Дзятлава — Ліда — 3:0



У трэцім туры жаночага чэмпіянату Гродзенскай вобласці па валейболе першы матч на сваёй пляцоўцы правяла жаночая каманда "Дзятлава". Да гэтага ў двух гасцявых матчах была пачаргова абыграны каманды Астраўца і Ашмянаў - абедзве па 3:0.

Лідская каманда таксама абыграла каманды Ашмянаў і Астраўца, і таксама па 3:0. Такім чынам дзятлаўскі матч павінен быў даць адказ, хто ў групе "А" стане аднаасобным лідарам. Чакалася напружаная барацьба.

Чаканне спраўдзілася, але толькі для першага сэта. "Дзятлава" ўсё-такі даціснула саперніц -25:22. А затым... гульня лідскай каманды рассыпалася на драбкі. Кажуць, у складзе саперніц не было асноўнай распасоўшчыцы. Вядома, няма добрага паса, няма і атакуючага дагульвання. Але бракавала лідчанкам не толькі пасу. Не слухаўся іх мяч, пачынаючы з прыёму падачы. Відаць, хутка паверылі ў сваё паражэнне і апусцілі рукі. Як ні "піхала" сваім таваркам трэнер-ігрок Надзея Воранава, завесці каманду не змагла.

Без напружання дзятлаўская каманда пераможна завяршыла два наступныя сэты амаль з аднолькавым лікам 25:13, 25:14. На сетцы ў абароне паспяхова дзейнічала цэнтравая "Дзятлава" Яўгенія Волік: Найбольш вынікова атакавала Вольга Трыпуць. Удала падавала Алена Бойка. Лібера Марта Міцюк справілася са сваімі абарончымі абавязкамі. Не псавала гульню Аліна Сляпцова. Напрыканцы матча з разлікам на наступны пераход у зону першага нумара трэнер Васіль Русін выпусціў на пляцоўку дэбютантку Кацярыну Барысенка. Але дайсці да зоны падачы ёй так і не ўдалося, лідчанкі без прамаруджання здалі канцоўку сэта і матча.

Цяпер каманда "Дзятлава" — аднаасобны лідар групы "А" з максімумам ачкоў пасля трох перамог у трох матчах. Першы круг чэмпіянату завяршыўся.

Другі круг пачнецца праз месяц, у сярэдзіне сакавіка. "Дзятлава" дома прыме саперніц з Астраўца (17 сакавіка) і Ашмянаў (24 сакавіка) і выедзе на апошні матч групы "А" ў Ліду (31 сакавіка). Каб перамагчы ў групе "А" камандзе "Дзятлава" дастаткова выйграць у асноўных канкурэнтак - лідчанак - адзін сэт. Вядома, пры ўмове, што да лідскага матча будуць абыграны дома Астравец і Ашмяны, што прагназуецца.

У наступны этап чэмпіянату з групы выйдуць дзве каманды. Першая каманда групы "А" сустрэнецца ў стыкавым матчы з другою камандаю групы "Б". Таму стратэгічна важна заняць у групе першае месца і пазбегнуць паўфінальнай сустрэчы з ОСДЮШОР імя Сапегі. "Сапяжанкі" з групы "Б" уяўляюцца самымі грознымі саперніцамі. Калі ж нехта іх аяярэдзіць у групе "Б" (там сапернічаюць яшчэ Свіслач, Слонім, Ваўкавыск, Ліда), то падарункам, відавочна, для нас таксама не стане. Стыкавыя паўфінальныя матчы адбудуцца 5 і 12 мая. Першы стыкавы матч - у гасцях.

Барыс ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/