Электронныя карткі - на кожнага пацыента



Прайшло пасяджэнне раённага медыка-санітарнага савета, на якім абмяркоўваліся вынікі дзейнасці Установы аховы здароўя "Дзятлаўская цэнтральная раённая бальніца" за 2018 год, меры па паляпшэнні медыцынскага забеспячэння насельніцтва раёна і заданы на 2019 год. У абмеркаванні прынялі ўдзел намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч, галоўны доктар Дзятлаўскага райЦГЭ Алена Шайбак, загадчыкі структурных падраздзяленняў, ФАПаў, спецыялісты.

Са справаздачай па асноўных пытаннях выступіла галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Марыя Максімовіч. Яна зазначыла, што на Дзятлаўшчыне функцыянуюць 28 лячэбна-прафілактычных установаў, якія забяспечваюць медыцынскім абслугоўваннем 24351 чалавека. У 2018 годзе адзначалася змяншэнне агульнай колькасці насельніцтва ўсіх узроставых групаў. Памерлі 550 чалавек, з іх у працаздольным узросце - 93, сярэдні ўзрост памерлых у раёне склаў 73,3 гады. Па-ранейшаму асноўнай прычынай смяротнасці з'яўляюцца хваробы сістэмы кровазвароту, на другім месцы - новаўтварэнні, на трэцім - знешнія прычыны.

Медыцынскую дапамогу жыхарам раёна аказваюць 81 доктар і 288 сярэдніх медыцынскіх работнікаў. Летась на першае працоўнае месца ў ЦРБ прыбылі 8 дактароў і 12 сярэдніх медработнікаў.

У 2018 годзе палепшылася матэрыяльна-тэхнічная база ўстановаў аховы здароўя, набыты 16 адзінак медыцынскага абсталявання. Праводзіліся рамонты аддзяленняў і кабінетаў адміністрацыі Дзятлаўскай ЦРБ, Казлоўшчынскай, Наваельнянскай бальніц, Гезгалаўскай бальніцы сястрынскага догляду, амбулаторый, рамонт фасада Раклевіцкага ФАПа, рамонт Мяляхавіцкага ФАПа.

Прадоўжана работа па ажыццяўленні інфарматызацыі галіны. Былі закуплены 3 камплектныя ПЭВМ за сродкі раённага бюджэту і бязвыплатна атрыманы 10 камп'ютараў па дзяржпраграме развіцця лічбавай эканомікі. Падключана працоўнае месца "тэлемедыцынскага кансультавання", электронная чарга "Адно акно", выканана падключэнне да праграмы "Пацыент" псіхіятрыі і наркалогіі. Арганізацыя вядзе электронныя амбулаторныя карты, выдае пластыкавыя карты электронных рэцэптаў, выпісвае электронныя рэцэпты. Падобная практыка будзе актыўна прадоўжана, сярод задач - завесці электронныя амбулаторныя карты на кожнага пацыента і адысці ад папяровых носьбітаў, што дапаможа палепшыць якасць медабслугоўвання насельніцтва.

Сярод задач на 2019 год Марыя Максімовіч назвала зніжэнне агульнай смяротнасці і смяротнасці ў працаздольным узросце, забеспячэнне якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі, укараненне інфармацыйных тэхналогій, удасканаленне лячэбна-дыягнастычнага працэсу, павышэнне якасці і эфектыўнасці дзейнасці пярвічнага звяна аховы здароўя, фарміраванне ў насельніцтва здаровага ладу жыцця.

Аб стацыянарнай дапамозе, аказанай жыхарам раёна ў 2018 годзе, расказала намеснік галоўнага доктара па медыцынскай часці Інэса Гусева. Загадчыца паліклінікі Алена Куцко патлумачыла, я к летась ажыццяўлялася дыспансэрызацыя - комплекс мерапрыемстваў, скіраваных на дынамічнае медыцынскае назіранне за насельніцтвам раёна. Доктар-анколаг Кацярына Анастасава ўзняла праблему ранняй дыягностыкі новаўтварэнняў і пералічыла прычыны, з-за якіх найчасцей дапускаецца анказапушчанасць. Найбольш частыя з іх - адмова хворага ад абследавання, рэдкія хуткапрагрэсуючыя формы новаўтварэнняў, няпоўнае абследаванне пацыентаў, калі чалавек не звяртаецца па медыцынскую дапамогу больш за год, парушэнне тэрмінаў дыспансэрнага кантролю.

Вынікі сустрэчы падвёў Ігар Кухарэвіч. Ён падкрэсліў, што складальнікі сумеснай работы кожнага з медыкаў уплываюць на агульную сітуацыю ў раёне, а таму фармалізм у іх справе недапушчальны. Намеснік старшыні райвыканкама заклікаў людзей у белых халатах пазбягаць няўважлівых адносінаў да пацыентаў, удасканальваць якасць медыцынскага абслугоўвання, больш увагі звяртаць на магчымасці, якія пры дыягностыцы даюць новае абсталяванне і ўкараненне лічбавых тэхналогій.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўзнагароджанне. Ганаровай граматай абласной арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя адзначана галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Марыя Максімовіч. Уручаны ўзнагароды па выніках агляду-конкурсу сярод структурных падраздзяленняў Дзятлаўскай ЦРБ на лепшую пастаноўку аховы працы.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/