Два юбілеі сям'і Уласевічаў



Цёплае красавіцкае сонейка сагравае зямлю, у такт павевам ветрыка ківаюць блакітнымі галоўкамі першынцы вясны - пралескі, птушкі ўсё весялей шчабечуць за акном, людзі пачынаюць часцей усміхацца, радуючыся спрыяльнаму надвор'ю.

У шчодрым на сонейка красавіку нарадзілася сёлетняя юбілярка Яніна Сяргееўна Уласевіч, у дзявоцтве - Федзюкевіч. Можа, таму і па характары яна чалавек прыемны, спакойны, міралюбівы. У вёсцы Страла, дзе жанчына пражыла ўсё сваё жыццё ад нараджэння да сталасці, яе ведаюць як руплівую, гасцінную гаспадыню, клапатлівую матулю і бабулю, мудрага, добразычлівага чалавека.

Свой 85-ы дзень нараджэння Яніна Сяргееўна адзначыла 12 красавіка. Нарадзілася яна ў 1933 годзе ў сялянскай сям'і. Уся адукацыя Яніны - тры класы пачатковай школы: вучыцца далей перашкодзілі Вялікая Айчынная вайна і складаныя пасляваенныя гады. Дзяўчыне рана давялося пачаць працоўную дзейнасць. У калгасе "1 Мая" (цяпер "Жукоўшчына") яна шмат гадоў (нават на пенсіі, пакуль дазваляла здароўе) працавала паляводам. Работы не баялася, выконвала яе адказна і добрасумленна, таму і ў кіраўніцтва калгаса была на добрым рахунку - яе ставілі ў прыклад іншым.

За шчырую душу і нястомную працу лёс узнагародзіў Яніну Сяргееўну шчаслівым сямейным жыццём. Цікава, што яе будучы муж, Мікалай Іванавіч, прыехаў у вёску Страла знаёміцца з іншай дзяўчынай, да якой яго сваталі. Пазнаёміўся, пабыў крыху ў хаце, выйшаў прагуляцца - і на адным з суседніх падворкаў убачыў сваё яснавокае шчасце. Яніна з першага погляду запала ў сэрца Мікалаю, і праз некаторы час маладыя людзі зладзілі вяселле. Было гэта ў ліпені 1958 года, і сёлета сямейная пара адзначыць 60-годдзе сумеснага жыцця - брыльянтавае вяселле. Усе гэтыя гады жылі Уласевічы дружна і зладжана, шмат працавалі, трымалі вялікую гаспадарку. Яны выгадавалі трох сыноў, дачакаліся 6 унукаў і 5 праўнукаў. Уласным прыкладам, адказнымі адносінамі да працы і абавязкаў, праз любоў і клопат Уласевічы прывівалі сваім дзецям добрыя якасці характару. Сыны выраслі годнымі людзьмі.

Яніна Сяргееўна і Мікалай Іванавіч і ў сталым веку жывуць у згодзе і ўзаемапавазе, дзверы іх хаты адчынены для дзяцей і іх сем'яў. А калі наведваюцца госці, іх абавязкова частуюць гарачым супам з печы, духмянымі дранікамі, піражкамі. На Вялікдзень і Каляды ўся сям'я абавязкова збіраецца за святочным сталом.

У вольны час Яніна Сяргееўна любіць займацца рукадзеллем. У маладосці яна ткала прыгожыя пакрывалы, цяпер, калі падрастаюць унукі, стараецца справіць для іх абноўкі - вяжа цёплыя шкарпэткі, жылеты, капялюшыкі.

Вясной і летам любіць завіхацца ў кветніку і на агародзе.

Ад прыроды Яніна Уласевіч надзелена надзвычайнай дабрынёй і ўменнем згладжваць канфліктныя сітуацыі, а таму пад дахам яе хаты пануюць мір і спакой.

Што, як ні гэта, можна назваць сапраўднай жыццёвай мудрасцю, якой Яніна Сяргееўна шчодра дзеліцца з роднымі і сябрамі.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/