Галоўнае багацце - людзі



ААТ "Граніт-Агра" - флагман паспяховай сельскагаспадарчай вытворчасці раёна, эталон эканамічнай стабільнасці і эфектыўнага развіцця. Тут упэўненымі крокамі развіваецца жывёлагадоўля, актыўна ўкараняюцца перадавыя тэхналогіі ў раслінаводстве. Але, як адзначае кіраўніцтва прадпрыемства, галоўнае багацце - гэта людзі. У гаспадарцы працуюць старанныя работнікі, сапраўдныя спецыялісты, якімі ганарацца і калектыў, і раён. Як у гаспадарцы клапоцяцца пра людзей - пра гэта расказала старшыня прафсаюзнай арганізацыі ААТ "Граніт-Агра" Алена Зенчык.

- Алена Сяргееўна, якія меры приняты для паляпшэння ўмоваў працы работнікаў?
- На працягу апошніх пяці гадоў значна палепшаны ўмовы працы на малочнатаварных комплексах "Касцюкі" і "Таркачы", малочнатаварных фермах "Круцілавічы", "Данілавічы", "Еленка", зерноскладах у аграгарадках Таркачы і Круцілавічы. Бытавыя памяшканні аснашчаны мікрахвалевымі печамі, электрычнымі чайнікамі, пітной вадой, халадзільнікамі. Рамонтныя майстэрні, свінагадоўчы і малочнатаварныя комплексы ўкамплектаваны пральнымі машынамі.

Праведзены рамонты на многіх іншых аб'ектах гаспадарання. Значна ўмацавалася ў апошнія гады і матэрыяльна-тэхнічная база гаспадаркі, павысілася яе тэхнічная забяспечанасць. На працягу апошніх пяці гадоў закуплена трыццаць дзве адзінкі новай сучаснай тэхнікі. На балансе гаспадаркі - шмат сучаснай высокапрадукцыйнай збожжа- і кормаўборачнай тэхнікі, энерганасычаных трактароў, глебаапрацоўчых і пасяўных агрэгатаў.

- Якія матэрыяльныя выгоды атрымліваюць работнікі вашай гаспадаркі?
- Сярэднямесячная заработная плата ў гаспадарцы за студзень-верасень бягучага года склала 802,7 рубля. Своечасовасць яе выплаты знаходзіцца пад пастаянным кантролем прафкама.

3 работнікамі, якія добрасумленна працуюць на прадпрыемстве і на працягу года не маюць парушэнняў, кантракты заключаюцца тэрмінам на тры гады. У якасці дадатковых мераў стымулявання працы ўстаноўлены заахвочвальны водпуск у памеры пяці дзён і павышэнне тарыфнай стаўкі да 50 %.

3 мэтай заахвочвання работнікаў за высокія дасягненні ў працы, якасць выкананых работ і культуру вытворчасці штомесяц кожнаму работніку, які не дапусціў парушэнняў працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны, аказваецца матэрыяльная дапамога ў выглядзе набору прадуктаў харчавання на суму да сарака рублёў.

У арганізацыі распрацавана Палажэнне аб прэміраванні работнікаў, якое прадугледжвае працоўнае саперніцтва на перыяды асноўных сельскагаспадарчых работ, прадугледжана пакварталь-нае падвядзенне вынікаў у галіне
жывёлагадоўлі.

Кожнаму работніку па яго заяве прадастаўляецца дапамога ў выглядзе добраахвотнага страхавання медыцынскіх расходаў з выдачай страхавога поліса тэрмінам на адзін год пры выкананні працоўнай і тэхналагічнай дысцыпліны.

У перыяд напружаных сельскагаспадарчых работ арганізавана бясплатнае гарачае харчаванне механізатараў і іншых работнікаў, занятых на гэтых работах, а таксама работнікаў свінагадоўчага комплексу - на працягу года.

Дзецям нашых работнікаў выдзяляюцца пуцёўкі ў дзіцячы аздараўленчы лагер "Баравічок" з аплатай бацькамі 20 % іх кошту, 80 % аплаты пуцёўкі бярэ на сябе прафсаюзны камітэт. Аказваецца дапамога бацькам у рамках прафсаюзных акцый "Збяром дзяцей у школу", "Нашы дзеці".

Адзін з найважнейшых напрамкаў нашай работы - клопат аб ветэранах. Пенсіянерам, якія працавалі ў гаспадарцы, аказваецца дапамога ў апрацоўцы прысядзібных участкаў, пасадцы і ўборцы бульбы, транспартныя і іншыя паслугі.

- Як на прадпрыемстве пачуваюць сябе маладыя спецыялісты?
- Няшмат сельгаспрадпрыемстваў могуць пахваліцца дастатковай колькасцю маладых спецыялістаў.
Моладзь складае значную долю работнікаў нашай гаспадаркі. Актыўнае запрашэнне на працу маладых спецыялістаў - прынцыповая пазіцыя кіраўніцтва. Адсюль - дынаміка развіцця сельгаспрадпрыемства і ўпэўненасць у заўтрашнім дні.

- Што робіцца для паляпшэння жыллёвых умоў работнікаў прадпрыемства?
- Для паляпшэння жыллёвых умоў работнікаў гаспадаркі ў 2017 годзе ўведзены ў строй двухпавярховы жылы дом. У ім размешчана чатыры добраўпарадкаваныя кватэры з усімі выгодамі, у якіх жывуць сем'і нашых маладых спецыялістаў. Таксама для маладых спецыялістаў на першапачатковым этапе іх працы ў гаспадарцы ёсць інтэрнат сямейнага тыпу на дзесяць жылых кватэр.

Усім работнікам ААТ "Граніт-Агра", якія атрымалі зноў уведзенае ў эксплуатацию жыллё, па рашэнні жыллёва-бытавой камісіі выдаецца матэрыяльная дапамога ў памеры ад дзесяці да пятнаццаці базавых велічынь на добраўпарадкаванне жылога памяшкання.

- Наколькі зацікаўлены прафсаюзны камітэт у арганізацыі мерапрыемстваў для работнікаў у пазапрацоўны час?
- "Разам працуем - разам адпачываем" - гэта дэвіз працоўнага калектыву. На прадпрыемстве - актыўнае спартыўнае і творчае жыццё. Скажу коратка: без удзелу членаў прафсаюза ААТ "Граніт-Агра" не абыходзіцца ніводнае раённае спартыўна-масавае і культурнае мерапрыемства.

- Што пажадаеце работнікам прадпрыемства з нагоды свята?
- Хачу пажадаць працаўнікам нашай вытворчасці моцнага здароўя і цярпення, дабрабыту ў сем'ях і поспехаў у працы, упэўненых пачынанняў і стабільных вынікаў, аптымізму і актыўнага жыцця.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/