Ёлкі заззялі ў пасёлках і аграгарадках



"Зноў да ёлачкі спяшаемся!"

Пад такой назвай падрыхтавалі забаўляльную праграму работаю Казлоўшчынскага дома культуры.
У госці да жыхароў пасёлка завіталі Дзед Мароз і Снягурка (Валерый Міхалоўскі і Марыя Семчанка), Зімачка-Зіма (Марына Міхалоўская), госці з Прастаквашына - Шарык і кот Матроскін (Марына Герасімовіч і Таццяна Францішчык). А нагода для свята важкая - запаліць агеньчыкі на ёлцы і даць старт навагоднім і калядным урачыстасцям.

Ёлка ў Казлоўшчыне не звычайная - штучная ці прывазная, тут яна жывая. Расце каля Дома культуры, а пад Новы год яе ўпрыгожылі гірляндамі, шарамі. Была простая ёлка - стала навагодняя. Работнікі адпаведных службаў парупіліся пра пляцоўку каля жывога навагодняга дрэва: цяпер там зручна павадзіць карагод ці зладзіць гульню.

На пляцоўцы каля Дома культуры хлопчыкаў і дзяўчынак, якія не забаяліся непагадзі, а прыйшлі на свята, забаўлялі роставыя лялькі - Воўк і Лісіца. У гэтых вобразах былі браты-блізняты Артур і Арцём Мазалі, васьмікласнікі Казлоўшчынскай школы.

Пад вясёлыя песні, якія выконвалі Марына Міхалоўская, Віка Татарчык, Віка Куніцкая, танцавалі дзеці і дарослыя. А потым Зіма загадала запаліць агні на ёлцы і станавіцца ў карагод.

Зазіхацела лясная прыгажуня, якая выпадкова аказалася ў пасёлку, прыжылася, а цяпер знайшла сваю пастаянную "прапіску" на навагодніх святах. I такой фарсістай яна будзе яшчэ доўга.

Раз два, тры - ёлачка, гары!

У Наваельні на ўрачыстасць сабралася нямала дзяцей. Але свята для іх ледзьве не сарвалі. Хто? Ды Кікімара і Баба Яга, якія не могуць, каб не нашкодзіць. Вось і гэты раз яны стараліся то танец сапсаваць, то песню, то высмейвалі кожнага, хто захацеў даведацца, што яго чакае ў новым годзе. Ролі гэтых шкодніц выдатна выконвалі Наталля Нагорная і Святлана Гранкоўская. Гарэзы так разышліся, што нават Дзеда Мароза паклікаць перашкаджалі. А без яго якое ж свята?

Толькі нічога ў шкодніц не атрымалася. Дзед Мароз са Снягуркай з дапамогай дружных дзіцячых воклічаў "раз, два, тры -ёлачка, гары!" запалілі агеньчыкі на навагодняй прыгажуні.

Святочны настрой у прысутных падтрымлівалі песнямі Ганна Калмыкова, Таццяна Загорцава, Галіна Сушко. Дзятва вадзіла карагод, удзельнічала ў забавах.

Па водгуках удзельнікаў, свята ўдалося. Яно пачало чараду ўрачыстасцяў, якія будуць ладзіцца для жыхароў Наваельні ў снежні і студзені. Заззялі агеньчыкамі ёлкі і ў іншых аграгарадках Дзятлаўшчыны.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/