Дзятлаўчане - пераможцы абласнога турысцкога злёту



3 6 па 8 ліпеня ва ўрочышчы Рыбакі праходзіў абласны турысцкі злёт сярод працоўнай моладзі "Здаровы я - здаровая краіна!", прысвечаны Году навукі.

Арганізатарамі сёлетняга мерапрыемства сталі Гродзенскі абласны камітэт ГА "БРСМ", Дзятлаўскі раённы камітэт ГА "БРСМ", Дзятлаўскі раённы выканаўчы камітэт, Галоўнае упраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.

Дзятлаўшчына чацвёрты раз прыняла абласныя спаборніцтвы. Сіламі тут мераліся 18 мацнейшых рэгіянальных камандаў. У якасці ганаровых гасцей на абласны моладзевы турысцкі злёт былі запрошаны намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч, выконваючы абавязкі першага сакратара Гродзенскага абласнога камітэта ГА "БРСМ" Павел Міхалюк, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Белаус, старшыня Дзятлаўскага раённага савета ветэранаў Леанід Кашко, другі сакратар Гродзенскага аоласнога камітэта ГА "БРСМ" Дзяніс Чарняк, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Ёда.

— Не выпадкова Дзятлаўскі раён прымае гасцей — тут жывуць спагадлівыя, добразычлівыя людзі. Сёння на гэтай пляцоўцы сабраліся лепшыя турысты вобласці, пераможцы раенных турзлетаў. Жадаю ўсім добрага адпачынку, поспеху, новых сяброў. Так склалася на Дзятлаўшчыне, што пасля турыстычных злётаў утвараюцца шмат новых сем'яў — няхай добрая традыцыя працягваецца. Лёгкіх стартаў, паспяховых фінішаў і з прыемнымі ўражаннямі вярнуцца ў свае калектывы, — пажадаў камандам Ігар Кухарэвіч.

Ад імя саюза моладзі Павел Міхалюк павіншаваў прысутных з пачаткам спаборніцтваў, пажадаў пазітыўных эмоцый, цёплага надвор'я і перамогаў.

Права ўзняць дзяржаўны сцяг прадаставілі камандзе Дзятлаўскага раёна — пераможцы мінулагодніх абласных спаборніцтваў.
Усе тры дні турзлёту ў Рыбаках былі творчыя, актыўныя і багатыя на падзеі. Турысты спаборнічалі ў падыманні гіры (перамагла каманда Дзятлаўскага раёна), мас-рэстлінгу (лепшы вынік у Шчучына), дартсе (самымі трапнымі былі мастаўчане), перацягванні каната (мацнейшая была каманда Бераставіцы), баях шарамі (перамагла каманда Гродзенскага раёна), праходзілі паласу перашкодаў (лепшы вынік у каманды горада Гродна, другія — моладзь з Ваўкавыска, трэцяя — каманда Дзятлаўскага раёна), дэманстравалі інтэлектуальныя здольнасці (пераможцы — Воранава), быт турыста (найлепш наладзіла яго каманда Ваўкавыска), гулялі ў валейбол (выигралі шчучынцы), "Гарады" (лепшы вынік у Мастоў).

Прызёраў і пераможцаў агульнакаманднага заліку спаборніцтваў узнагародзілі падарункамі ў час закрыцця турысцкага злёту. Каманды, якія занялі 1-3 месцы, атрымалі медалі, дыпломы і прызы. Пераможцай сёлетняга абласнога турзлёту стала каманда Дзятлаўскага раёна — выніковая сума балаў — 264. На другім месцы фінішаваў Ваўкавыск (239,5). Каманда Мастоўскага раёна замкнула тройку лідараў (233,5).

Дзякуючы згуртаванасці, спартыўнаму азарту, волі да перамогі каманда Дзятлаўскага аддзела Дэпартамента аховы "Начныя совы", якая сёлета ўпершыню прыняла ўдзел у раённым турыстычным злёце і стала яго пераможцай, выдатна выступіла на абласных спаборніцтвах і стала лепшай. У наступным годзе ўрочышча Рыбакі зноў будзе прымаць на сваёй пляцоўцы чарговы абласны турысцкі злёт Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. А ў бліжэйшы час дзятлаўчан чакаюць новыя іспыты на рэспубліканскім турыстычным злёце, дзе яны прадставяць не толькі наш раён, але і ўсю Гродзенскую вобласць.

КАМАРОВА І.

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/