Дварэцкі дом культуры прапаноўвае падарожжа ў мінулае



У аграгарадку адкрылася этнаграфічная экспазіцыя

- Над аграгарадком Дварэц лунала песня. Так мясцовых жыхароў і гасцей паселішча ў Дом культуры заклікалі ўдзельнікі народнага тэатра-студыі гульні "Прымакі". Тут 31 ліпеня праходзіла ўрачыстае адкрыццё этнаграфічнай экспазіцыі "Побытавая культура беларускага селяніна".

Сярод гасцей былі старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Наталля Калодка, старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч, дырэктар Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Дзінара Харошка, дырэктар Дзятлаўскага цэнтра турызму і краязнаўства дзяцей і моладзі Тамара Юранкова.

- Цудоўную і багатую спадчыну маюць беларусы, - зазначыла вядучы метадыст аддзела метадычнай работы Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Таццяна Янушкевіч. - Створана гэта спадчына нашымі продкамі на працягу стагоддзяў. Дык няхай этнаграфічная экспазіцыя, якая адкрылася ў Дварцы, радуе і дарослых, і дзяцей.

- Сёння мы даём старт адкрыццю такіх музейных куткоў і экспазіцый ва ўстановах культуры, - расказала Наталля Калодка, - гэта першая этнаграфічная экспазіцыя, якую мы адкрываем. Знакава, што гэта адбываецца ў Год малой радзімы. Наша экспазіцыя прысвечана этнаграфіі: быту простага народа, яна адлюстроўвае, як жылі нашы продкі, чым займаліся, якія песні спявалі. Таму я ўпэўнена, што сённяшняя наша сустрэча стане стартавай, і мы будзем усё часцей сустракацца ў дамах культуры, каб захоўваць нашы традыцыі і перадаваць іх моладзі.

Таццяна Янушкевіч выступіла ў ролі экскурсавода і пазнаёміла гасцей з раздзеламі этнаграфічнай экспазіцыі, сярод якіх "Промыслы і рамёствы беларускага селяніна ў канцы ХІХ-пачатку XX стагоддзяў", "Беларуская хата - ад чырвонага кутка да бабінага закутка", "Традыцыйнае адзенне селяніна і яго выраб", "Прылады ткацтва". Затым расказала, што ідэя стварэння экспазіцыі ў свой час належала Алене Мішчук, якая з'яўлялася кіраўніком народнага фальклорнага гурта "Студзераўшчына", што працуе з 1975 года. У 2015 годзе калектыў стаў лаўрэатам першай ступені абласнога рэгіянальнага фестывалю традыцыйнай культуры "Скарбы Гродзеншчыны".

Гасцей свята самабытныя спявачкі гурта "Студзераўшчына" таксама парадавалі сваім выступленнем.

Ад імя клуба ветэранаў працы "У коле сяброў" Дварэцкага дома культуры ўдзельніц гурта павіталі Ганна Мікшут і Вера Сёмуха. Яны выказалі спадзяванне на дапейшае творчае супрацоўніцтва. Таксама Вера Сёмуха перадала "Кнігу гонару Дварэцкага сельскага Савета", старшынёй якога ў свой час была шмат гадоў, для ўключэння яе ў этнаграфічную экспазіцыю.

За шчырыя песні, за цёплую атмасферу сустрэчы артыстам і арганізатарам падзякаваў Аляксандр Бараноўскі:
- Усё тое, што сёння тут прадстаўлена, я бачыў на свае вочы, усё нагадала дзяцінства, нашы вытокі, карані. Вялікі дзякуй аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, што вы будзеце прадаўжаць гэту справу.

Першая экспазіцыя адкрыта ў самым буйным сельскім населеным пункце Дзятлаўшчыны, але ў нас ёсць і іншыя, таму жадаю вам далейшых поспехаў. Этнаграфічная экспазіцыя "Побытавая культура беларускага селяніна" ўжо адкрыта для наведвальнікаў, у Дварэцкім доме культуры чакаюць першыя экскурсіі.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/