Дзмітрый Заяц і Вікторыя Конан - удзельнікі рэспубліканскай спартакіяды



26-27 студзеня ў Брэсцкім лёгкаатлетычным манежы адбылася Рэспубліканская спартакіяда дзіцяча-юнацкіх спартыўных школ па лёгкай атлетыцы з удзелам юнакоў і дзяўчат 2002-2003 гадоў нараджэння.

У спрынце на 60 метраў дзятлаўчанін Дзмітрый Заяц быў адзіным прадстаўніком не толькі Дзятлаўшчыны, але і Гродзенскай вобласці. У кваліфікацыйным забегу Дзмітрый фінішаваў з восьмым часам (7,73) і прайшоў адбор у фінальны забег. У фінале ён палепшыў свой час (7,693) і заняў сёмае месца з 26 удзельнікаў спрынта.

Менш вынікова склалася для Дзмітрыя барацьба на 200-метровай дыстанцыі. У кваліфікацыйным забегу ён паказаў адзінаццаты час (25,36) і ў фінальную васьмёрку не трапіў.

Займаецца лёгкай атлетыкай Дзмітрый Заяц у Дзятлаўскай ДЮСШ пад кіраўніцтвам трэнера Аляксандра Кучынскага.

Другой удзельніцай рэспубліканскай спартакіяды, якая прадстаўляла Дзятлаўшчыну, была Вікторыя Конан. Яна спаборнічала ў дзявочым пяцібор'і і з сумаю ў 2449 ачкоў заняла сёмае месца. Найбольш вынікова Вікторыя выступіла ў скачках у вышыню, дзе заняла чацвёртае месца (144 см). У скачках у даўжыню і бегу на 60 метраў з бар'ерамі Вікторыя была шостая, у бегу на 800 метраў — восьмая, у штурханні ядра — дванаццатая.

Вікторыя Конан — выхаванка Дзятлаўскай ДЮСШ, гэтым часам займаецца лёгкай атлетыкай у Гродзенскім вучылішчы алімпійскага рэзерву. Трэніруюць яе Уладзімір Каўцэвіч і Алена Стасюкевіч.

Б.ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/