ДЗМІТРЫЙ КУЗЬМА: "ГІСТОРЫЯ - ГЭТА ЯК КАРАНІ Ў ДРЭВА"



Сёлета Дзятлаўскаму гісторыка-краязнаўчаму музею спаўняецца пяцьдзясят гадоў. Яго пачатковы шлях звязаны з імем заснавальніка і першага дырэктара музея Міхася Петрыкевіча. Цяперашні калектыў мурея ўзначальвае Дзінара Харошка. Працуе ў калектыве шэраг маладых супрацоўнікаў. Адзін з іх — Дзмітрый Кузьма, старшы навуковы супрацоўнік. У інтэрв'ю ён расказаў аб асаблівасцях сваёй работы і захапленнях.

— Дзмітрый, на пачатку раснажыце пра сябе? Адкуль вы родам?
— Я нарадзіўся на дзятлаўскай зямлі, у Раклевічах. Вышэйшую адукацыю атрымаў у Мінску, на гістарычным факультэце БДУ. Затым паступіў у аспірантуру, Ужо амаль завершана кандыдацкая дысертацыя па тэме "Грамадска-палітычная думка ў Беларусі ў 19-ым стагоддзі".

— Тэму вы абралі самі ці параіў ваш навуковы кіраўнік?
— Выбіраў сам. Першапачаткова, калі паступаў у аспірантуру, мне прапанавалі накіраваць сваю даследчую дзейнасць на вывучэнне ўсёй беларускай дзяржаўнасці. Аднак гэта вялікі пласт гісторыі, аб'ёмная работа. Мне, маладому дасведчыку, які яшчэ нядаўна быў студэнтам, такую навуковую працу "з нуля" не падняць.

— Магчыма ў вас ёсць любімая гістарычная эпоха, якая захапляе?
— Любы гістарычны перыяд цікавы па-свойму. У кожную эпоху людзі хацелі жыць, чагосьці дасягаць, у іх былі свае праблемы і цяжкасці, якія даводзілася пераадольваць.У Беларусі амаль кожныя 20-30 гадоў былі войны, паўстанні. Жыццё вельмі адрознівалася ад цяперашняга. Сёння мы жывём у дастаткова спакойным па гістарычных мерках перыядзе.

— Цяпер вы — старэйшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага музея. Раскажыце пра асаблівасці сваёй работы, яе адметнасць.
— У музеі я працую з красавіка гэтага года. У мяне, як супрацоўніка музея, шмат абавязкаў. Тлумачыцца гэта і тым, што музей развіваецца, змяняецца фармат яго работы. Сёння гэта не проста ўстанова, дзе можна паглядзець гістарычныя экспанаты, а культурны цэнтр, дзе праводзяцца выставы, праходзяць цікавыя сустрэчы, распрацоўваюцца новыя формы работы. Нядаўна мы падрыхтавалі квэст, прысвечаны гісторыі Дзятлава. Называецца ён "Скарбы Радзівілаў". Вучні старэйшых класаў, якія прынялі ўдзел у квэсце, засталіся вельмі задаволенымі. Квэст — гэта вывучэнне гісторыі ў гульнявой форме.

- Дзмітрый, а дзе вы працавалі перад тым, як прыехаць у Дзятлава?
— Працяглы час працаваў у выдавецкім цэнтры. Будучы студэнтам-пяцікурснікам, працаваў у школе. Выкладаў ва ўніверсітэце. Мне гэта было цікава, аднак я разумеў, што гэта не зусім тое, чым я хацеў бы займацца ў сваім жыцці. Ва ўніверсітэце выкладаў паліталогію і іншыя гуманітарныя дысцыпліны.

— Цікава, а вы ведаеце свой радавод?
- На жаль, не так добра. Тым не менш, ведаю некаторыя сямейныя паданні. Не так даўно даведаўся, што майго дзядзьку па мацярынскай лініі, якога завуць Люцыян, назвалі так у гонар памешчыка, які быў уладальнікам маёнтка Янаўшчына, што размяшчаўся каля Змяёўцаў.
Пазнаёміўшыся з некаторымі гістарычнымі крыніцамі, я даведаўся, што Янаўшчынай валодаў Люцыян Бохвіч — асоба вельмі цікавая.
Ён нарадзіўся на Навагрудчыне, вучыўся ў Пецярбургу, быў вядомым суддзёй. Пасля Кастрьічніцкай рэвалюцыі Люцыян вярнуўся на радзіму, працаваў суддзёй у Навагрудку, стварыу 6атанічную аранжэрэю. У Мінску ў бібліятэцы Акадэміі навук ёсць адзіная кніга ў Беларусі, якая ўтрымлівае ўспаміны Люцыяна Бохвіча. Там расказваецца аб асаблівасцях дваранскага жыцця канца 19-га стагоддзя. Пазнаёміўшыся з гэтай кнігай, я даведаўся аб многіх цікавых фактах, якія датычыліся ўзаемаадносінаў паміж сялянамі і памешчыкамі. Амаль у кожным маёнтку была аптэка, звярнуўшыся ў якую сяляне маглі атрымаць медыцынскую дапамогу. Пасля рэвалюцыі становішча змянілася, паміж сялянамі і памешчыкамі ўзнікла варожасць.

Што тычыцца'Дзятлаўшчыны, то, згодна з гістарычнымі крыніцамі, да 1939 года ў рэгіёне жыў 41 памешчык, каля 600 асаднікаў.
3 прыходам Савецкай улады многія з іх былі расстраляны, рэпрэсіраваны. Каму пашчасціла, той паспеў выехаць за мяжу.

— Дзмітрый, як вы любіце адпачываць?
— Я з задавальненнем працую на прысядзібным участку. Менавіта магчымасць працаваць на зямлі, мець свой участак і паўплывала на маё рашэнне вярнуцца з Мінска на сваю малую радзіму. I аб гэтым выбары я не шкадую.

— А ці ёсць у вас захапленні?
— Мяне цікавіць многае. Яшчэ у школьныя гады захапіўся краязнаўствам. Мы збіралі гісторыі аб паходжанні назваў навакольных вёсак, цікавых людзях, якія там жылі. На жаль, сёння многія вёскі выміраюць. Не застаецца людзей — не застаецца і памяці, таму так важна сабраць і захаваць гэтую гісторыю, якая адыходзіць у нябыт. Нездарма ж кажуць, што гісторыя — гэта, як карані ў дрэва. Разам з краязнаўствам маім захапленнем з'яўляецца збіранне рэчаў, якія маюць даўнюю гісторыю.

— Ведаю, што вы яшчэ займаецеся танцамі.
— Танцамі я пачаў захапляцца ў Мінску. Займаўся лацінаамерыканскімі танцамі, якія яшчэ называюць сацыяльнымі. У Беларусі яны пачалі актыўна развівацца з пачатку 2000-х гадоў. У Мінску ёсць шэраг вялікіх школаў лацінаамерыканскіх танцаў, ствараюцца яны і ў іншых гарадах, у тым ліку і невялікіх. Што тычыцца лацінаамерыканскіх танцаў, то ў асноўным яны сфарміраваліся напрыканцы 20 стагоддзя. Тая ж сальса эвалюцыянавала з мамбы, дамініканы. Цяпер набірае абароты кізомба, радзімай якой з'яўляецца Афрыка. Чаму мяне захапілі менавіта гэтыя танцы? Напэўна, таму што яны вельмі энергічныя, бадзёрыя, дораць пазітыўны настрой.

— Дзмітрый, які ў вас жыццёвы дзвіз?
— Заўжды развівацца, рухацца наперад.

— Пра што марыце?
— Цяжка сказаць. Мара — гэта тое, чаго не хапае чалавеку, да чаго ён імкнецца. У мяне ёсць усё неабходнае для шчаслівага жыцця. На мой погляд, самае галоўнае — займацца той справай, якая табе цікавая, а таксама мець душэўны камфорт, гармонію з сабой і навакольным светам.

А. ГОМАН

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/