Фрыда Давыдаўна Гурэвіч



Напэўна, мала хто з дзятлаўчан адкажа, хто такая Фрыда Давыдаўна Гурэвіч. А яна — савецкі археолаг, доктар гістарычных навук, у 60-ыя гады вывучала Панямонне, культуру нашых гарадоў, бывала ў Дзятлаве, сябравала з Міхаілам Фёдаравічам Петрыкевічам, вяла з ім навуковую перапіску, дапамагала арганізаваць першую экспазіцыю Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея. Матэрыялы пра стасункі Фрыды Давыдаўны і Міхаіла Фёдаравіча знаходзяцца ў фондах нашага музея, іх перадаў нам Валерый Міхайлавіч Петрыкевіч.

Нарадзілася Фрыда Давыдаўна ў 1912 годзе. Скончыла педагагічны інстытут імя Герцэна ў Ленінградзе, стала настаўніцай гісторыі, потым вучылася ў аспірантуры, абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме "Саксонскае паўстанне 1073-1075 гадоў". У гады Вялікай Айчыннай вайны была ў эвакуацыі ў Ташкенце, гадавала дваіх дзяцей. Пасля вайны прыехала ў Маскву, потым вярнулася ў Ленінград, у родны інстытут. Тут і звязала канчаткова свае жыццё з археалопяй Панямоння.

Помнікамі Заходняй Беларусі Фрыда Гурэвіч зацікавілася ў 1956 годзе, менавіта тады гэтыя землі адкрыліся для археалагічных работ. Выйшла з друку яе манаграфія "Старажытнасці Беларускага Панямоння"(1962). Праз 20 гадоў — "Старажытныя гарады Беларускага Панямоння" (1982).

"Любімым дзіцём" Фрыды Давыдаўны стаў Навагрудак, вывучэнню якога яна прысвяціла амаль 30 гадоў. Раскопкі ў Навагрудку Ф. Гурэвіч праводзіла з 1956 па 1985 год. Вынікі даследаванняў былі падведзены ў манаграфіі "Старажытны Навагрудак: Пасад — акольны горад" (1981).

У пачатку 60-х гадоў Фрыда пазнаёмілася з Міхаілам Петрыкевічам, вяла з ім перапіску, прысылала брашуры са сваімі даследаваннямі. У фондах нашага музея знаходзяцца лісты, з якіх можна зразумець, што Міхаіл Фёдаравіч звяртаўся да вучонай з просьбай дапамагчы ў фарміраванні экспазіцыі "Каменны, бронзавы і жалезны век на Дзятлаўшчыне".

Фрыда Гурэвіч пісала: "Глыбокапаважаны Міхаіл Фёдаравіч. Пасылаю Вам тры свае артыкулы, якія, магчыма, спатрэбяцца пры распрацоўцы плана экспазіцыі. Пры распрацоўцы раздзела ці выставы Вам давядзецца даваць матэрыялы, пачынаючы з каменнага веку і да 17-18 стагоддзя. Магчыма, Вам дапаможа М. I. Собаль з Гродна.

Нашы археалагічныя матэрыялы я пакуль што не магу адабраць. Спадзяюся, што змагу падабраць для музея графічныя і фатаграфічныя матэрыялы. Артыкулам для газеты я пачала займацца. Вядома, я разумею, што пісаць трэба для шырокай публікі. I спадзяюся, што змагу напісаць ужо ў лістападзе гэтага года. Пра муляжы я пастараюся даведацца. Пакуль што не ўяўляю сабе, дзе іх вырабляюць. Будзьце здаровы. Жадаю поспехаў ва ўсім. 3 павагай, Гурэвіч".

Ліст Фрыды Гурэвіч пацвярджае, што падрыхтоўка да адкрыцця музея вялася сур'ёзная, экспазіцыі фарміраваліся на навуковай аснове, апіраліся на найноўшыя даследаванні вучоных-археолагаў.

А. АБРАМЧЫК, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/