна з загадам № 1 ад 11 ліпеня 1944 года і на падставе распараджэння ўпаўнаважанага ЦК КП(б)Б Шчучынскага міжраённага цэнтра прыступіў да працы загадчык зямельнага аддзела выканаўчага камітэта Дзятлаўскага раённага Савета дэпутатаў працоўных.

Да канца года быў укамплектаваны штат работнікаў, які ўключаў такіх спецыялістаў, як аграномы, аграном-садоўнік, аграном-пчаляр, палявод, ветэрынарныя дактары, землеўпарадчыкі, заатэхнікі, бухгалтары. Землі былых маёнткаў былі раздадзены дзяржаўным установам, арганізацыям, прадпрыемствам для вядзення падсобнай гаспадаркі (1424 га), малазямельным сялянам (1920 га), 1812 га было залічана ў зямельны фонд. Уся зямельная плошча раёна складала 80 757 га, у тым ліку ворнай - 31 043 га, з яе па аднаасобным сектары - 28 664 га, дзяржфонд - 1167 га.

Ала ЗАБЕЛІНСКАЯ, дырэктар занальнага дзяржаўнага архіва ў горадзе Навагрудку

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/