Дыплом фіналісткі - у Людмілы Асіпук-Фатон



У святочны дзень 31 снежня на Дзятлаўшчыне выдалася прыемная нагода - павіншаваць фіналістку абласнога фестывалю-конкурсу замяшчальных сем'яў "Планета Сям'я" Людмілу Асіпук-Фатон.

Выказаць цёплыя словы падзякі за выхаванне дзяцей і шчырыя віншаванні з дастойным выступленнем на абласным этапе конкурсу Людміле Мікалаеўне прыйшлі намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама, ён жа старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Ігар Кухарэвіч, начальнік аддзела адукацыі Наталля Белаус, галоўны спецыяліст аддзела Алена Чайкоўская і дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Жэгалік.

- Мне выпала прыемная місія - павіншаваць вас, Людміла Мікалаеўна, - звярнуўся да фіналісткі Ігар Кухарэвіч, - Радуе, што замяшчальныя і прыёмныя сем'і Дзятлаўшчыны займаюць актыўную жыццёвую пазіцыю. У вас, Людміла Мікалаеўна, адкрытае, добрае сэрца і сваё жыццё вы прысвяцілі выхаванню 22 дзяцей, да кожнага з іх адшукалі свой шлях. Удвая прыемна, што вы актыўна ўдзельнічаеце ў конкурсах: не толькі праяўляеце мацярынскую дабрыню, але і ўмееце падзяліцца вопытам сямейнага выхавання. Доказ гэтаму - ваш удзел у абласным этапе фестывалю-конкурсу замяшчальных сем'яў "Планета Сям'я", дзе сярод 26 работ у фінал выйшлі шэсць, у тым ліку і ваша. Я ўручаю вам заслужаны
дыплом фіналіста і жадаю вашай сям'і ў новым годзе моцнага здароўя, шчасця, дабрабыту, аптымізму і ўсяго найлепшага.

Ад раённай арганізацыі грамадскага аб'яднання "Белая Русь" Ігар Кухарэвіч уручыў фіналістцы ў падарунак набор
посуду. Да віншаванняў намесніка старшыні райвыканкама далучыліся Наталля Белаус і Алена Чайкоўская. Яны перадалі Людміле Мікалаеўне набор пасцельнай бялізны ад абласной арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа і агароднінарэзку ад абласной арганізацыі ГА "Белая Русь".

Людміла Асіпук падзякавала за віншаванні і падтрымку на раённым і абласным этапах конкурсу, таксама пажадала, каб 2021 год стаў для дзятлаўчан шчаслівым і шчодрым на добрыя весткі. 3 раённай газетай яна падзялілася сямейным фотакалажам "У аб'ектыве Новы год", які рыхтавала для конкурсу як фіналістка.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/