Гарбузовы Fest у Казлоўшчыне



Казлоўшчынскі Fest-кірмаш "Гарбузовы рай" адбыўся 7 кастрычніка ў чарадзе святаў раённага праекта "Дбайных гаспадароў славім - весела час бавім".

Арганізатары свята, "карыстаючыся выпадкам", вядома ж, пастараліся забяспечыць гасцей фэста рознапланавай інфармацыяй пра ўсё-такі недаацэнены пакуль беларускі гарбуз. І хоць ярка-аранжавы агародны цуд - ураджэнец заакіянскай Паўднёвай Амерыкі, за некалькі стагоддзяў ён добра-такі прыжыўся ў еўрапейскай Беларусі, можа лічыцца беларусам.

А першы ўпамінак гарбуза датуецца больш чым пяцітысячнай даўніной. "Прыручылі" плод Cucurbita (лацінская назва гарбуза) індзейцы. 3 саладкаватай мякаці гатавалі стравы, з семак выціскалі алей, а з рэшты — цвёрдай скуркі — выраблялі посуд. Пазней хто-ніхто пачаў штукаваць са скуркі нават карэты для выезду на баль.

Да Беларусі гарбуз даехаў дзесьці ў 16 стагоддзі. Рассмакаваўшы аранжавы плод, дапытлівыя людзі выявілі яго надзвычайную карысць. Мякаць гарбуза багатая на вітаміны Е, А, С, D, F, РР, Т, В, утрымлівае мікра- і макраэлементы (магній, калій, жалеза, кальцый). Шчолачавыя рэчывы гарбуза нейтралізуюць павышаную кіслотнасць страўніка і дапамагаюць лячыць дыябет ды іншыя немачы. Гарбуз спрыяе рабоце сэрца, паскарае абмен рэчываў у арганізме, выводзіць "кепскі" халестэрын, амалоджвае скуру.
Гарбузовыя семкі багатыя на цынк і карысныя для мужчын і жанчын, Адным словам, спажывайце, людзі, гарбузы — і будзеце здаровыя! Прынамсі, станеце здаравейшыя.

"Нагляднымі дапаможнікамі" для засваення тэксту сталі рознакаляровыя і рознасартавыя гарбузы, якімі арганізатары аздобілі галоўную пляцоўку свята. Кругліліся тут спелымі бакамі і паласатыя "беларускія", і "аранжавыя", і "шэрыя" (ці то волжскімі іх называюць, ці то астраханскімі), і куставыя зялёныя. А лідзіравалі плады з асабістага агароду старшыні Казлоўшчынскага сельвыканкама Вадзіма Бяляткі.

Мясцовыя артысты з ліку работнікаў культуры і школьнікаў аздобілі сябе ў тэму — гарбузова-восеньскую. Для публікі спявалі Марына Герасімовіч, Марына Міхалоўская, Наталля Каўцэвіч, Людміла і Аляксандр Баклушыны, Марына Варган, Ірына Бакшук, Таццяна Дудкіна, Аліна Цярэшка, Аляксандр Раеўскі. Танцавальны гурт школьнікаў пад кіраўніцтвам Людмілы Гільвін прадставіў тэматычную харэаграфічную кампазіцыю.

Традыцыйна святы з серыі раённага праекта "Дбайных гаспадароў славім — весела час бавім", які летась дэбютаваў у Дзятлаўскім раёне, а сёлета яго тэматыка "прыжылася" на святах у аграгарадках іншых раёнаў Гродзеншчыны, не абыходзяцца без сельскай вясёлай эстафеты.

За серыю туpaў вызначыўся і фаварыт гэтых стартаў — спрытная і знаходлівая каманда КСУП "Войневічы". Калі на эстафету прыязджаюць "Войневічы", шанцы сапернікаў мізарнеюць. У Казлоўшчыне "пальчатку" выкліку войневіцкаму фаварыту кінула каманда мясцовага участка жылкамунгаса. Камунальнікі з першага конкурсу — паядынку капітанаў — захапілі лідарства. Наступныя конкурсы праходзілі з пераменным поспехам, аднак хлопцы-камунальнікі сваё агульнае лідарства гаспадарліва ашчаджалі і фінішавалі першыя. Але! Прынцыповае журы эстафеты на чале з Вадзімам Бяляткам налічыла камандам КСУП "Войневічы" і "Слава працы" бонусы за ўдзел у эстафеце дзяўчат і... пазбавіла чыста мужчынскую каманду камунгаса перамогі.

Без пяці хвілін чэмпіёны — аддадзім ім належнае — прынялі ўдар лёсу мужна і праявілі сябе ў канфліктнай сітуацыі джэнтльменамі: супраць судзейскага рашэння не пратэставалі. Казлоўшчына павінна ведаць імёны сваіх герояў: Дзмітрый Татарчык (капітан), Аляксандр Кузьміч, Сяргей Гушча, Фёдар Грышук, Мікалай Шалесны.

Такім чынам, пераможцам вясёлай эстафеты чарговы раз была абвешчана зладжаная каманда КСУП "Boйневічы": Дзмітрый Бяляўскі (капітан), Соф'я Чарвякова, Дзяніс Скрундзь, Вераніка Белуш, Аляксандр Курман пры ўдзеле талісмана каманды Вольгі Лахач, якая, па-сумяшчальніцтве, яшчэ і намеснік дырэктара КСУП "Войневічы". Надвор'е на свяце выдалася не сказаць, каб святочнае — ветранае і халаднаватае. I вельмі дарэчы аказалася прыгатаваная тут жа юшка з пажыўнай кашай. Частаваліся ўсе, хто жадалі, з аплатай валютаю пад назваю "дзякую". Доўжыўся канцэрт. Дзеці забаўляліся на батуце, ласаваліся салодкай ватай ды іншымі прысмакамі.

Затым арганіізатары запрасілі на вячэрнюю дыскатэку.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/