Фізкультура на рабоце



У аграгарадку Круцілавічы ў адміністрацыйным будынку ААТ "Граніт-Агра" адбылася важная падзея - адкрыццё трэнажорнай залы. Цяпер у работнікаў таварыства з'явілася магчымасць займацца спортам у вольны ад працы час, аднак прама на працоўным месцы. Гэта і зручна, і трохі эканоміць час, ды ящчэ бясплатна для ўсіх наведвальнікаў.

У невялікім, але ўтульным памяшканні ёсць самае неабходнае для спартсменаў-аматараў: бегавая дарожка, велатрэнажор, цяга. Паколькі ў калектыве таварыства пераважная колькасць - жанчыны, то зала арыентаваная больш на слабы пол, і спартыўны інвентар не разлічаны на прафесіянальныя сілавыя нагрузкі. Падняць гантэлі з невялікай вагой, пакруціць хулахуп зможа кожная жанчына, якая хоча трымаць сябе ў форме.

Намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч адзначыў, што важна надаваць вялікую ўвагу спорту і фізічнай культуры. Таксама ён падкрэсліў, што сацыяльная сфера ў Круцілавічах развіваецца пастаянна. Ігар Станіслававіч нагадаў, што ў мінулым годзе ў аграгарадку адкрыўся фельчарска-акушэрскі пункт, хутка пройдзе асвячэнне мясцовага храма.

Намеснік старшыні райвыканкама падзякаваў дырэктару ААТ "Граніт-Агра" Станіславу Мазуру за ўвагу да здаровага ладу жыцця і ад грамадскай арганізацыі "Белая Русь" уручыў падарунак.

Старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых дапоўніла, што ў аграгарадку Круцілавічы 60% мясцовых жыхароў - людзі працаздольнага ўзросту, таму трэнажорная зала будзе карыстацца попытам і прынясе карысць для насельніцтва.

Станіслаў Мазур удакладніў, што ў аграгарадку адкрыўся аб'ект сацыяльнага прызначэння, таму яго могуць наведваць усе жыхары Круцілавічаў, а ў будучым нават магчыма, што зала будзе пашырацца.

Па ўрачыстай традыцыі, адкрыццё новага памяшкання прайшло з разразаннем чырвонай стужкі. Пасля гэтага работнікі ААТ "Граніт-Агра" і госці мерапрыемства апрабавалі новыя трэнажоры.

Юлія БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/