"Футбол у вёсцы"



У рамках праекта "Футбол у вёсцы" на працягу двух тыдняў матчы згулялі спартсмены Таркачоўскай, Круцілавіцкай, Наваельнянскай і Жукоўшчынскай школ.

Усіх жадаючых даведацца пра гісторыю развіцця сусветнага і беларускага футбола сабрала мультымедыйная прэзентацыя, у час правядзення якой прыхільнікі гульні пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення сусветнага футбола, яго разнавіднасцямі, лепшымі ігракамі і футбольнымі клубамі, самымі арыгінальна ўсталяванымі гульнёвымі пляцоўкамі ў розных гарадах свету.

Разам з аўтарам і кіраўніком праекта старшым трэнерам-выкладчыкам Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзімірам Ганчаром яны ўзгадалі правілы гульні ў футбол, знакамітых ігракоў Беларусі, пазнаёміліся з ТОП-10 лепшых футбалістаў свету.

Працягам сустрэчы стаў майстар-клас па выпрацоўцы гульнёвых рухаў. Элементы школьнікам прадэманстравалі выхаванцы спартыўнай дзіцяча-юнацкай школы, якіх ужо, па сутнасці, можна назваць маленькімі трэнерамі. У ходзе размінкі свае фізічныя здольнасці дзеці праявілі спаўна: жвава бегалі сярод спартыўных прыладаў, весела пераймалі эстафету адзін у аднаго, падтрымлівалі ў час падзенняў.

Футбольны матч стаў доўгачаканым працягам сустрэчы ў кожнай школе.

На базе Таркачоўскай школы праводзілася гульня "Інь" супраць "Янь". Дзяўчаты р'яна кінуліся ў бой, хлопцы не уступалі, не дазвалялі ім перамагчы. Уладзімір Ганчар падтрымліваў мясцовых футбалістаў, гуляючы то на баку хлопчыкаў, то рваўся ў бой за дзяўчат. 3 вынікам 1:1 атрымалася "сяброўская нічыя".

Футбольны матч згулялі хлопчыкі супраць дзяўчынак і ў Круцілавіцкай школе. Тут пачынаючым футбалістам было зусім няпроста. Матч быў захапляльны. 1:0 на карысць хлопчыкаў.

На спартыўнай пляцоўцы Наваельнянскай школы правялі адразу два матчы: футбалісты дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы супраць мясцовых ігракоў, другі матч згулялі дзве каманды дзяўчат. На пляцоўцы ўсталявалася сапраўднае спаборніцтва. Адзначыў запал у камандзе дзяўчат старшы трэнер спартыўнай школы Уладзімір Ганчар:
- Дзяўчаты тут вельмі бойкія, не ўступаюць у гульні хлопчыкам. Адзначаецца ў маладых спартсменак добрае веданне правілаў футбола, якасна адпрацаваныя гульнёвыя рухі. Адчуваецца, што футбол у вучняў гэтай школы выклікае інтарэс і займае важнае месца ў час правядзення спартыўных заняткаў.

Спартыўная пляцоўка Жукоўшчынскай школы стала наступным месцам сяброўскай сустрэчы. Тут юныя спартсмены прынялі актыўны ўдзел ва ўсіх этапах праекта і паказалі гасцям свае лепшыя здольнасці. Яны "на выдатна" выканалі пастаўленыя перад імі задачы, умела прадэманстравалі адпрацаваныя навыкі гульні ў футбол.

Пры падвядзенні вынікаў футбольных матчаў напрыканцы сустрэчы былі адзначаны лепшыя ігракі ў гэтых установах адукацыі, якія будуць абараняць гонар сваіх школ у фінальнай гульні.

Традыцыйныя віншаванні і падарункі выклікалі шквал эмоцый сярод школьнікаў. Беларуская федэрацыя футбола прадаставіла школьнікам каляровыя часопісы "Вялікі футбол", эмблемы, ручкі, блакноты і разам са старшым трэнерам дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Уладзімірам Ганчаром запрашае ўсіх актыўных футбалістаў раёна, іх бацькоў, сяброў і аматараў футбола 18 мая на стадыён "Колас" у Дзятлаве на фінальныя спаборніцвы.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/