Дзятлаўскі сыр у ААТ "Молочный Мир"



Адбылася рэарганізацыя ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод" у Дзятлаўскі філіял ААТ "Молочный Мир". Карэспандэнт газеты "Перамога" сустрэлася з дырэктарам прадпрыемства Алегам Мікалаевічам Спышновым і даведалася ў яго, якія змены адбываюцца на заводзе, што чакае калектыў, як будзе развівацца вытворчасць у бліжэйшыя гады.

- Алег Мікалаевіч, жыхарам Дзятлаўшчыны цікава з вамі пазнаёміцца. Раскажыце пра сябе.
- Нарадзіўся я ў горадзе Магілёве. Скончыў мясцовую беларускую гімназію № 9, паступіў у Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання па спецыяльнасці інжынер-тэхнолаг пералрацоўкі жывёльнай сыравіны, спецыялізацыя "Малако і малочныя прадукты". Пасля ўніверсітэта па размеркаванні быў накіраваны ў горад Ваўкавыск Гродзенскай вобласці працаваць на прадпрыемстве па вырабе дзіцячага харчавання - ААТ "Беллакт". Літаральна адразу ж атрымаў павестку. Служыў у Магілёве ва ўнутраных войсках.

Пасля выканання воінскага абавязку вярнуўся на "Беллакт" і адпрацаваў каля дзесяці гадоў. За час работы ў Ваўкавыску стварыў сям'ю, пабудаваў жыллё. Аднак прыйшоў час перамен. Па запрашэнні кіраўніцтва Беларускага дзяржаўнага канцэрна харчовай прамысловасці "Белдзяржхарчпрам" перайшоў працаваць галоўным інжынерам на Гомельскі тлушчавы камбінат. А праз два гады мяне паклікалі ў Расійскую Федэрацыю на буйны завод па вытворчасці сыроў - таварыства на веры "Сыр Стародубский". Там адпрацаваў таксама каля двух гадоў, затым з-за сямейных абставінаў было прынята рашэнне вярнуцца ў Беларусь. На гэты раз уладкаваўся ў ААТ "Молочный Мир". Праз чатыры гады працы (напрыканцы 2019 года) мне прапанавалі ўзначаліць ААТ "Дзятлаўскі сыраробны завод", куды і быў пераведзены. Шляхам рэарганізацыі з 31 снежня 2019 года Дзятлаўскі сырзавод быў далучаны да адкрытага акцыянернага таварыства "Молочный Мир", а я стаў дырэктарам Дзятлаўскага філіяла ААТ "Молочный Мир".

- Што змянілася для завода, калі ён стаў філіялам?
- Практычна нічога, толькі цяпер юрыдычнай асобай з'яўляецца ААТ "Молочный Мир". У нас застаўся ўласны разліковы рахунак, ранейшая колькасць работнікаў і структуры продажаў на рынку. Цяпер нарошчваем аб'ёмы вырворчасці і стараемся павялічыць аб'ёмы продажу прадукцыі на экспарт, бо прадпрыемства экспартаарыентаванае. Прадаўжаем развівацца: распрацаваны план мадэрнізацыі на 2020-ы і наступныя пяць гадоў.

- Ці застанецца брэндам дзятлаўскіх сыраробаў гандлёвы знак "Сырная страна"?
- Гэта пытанне вырашаецца. Вядзецца абмеркаванне, ці зрабіць сімбіёз таварных знакаў "Молочный Мир" і "Сырная страна". Ва ўсялякім разе назва "Сырная страна" застанецца ў назве магазіна.

- А што чакае два фірменныя магазіны завода - "Виктория" і "Сырная страна", якія працуюць у райцэнтры?
- Фірменны гандаль застанецца, магазіны будуць працаваць у ранейшым рэжыме, на ранейшых умовах: захаваецца былая цэнавая палітыка, некаторыя тавары традыцыйна можна будзе набываць на акцыях. Для жыхароў Дзятлаўшчыны ў гэтых гандлёвых кропках з'явіцца і іншая прадукцыя "Молочного Мира", яго філіялаў і цэхаў. Будзем таксама заключаць новыя дагаворы на пастаўку рознай прадукцыі, якая карыстаецца попытам у жыхароў і гасцей райцэнтра.

- Ці плануеце выпускаць новыя віды сыру?
- Мы вельмі залежым ад густу спажыўцоў, бо нашы гандлёвыя партнёры арыентуюцца на попыт на рынку. Нават на працягу года густ пакупнікоў мяняецца даволі значна, а сыры, актуальныя два-тры гады таму, сёння могуць стаць непапулярнымі. Мы гатовы мяняць свой асартымент пад патрэбы спажыўцоў: вяртацца да ранейшых відаў сыроў або выпускаць новыя. Пашырэнне асартыменту - абавязковая задача для прадпрыемства, таму новыя віды сыру з'явяцца безумоуна. Ранейшы асартымент прадукцыі, магчыма, скарэктуем на найбольш запатрабаваных пазіцыях у неабходным аб'ёме і асартыменце.

- Якой будзе ваша стратэгія на рынку?
- У нас два шляхі рэалізацыі прадукцыі: экспарт і пастаянныя спажыўцы. Мы не збіраемся губляць ранейшых спажыўцоў і для пашырэння рынкаў збыту прыцягнем пакупнікоў галаўнога прадпрыемства ААТ "Молочный Мир". Для гэтага неабходна павялічваць аб'ёмы вытворчасці.

У структуры рэалізацыі ўдзельная вага продажаў нашага філіяла на ўнутраным рынку нязначная: не больш за 5 %. А прадукцыя "Молочного Мира" вельмі шырока прадстаўлена на гандлёвых паліцах рэспублікі.
Свае пазіцыі, якія неабходна ўмацоўваць у Беларусі, мы будзем умацоўваць разам з "Молочным Миром", яго гандлёвымі партнёрами а гэта буйныя гандлёвыя сеткі, у тым ліку надзейны партнёр "Молочный Мир - Столица" (буйная гандлёвая арганізацыя ў Мінску).

- Алег Мікалаевіч, якія заданы вы, як кіраўнік, лічыце для сябе першачарговымі?
- Першая - гэта сыравіна. Гаспадарак у Дзятлаўскім раёне няшмат, і малака не хапае для выпрацоўкі пажаданага аб'ёму прадукцыі, таму дадаткова сыравіну закупляем на Слонімшчыне.
Другая задача - загрузіць вытворчасць на 100-110 %. Заяўкі на нашу прадукцыю ёсць, яна запатрабавана і ў Расійскай Федэрацыі, і ў Рэспубліцы Беларусь, але заводу не хапае магутнасці, таму трэба мадэрнізаваць вытворчасць, чым цяпер і займаемся.
Трэцяя задача - пасля загрузкі вытворчасці атрымаць дастойны прыбытак і плаціць калектыву дастойную зарплату.

- Якія важныя змены чакаюць завод у хуткім часе?
У 2020 годзе збіраемся мадэрнізаваць вытворчасць пад запланаваную загрузку. У бліжэйшыя пяць гадоў - ажыццявіць забеспячэнне завода ледзяной вадой. Патрабуе мадэрнізацыі кацельня прад-прыемства. Даўно стаіць пытанне па будаўніцтве лакальных ачышчальных збудаванняў для забеспячэння патрабаванняў аховы навакольнага асяроддзя. Гэтыя задачы лічым першачарговымі. Яны даволі ёмкія па аб'ёмах работ і капіталаўкладанні, таму размеркаваны на пяцігодку.
Таксама ў планах ажыццявіць рамонт прыточна-выцяжной вентыляцыі ў асноўных вытворчых цэхах, абнавіць аўтатранспартны парк, мадэрнізаваць прыём малака, пабудаваць новую мыйку малакавозаў І склад гатовай прадукцыі (масла і мяккіх сыроў). Задумак шмат, і будзем паступова вырашаць пастаўленыя намі задачы.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/