Добрасуседства супраць іспытаў лёсу



У Гезгалах адкрылі кватэру сумеснага пражывання

Самая вялікая каштоўнасць - жыццё чалавека. На Дзятлаўшчыне вядзецца вялікая работа па забеспячэнні бяспечных умоваў жыцця грамадзян. Сёлета пры Дзятлаўскім райвыканкаме створана другая аглядавая камісія па забеспячэнні бяспечных умоваў пражывання грамадзян у горадзе Дзятлаве (усяго ў раёне функцыянуюць 12 аглядавых камісій).

На пастаянным кантролі зацікаўленых службаў - забеспячэнне бяспечных умоваў пражывання сацыяльна неабароненай катэгорыі грамадзян: пажылых людзей і інвалідаў. Вялікая роля ў ажыццяўленні работы ў гэтым кірунку ў сацыяльнай службы і аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму. На абслугоўванні ў аддзяленні 537 грамадзян пажылога ўзросту. Гэта самая эканамічная і запатрабаваная форма работы з пажылымі людзьмі, бо яны маюць магчымасць заставацца па месцы жыхарства. Аднак вялікую трывогу выклікаюць людзі гэтай катэгорыі з аддаленых вёсак, дзе няма сацработніка, родных і блізкіх, часам, нават суседзяў.

Для вырашэння праблемы з 2013 года ў аддзяленні ўведзены новыя формы абслугоўвання - "Гасцявая сям'я" і "Дом зімоўкі".

Так, у аграгарадку Гезгалы функцыянуе Дом сумеснага самастойнага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, які выдатна сябе зарэкамендаваў за час работы, бо штогод ён дае часовы прытулак 17-20 чалавекам.

Суседзі па ўзросце

21 сакавіка 2019 года ў Гезгалах адкрылі кватэру сумеснага самастойнага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

У гэты дзень насельнікі кватэры сустракалі гасцей, сярод якіх былі намеснік старшыні Дзятлаўскага райвыканкама Ігар Кухарэвіч, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама Алена Васкель, старшыня
Жукоўшчынскага сельвыканкама Валерый Верамейчык, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, настаяцель храма Свяціцеля Мікалая вёскі Нагародавічы Іаан Яровіч.

Сустрэча пачалася з віншаванняў і падарункаў. Вельмі важнымі сярод іх былі "маленькія абаронцы жыцця" - два аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі. Іх бясплатна для сацыяльнага аб'екта выдзеліў і аказаў садзейнічанне ва ўстаноўцы Дзятлаўскі ўчастак Гродзенскага камбіната супрацьпажарных работ.

Таксама жыхары кватэры атрымалі ад гасцей чайны сервіз і пачастункі. Ігар Кухарэвіч пацікавіўся лёсам кожнага з пажылых людзей, спытаў, ці падабаецца ім жыць пад адным дахам, ці забяспечаны ўсім неабходным, пажадаў здароўя і добрых узаемаадносінаў. Айцец Іаан адзначыў, што ў кватэры сумеснага пражывання можна адчуваць сябе, як у вялікай сям'і. Калі такое ёсць, будзе і душэўны спакой, і радасць на кожны дзень.

Клопатам і падтрымкай забяспечаны

У час сустрэчы вельмі хацелася пачуць ацэнку старениям спецыялістаў, як кажуць, з першых вуснаў. I такая магчымасць выдалася. Насельнікі кватэры і іх "гаспадыня" - сацработнік Святлана Крэйдзіч падзяліліся ўражаннямі.

Валянцін Касцюкевіч, жыхар вёскі Азяраны:
- Сюды прывёў зменлівы лёс. Усё пачалося са смерці бацькоў у 1997 годзе. Жыць аднаму было нязвыкла, вырашыў паехаць да сястры ў расійскі горад Растоў. У Беларусі з 2000 года быў толькі раз, калі прыязджаў падлячыцца. Нядаўна сястра памерла, і мне давялося вярнуцца на Радзіму. Родную хату застаў у жахлівым стане: за час маёй адсутнасці чорныя нарыхтоўшчыкі металу "садралі" цынкавыя лісты з даху, з-за чаго драуляны дом згніў. Давялося звярнуцца да старшыні сельвыканкама, які і дапамог змясціць мяне сюды.
Наша Святлана Пятроўна - выдатны сацработнік, добрай душы чалавек, клапатлівая гаспадыня. Яна ўмее нас падбадзёрыць, рассмяшыць, у кватэры заўсёды пануе цёплая атмасфера.

Алена Бортка, жыхарка вёскі Рэпкі: - У Рэпках цяпер жывуць чалавек 15. Мой дом - на водшыбе, таму сацыяльная работніца заўсёды перажывала за мяне, каб чаго не здарылася. Дачка мая - у Літве, зімой ёй цяжка наведвацца часта, таму было прынята рашэнне зімаваць разам з сястрой - Юзэфай Чаркас, у якой не засталося блізкіх. Аднак сястра атрымала сур'ёзную траўму нагі, цяпер знаходзіцца ў бальніцы сястрынскага догляду аграгарадка Гезгалы. Я яе наведваю і падтрымліваю, выдатна, што маю такую магчымасць. Самой мне тут вельмі падабаецца: нас акружылі клопатам і падтрымкай, атмасфера дамашняя. Асабліва ўдзячна за дапамогу нам з сястрой дырэктару Цэнтра Таццяне Нікіпорчык.

Ірына Крупнік, жыхарка вёскі Малыя Шастакі:
- Жывецца нам выдатна, бо ў спецыялістаў сацыяльнай службы - залатыя рукі і сэрца. Гляньце, якая прыгажосць, чысціня і камфорт вакол. Я сюды трапіла з-за высокага ціску, вельмі кепска сябе адачувала. Цяпер, дзякуючы сацыяльным работнікам, здароўе палепшылася. Ды і жыць разам весялей. Лесы ў маіх суседзяў нялёгкія, пагутарым, падтрымаем адзін аднаго - ужо лягчэй.

Святлана Крэйдзіч, сацыяльны работнік, замацаваны за кватэрай, старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА "БелТІЗ":
- Сваіх падапечных і даглядаю, і кармлю, і забаўляю, і медыкаў ім выклікаю пры неабходнасці. Стараюся, каб людзі, якія тут жывуць, не адчувалі сябе адзінокімі ці непатрэбнымі. Даю ім пасільную работу: выцерці пыл, падрамантаваць лавачку ў двары. Яны радуюцца, што прыносяць карысць іншым. Для пажылога чалавека гэта вельмі важна. Думаю, маім падапечным тут падабаецца. Яны могуць пагутарыць, падбадзёрыць адзін аднаго, як вялікая сям'я. А мне прыемна, што мяне чакаюць, што я патрэбная, за гэта і ганаруся сваей работай.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/