Дзіцячы доктар з гучным іменем Таміла



Многія дзятлаўчане даўно называюць Тамілу Крышаловіч "зямлячкай", магчыма, і не здагадваюцца, што яна - ураджэнка суседняй Украіны. Аднак не памылюся, калі скажу, што яе, доктара-педыятра Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы з 50-гадовым стажам, "Выдатніка аховы здароўя БССР", у Дзятлаве ведаюць усе, хто гадаваў дзяцей. Нават на заслужаным адпачынку Таміла Аляксандраўна прадоўжыла працаваць аж да 2014 года, бо любіла сваю прафесію і маленькіх пацыентаў.

Аказалася, шмат агульнага

Нарадзілася Таміла ў мястэчку з казачнай назвай - Белагор'е. Гэта раённы цэнтр у Хмяльніцкай вобласці Украіны, які раней называўся Ляхаўцы. Паселішча перайменавана за свае знакамітыя радовішчы мелу і белай гліны, смачную мінеральную ваду, якую вельмі цаніў былы першы сакратар Камуністычнай партыі Украінскай ССР Уладзімір Шчарбіцкі.

Белагор'е "ляжыць" паміж гарадамі Астрог (вотчынай Канстанціна Астрожскага, якога мы ведаем як заснавальніка Дзятлава) і Стара-Канстанцінаў (дзе раней быў фальварак Астрожскіх).

Як бачым, паміж малой радзімай Тамілы Крышаловіч і нашым Дзятлавам, дзе яна жыве ўжо некалькі дзесяцігоддзяў, шмат падабенства, сама ж Таміла Аляксандраўна ўпэўнена, што Украіна і Беларусь маюць нямала старонак агульнай гісторыі, бо раней уваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага, а пазней па іх тэрыторыях "прайшлася" Вялікая Айчынная вайна.

Ваенныя падзеі на ўсё жыццё запомніліся і Таміле, хаця сустрэла яна іх трохгадовай дзяўчынкай. Бацька адправіўся на фронт, перамогу ён застаў у Празе. Урэзаўся ў дзіцячую памяць абстрэл, у час якога давялося з роднымі хавацца ў яме, а калі ўсё сціхла, жахліва было ўбачыць цела забітага чырвонаармейца ля суседскіх веснічак. Не забываецца той дзень, калі немцы прыйшлі на іх падворак па гусей, а яна пабегла хавацца ў кукурузу.

Узгадваецца, наколькі было страшна, калі ворагі, вяртаючыся з аблавы на партызан, адпачывалі ў іх хаце, што стаяла пры шашы.

3 вялікай радасцю ўкраінцы сустрэлі перамогу, пасля вайны жылося бедна, але заўсёды цешыла думка, што ў далейшым стане лягчэй, бо ворагаў прагналі, смерць адступіла.

У сямейным альбоме Крышаловічаў захоўваецца пасляваенны, школьных часоў фотаздымак Тамілы, дзе яна ў святочнай сукенцы ў гарошак сядзіць паміж сяброўкамі. Дзяўчынкі прыбраліся ў новае на Вялікдзень, але абуць ім не было чаго, і на здымку яны басанож, але са шчаслівым бляскам у вачах.

Дыплом "прывёў" у Беларусь

Пасля заканчэння Львоўскага медыцынскага інстытута па размеркаванні Таміла Аляксандраўна прыехала працаваць у Беларусь, трапіла ў Свіслач.
Прызнаецца, што першыя гады моцна сумавала па Радзіме, затым выйшла замуж, з'явілася свая сям'я, і настальгія крыху адступіла, але ў роднае Белагор'е старалася наведвацца кожны год, а таксама шмат падарожнічала па Савецкім Саюзе.

Паколькі муж Тамілы Крышаловіч працаваў у міліцыі, яны часта пераязджалі з раёна ў раён, а на сталае жыхарства засталіся ў Дзятлаве.

- Толькі ўявіце сабе, на той час у Дзятлаўскім раёне жыло 14 тысяч дзяцей і 60 тысяч дарослых, - расказвае Таміла Аляксандраўна. - Нярэдка нам, педыятрам, даводзілася спыняць эпідэміі адзёру, краснухі, вятранкі. Рэанімацыйнага аддзялення не было, і да маленькіх пацыентаў мяне нярэдка выклікалі ў вольны ад работы час. Калі патрабавалася неадкладная дапамога, здаралася выбягаць з кватэры нават у дамашніх тапках. Шчасціла, што жыву на Чырвонаармейскай, паблізу ад тагачаснай дзіцячай бальніцы, што знаходзілася ў двухпавярховым будынку насупраць палаца Радзівілаў: цяпер ён рэканструяваны ў жылы дом.

За паўстагоддзя медыцынскай практыкі Таміла Крышаловіч "выгадавала" не адно пакаленне дзятлаўскіх дзяцей, бывае, што і цяпер з ею на вуліцы вітаюцца былыя пацыенты. Праўда, у дарослых мужчынах і жанчынах доктару ўжо цяжка пазнаць тых карапузаў, якіх прыносілі да яе на прыём матулі.

За пяць дзесяцігоддзяў працы Таміла Аляксандраўна адзначана многімі ўзнагародамі, галоўную з якіх - "Выдатнік аховы здароўя БССР" - атрымала ў маі 1979 года.

Ёсць з чым параўноўваць

Беларусь стала другой Радзімай для Тамілы Крышаловіч, дзе яна пражыла большую палову жыцця, выгадавала сына, які цяпер працуе ў Гродне, і дачку, якая жыве ў Маскве, дачакалася дзвюх унучак і праўнука. Старонку, што стала дарагой сэрцу, называе не інакш, як "краіна лясоў і замкаў, прыгожая і гасцінная".

Безумоўна, Таміла Аляксандраўна і сёння сумуе па Белагор'і, дзе ўжо нікога з родных не засталося, толькі дарагія сэрцу магілкі. Расказвае, што апошні раз была там тры гады таму, спынялася ў суседкі, таксама пенсіянеркі. Уразіла, што тая шмат гадоў адпрацавала загадчыцай мясцовага ЗАГСа, а пенсію атрымлівае мізэрную, калі "прывязаць" да курса - усяго 35 долараў ЗША. Жыве пераважна за кошт дамашняй гаспадаркі, бо трымае статак козаў. На жаль, у такіх рэаліях цяпер "існуюць" многія ўкраінскія пенсіянеры. Негатыўны ўплыў на сітуацыю ў краіне аказалі майдан, праблема Луганска і Данецка. Яе ўкраінцы не любяць абмяркоўваць, на пытанне: "Ну, што ў вас?" - адказваюць коратка: "Прывозяць і хаваюць маладых".

Прапусціўшы ўсё гэта праз сваё сэрца, Таміла Аляксандраўна задаецца пытаннем: "Хто хоча ажыццяўлення тага ж "сцэнарыя" ў Беларусі? Няўжо людзі яшчэ не зразумелі, да чаго вядуць канфлікты і войны?"

Некалькі тыдняў таму на пасяджэнні клуба "Пазнай-ка", што працуе пры аддзяленні дзённага знаходжання для пажылых людзей, якое наведвае Таміла Крышаловіч, абмяркоўвалася тэма "Год народнага адзінства". Як аказалася, сярод наведвальнікаў аддзялення шмат тых, хто прыехаў жыць у Беларусь з іншых краін. Усе яны - грамадзяне былога СССР, прадстаўнікі братніх народаў, кожны змог падзяліцца гісторыяй свайго жыцця. Можна толькі павучыцца, як людзі сталага пакалення ўмеюць сябраваць і падтрымліваць адзін аднаго, жыць у міры і згодзе.

Дзіцячы доктар Таміла Аляксандраўна, якая перажыла вайну, паўстагоддзя прафесійнай дзейнасці прытрымлівалася клятвы Гіпакрата, не шукала розніцы паміж пацыентамі, а проста дапамагала ім быць здаровымі, раіць і нам:
- Вазьміцеся за розум, падумайце, да чаго вядзе супрацьстаянне ў грамадстве. Багацце, высокія зарплаты і пенсіі, іншыя выгоды цывілізацыі не падаюць з неба. Трэба, каб працавала прамысловасць, заставаліся дзяржаўнымі прадпрыемствы, тады яны прытрымліваюцца сацыяльнага курсу краіны. А "прыватнік" шукае выгады найперш для сябе. Не паўтарайце чужых памылак, каб потым не пакутавалі вашы бацькі і дзеці, вы самі.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/