Гаспадар у вёсцы і першы энтузіяст



Стараста вёскі Данілавічы Аляксандр Турчэнік

Вёска Данілавічы, асабліва ў летні час, прываблівае дагледжанасцю і чысцінёй. Яна патанае ў зеляніне садоў, стракацее кветнікамі. Ёсць тут і некалькі адметных падворкаў, гаспадары якіх творча падышлі да іх афармлення. Адзін з такіх належыць старасту вёскі Аляксандру Турчэніку, які, дарэчы, клапоціцца не толькі пра ўласную сядзібу, але і пра ўвесь населены пункт, мясцовую капліцу і могілкі.

Наогул, добры стараста - гэта гаспадар у вёсцы, без яго не абысціся ні жыхарам, ні мясцовай адміністрацыі. Стараста -першы памочнік старшыні сельвыканкама і заўсёды ў курсе вясковых праблем. Ён і траву падкосіць, і народ арганізуе, каб храм добраўпарадкаваць, і за парадкам на вясковых моплках прасочыць. А для аднавяскоўцаў стараста - дарадчык, сацыяльная служба, псіхолаг, і ўсё гэта на грамадскіх пачынаннях і ўласным энтузіязме.

У роднай вёсцы Данілавічы Аляксандра Турчэніка ведаюць усе, і ён сам з заплюшчанымі вачамі можа апісаць кожны двор, кожны куточак сваей малой радзімы, аб якой дбайна клапоціцца, робіць усё магчымае, каб яна прыгажэла.

Працуе Аляксандр Уладзіслававіч вадзіцелем аўтобуса ў ААТ "Граніт-Агра" ўжо шмат гадоў, уладкаваўся сюды пасля заканчэння школы. Кіраўніцтва гаспадаркі і калегі характарызуюць яго як чалавека сціплага, нешматслоўнага, але працавітага, руплівага, творчага. Пра такіх у народзе кажуць: "чалавек справы", "залішне словамі не раскідваецца".

Аляксандр Уладзіслававіч заўсёды клапоціцца аб сваім аўтобусе і пасажырах. Ён падтрымлівае чысціню ў салоне транспартнага сродка, а ў спякотныя дні не забываецца захапіць з сабой у дарогу пітной вады, каб пасажыры не пакутавалі ад смагі. Восенню ставіць тут для работнікаў гаспадаркі скрыню з яблыкамі, каб падсілкаваліся, пакуль будуць ехаць.

Духмяныя плады стараста збірае не толькі ў сваім садзе, расказвае, што яблыкі бярэ і на безгаспадарчых участках, маўляў, навошта ўраджаю прападаць, калі можна пачаставаць людзей.

Тэрыторыя Данілавіцкага сельскага Савета - гэта 39 населеных пунктаў, сярод якіх ёсць вёскі, дзе жывуць да 10 чалавек, а ёсць - з насельніцтвам звыш сотні. На гэтай тэрыторыі працуюць 20 вясковых старастаў, і Аляксандр Уладзіслававіч адзін з іх. У яго адказны ўчастак, бо ў Данілавічах жывуць 136 вяскоўцаў, пераважная большасць з якіх - пенсіянеры, толькі 60 чалавек - працаздольнага ўзросту.

3 кожным годам павялічваецца колькасць пустуючых дамоў, але, дзякуючы намаганням старастьі і яго арганізатарскім здольнасцям, веска выглядае дастойна. Вылучаецца яна не толькі дагледжанымі падворкамі і скошанымі ўзбочынамі, але і малымі архітэктурнымі формамі. 3 дапаможнага матэрыялу і сапсаваных гаспадарчых рэчаў здольны Аляксандр Уладзіслававіч ствараць сапраўдную прыгажосць: то парэнчы для мастка, то аздобу для ліхтара, то іншыя творы ручной работы.

Прызнаецца, што новыя ідэі прыходзяць нават у сне, нездарма яго дзядзька быў мастаком, а дзед - сталяром, вось такая "спадчына" дасталася вясковаму старасту ад продкаў.

Вялікая работа зроблена Аляксандрам Турчэнікам і па добраўпарадкаванні мясцовых могілкаў. 3 яго ініцыятывы там выдалены аварыйныя дрэвы, зрэзана кустоўе, пабудавана новая агароджа з прыгожымі металічнымі варотамі і сакавіта-зялёнымі елачкамі, пастаянна падтрымліваецца чысціня. Насупраць "вечнага горада" па-гаспадарску змайстравана лавачка, абсталяваны "шчыток" з рабочым інструментам. Гэта, каб мясцовыя бабулі і дзядулі не неслі з сабой рыдлёўку або венік, а ўзялі ўсё неабходнае тут, на месцы, прыбралі магілы родных і паклалі інструмент назад, а затым і на лавачцы маглі адпачыць перад дарогай дахаты.

Увогуле, могілкі Аляксандр Турчэнік лічыць святой зямлёй, у якой ляжаць яго землякі, вядомыя і забытыя. А таму вясковы стараста за ўласныя сродкі ўстанавіў над-гробніцы і два помнікі на магілах пахаваных тут вяскоўцаў, у якіх не засталося родных.

3 жонкай Ірынай Пятроўнай наглядае Аляксандр Уладзіслававіч і за каплічкай Святой Маці Божай Тройчы Цудоўнай у вёсцы Данілавічы. За чысцінёй унутры і кветнікамі вакол капліцы сочыць жонка, усю мужчынскую работу выконвае муж. За гэта бабулі-прыхаджанкі хваляць старасту і моляцца за яго здароўе. Добрымі адносінамі да людзей і роднага куточка Аляксандр Турчэнік заваяваў павагу ў вяскоўцаў, уласным прыкладам ён натхняе іх на справы на карысць малой радзімы, бо аднаму зрабіць усё не пад сілу, а дапамога - заўсёды дарэчы. Аднавяскоўцы разумеюць, што парадак на зямлі і наладжаны побыт у многім заслугі гэтага непрыкметнага чалавека без тытулаў і званняў, да меркавання якога яны прыслухоўваюцца - простага вясковага старасты.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/