"Гатуем разам": на кухні два пакалення



Згодна з планам развіцця тэрытарыяльных Цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Гродзенскай вобласці ў 2017 годзе, зацверджаным Камітэтам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыкайкама 8 лютага 2016 года, у сакавіку 2017 года у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна адкрыўся пакой прыёму ежы.

Але простым адкрыццём пакоя тут не абмежаваліся і вырашылі даць старт сацыяльна значнаму праекту — "Гатуем разам". Пры Цэнтры працуюць 6 аддзяленняў. Два з іх — аддзяленне дзённага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык" — сталі ўдзельнікамі праекта.

— Актуальнасць праблемы заключаецца ў тым, што колькасць людзей з абмежаванымі магчымасцямі, якія наведваюць аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў "Праменьчык", павялічваецца, - расказвае дырэктар Цэнтра Таццяна Сямёнаўна Нікіпорчык.
— Найчасцей гэтыя людзі адчуваюць сваю абмежаванасць з-за непрыстасаванасці да паўнацэннага жыцця. Сацыяльная неабароненасць праяўляецца і ў няўменні карыстацца бытавой тэхнікай, гатаваць сабе ежу самастойна. Многія сем'і і самі не падазраюць, што гадуюць утрыманцаў, выконваючы за інвалідаў самую элементарную хатнюю работу. Гэта стварае бар'ер паміж людзьмі з асаблівасцямі, членамі іх сем'яў, грамадствам. Мы ў сваю чаргу ўсімі спосабамі спрыяем інтэграцыі інвалідаў у грамадства, дапамагаючы ім набыць неабходныя навыкі.

Кіраўнікі праекта "Гатуем paзам", яны ж загадчыцы аддзяленняў-удзельнікаў праграмы Валянціна Расціславаўна Саламевіч і Галіна Эдвардаўна Касцюк, упэўнены ў сацыяльнай значнасці праекта для абедзвюх катэгорый грамадзян.

— Мэта нашага праекта — аказаць садзейнічанне ў сацыяльна-бытавой рэабілітацыі інвалідаў, у аднаўленні або кампенсацыі парушаных ці страчаных імі з-за хваробы здольнасцяў па самаабслугоўванні і падрыхтоўцы да самастойнага жыцця. На новай кухні навыкам прыгатавання страваў, сервіроўцы стала, правілам выбару і спалучэння прадуктаў харчавання, паводзінам за сталом маладых інвалідаў будуць вучыць гаспадыні пажылога ўзросту, якія маюць багаты жыццёвы вопыт, шмат ведаюць і ўмеюць, а таму змогуць у нас рэалізаваць свой творчы патэнцыял і падзяліцца ведамі, бытавымі навыкамі.

Людзі з абмежаванымі магчымасцямі за час рэалізацыі праекта навучацца карыстацца бытавой тэхнікай пры гатаванні ежы, арганізоўваць правільнае, карыснае для здароўя харчаванне. Упэўнены, што наш праект дапаможа палепшыць узровень жыцця людзям з абмежаванымі магчымасцямі, цясней аб'яднае два пакаленні, дапаможа ім не толькі карысна бавіць вольны час, але і пазбавіцца ад пачуцця адзіноты. У наведвальнікаў "Праменьчыка" з'явіцца не толькі новае захапленне, але і магчымасць паўнацэнна харчавацца ў абед, бо ў Цэнтры яны знаходзяцца цэлы дзень.

Згодна з праграмай праекта "Гатуем разам", яго ўдзельнікаў чакаюць тэарэтычныя і практычныя заняткі, кірмашы і майстар-класы, прагляд тэлеперадачаў і інтэрнэт-блогаў на кулінарныя тэмы, экскурсіі ў сталовую і рэстаран, круглыя сталы і выставы кулінарнага майстэрства.

Дырэктар Цэнтра Таццяна Сямёнаўна Нікіпорчык расказала таксама, што да ўдзелу ў праекце "Гатуем разам" арганізатары збіраюцца запрашаць грамадскія аб'яднанні — раённыя арганізацыі Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, Беларускага таварыства інвалідаў, Беларускага саюза жанчын, Чырвонага Крыжа. Акрамя гэтага, плануецца пазнаёміць персанал установаў грамадскага харчавання горада з асаблівасцямі абслугоўвання людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна запрашае да супрацоўніцтва ініцыятыўных, энергічных людзей пажылога ўзросту, гатовых перадаць свой вопыт па прыгатаванні ежы і ўдзельнічаць у кірмашах кулінарнага майстэрства і майстар-класах.

Звяртацца можна на адрас: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56. Тэлефоны для даведак: 2-67-82, 6-11-84.

I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/