ДРУГАЯ ПЕРАМОГА "БЕЛТЭРМІЗА"



Другую перамогу ў чэмпіянаце жаночых валейбольных каманд Гродзенскай вобласці атрымаў дзятлаўскі "Белтэрміз".

Матч завяршыўся з лікам 3:0 (25:12, 25:16, 25:8). Пераможана была каманда Слонімскага раёна. На працягу трох партый перавага дзятлаўскай каманды не выклікала сумненняў. Лікі па сэтах маглі быць і з большай розніцай, калі б "Белтэрміз" вёў гульню максімальна строга. Але дзяўчаты маглі і дазвалялі сабе некаторыя вольнасці, атрымліваючы задавальненне ад таго, што тварылі на пляцоўцы. А тварыць ім удавалася літаральна ўсё: надзейны прыём, дакладную распасоўку, актыўную і выніковую атаку.

Атакаваў "Белтэрміз" проста раскошна. На завяршаючы ўдар выходзілі два-тры атакёры, і ў распасоўшчыцы не было праблемы выбару. Трэнер каманды Васіль Русін пахваліў усіх, але асабліва адзначыў Алену Дарашкевіч. Яна перад матчам атрымала букет кветак з прычыны дня нараджэння і, натхнёная, праводзіла матч "на ўсе грошы" — актыўна абаранялася і атакавала. Акрамя Дарашкевіч, на пляцоўцы былі Таццяна Сцяцко, Алена Бойка (Пяцэвіч), Аляксандра Саракульская, Марыя Цаль, Настасся Качалава, Юлія Пацэнка, Ганна Селіверстава (Салкевіч).

У параўнанні з мінулагоднім склад "Белтэрміза" змяніўся. Выбылі па сямейных абставінах Настасся Багданёнак, Ксенія Паўленка, Кацярына Мілёр. Новенькія ў складзе "Белтэрміза" — Алена Дарашкевіч, Настасся Качалава, Юлія Пацэнка.

Галоўны спонсар каманды, па-ранейшаму фірма "Белтэрміз" на чале з камерцыйным дырэктарам Валерыем Манчуком.

Б.ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/