Для тых, хто ўмее запальваць зоркі



Конкурс "Настаўнік года-2020". Раённы этап

У сярэдняй школе № 3 горада Дзятлава прайшоў фінал раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2020". За званне пераможцаў у розных намінацыях змагаліся 15 педагогаў з 10 установаў адукацыі Дзятлаўшчыны. Падтрымаць іх прыйшлі калегі па працы, навучэнцы, іх бацькі.

Усе фіналісты крыху раней прынялі ўдзел у завочным этапе конкурсу, на якім ацэньваліся вопыт работы, характарыстыка педагога, распрацаваны ім урок, таксама настаўнікам давялося даць вучэбны занятак у незнаемым класе, правесці яго самааналіз і паказаць майстар-клас па тэме свайго вопыту.

Прысутных павітала намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Алена Жадзейка. Яна зазначыла, што ў раёне на працягу года будзе праводзіцца нямала конкурсаў прафесійнага майстэрства ў розных галінах, настаўнікі ў 2020 годзе сталі першымі, хто ладзіць такі конкурс.

На раённую сцэну выйшлі педагогі Дзятлаўшчыны, якія ўжо з'яўляюцца лепшымі ў сваіх навучальных установах. Яны прайшлі шэраг іспытаў, а цяпер сустрэліся ў фінале, каб творча расказачь аб сваёй педагагічнай дзейнасці. Алена Іванаўна пажадала ўсім канкурсантам поспехаў, а тым, хто стане раённымі пераможцамі ў сваіх намінацыях, - дастойна прадставіць Дзятлаушчыну на абласным, а, магчыма, і рэспубліканскім этапах.

Заданнем на фінал было публічнае прадстаўленне сістэмы педагагічнай дзейнасці. Настаўнікі рабілі гэта ў творчай форме. Удзельнікаў на сцэну запрашалі па намінацыях згодна з папярэдняй жараб'ёўкай. У розных фарматах педагогі расказалі, як кожны свой працоўны дзень вядуць навучэнцаў па краіне ведаў, выклікаюць у дзяцей цікавасць да заняткаў, дапамагаюць ствараць новае і арыгінальнае, вучаць быць даследчыкамі. Фіналісты падрыхтавалі творчыя справаздачы, відэапрэзентацыі, інтэрв'ю, інтэрактыўныя формы работы з залай, вершы, відэафрагменты ўрокаў, завочныя падарожжы.

Нарэшце прыспеў час падводзіць вынікі фіналу. Да атрыманых у час выступлення балаў журы прыплюсавала яшчэ і тыя, што настаўнікі "назапасілі" ў час папярэдніх этапаў раённага конкурсу. Узнагароды і сертыфікаты канкурсантам уручылі Алена Жадзейка і Таццяна Кулеш.

У намінацыі "Выхавальнік дашкольнай адукацыі" дыпломам другой ступені адзначана Наталля Мацюкевіч, выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці горада Дзятлава; сертыфікат конкурсу атрымала Ірына Венская, выхавальніца Казлоўшчынскага ясляў-сада.

У намінацыі "Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура" стала пераможцай і ўладальніцай дыплома першай ступені настаўніца рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Святлана Салаўёва; дыплом трэцяй ступені атрымала настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 горада Дзятлава Святлана Лябецкая; сертыфікатамі конкурсу адзначаны настаўніцы беларускай мовы і літаратуры Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Вераніка Ярмаловіч; сярэдняй школы № 1 горада Дзятлава Марына Паўлючык; Раклевіцкага дзіцячага сада-базавай школы Марына Нячай.

Пераможцай намінацыіі "Замежныя мовы" стала настаўніца англійскай мовы Гезгалаўскай сярэдняй школы Наталля Ліцкевіч.

Дыпломы трэцяй ступені ў намінацыі "Пачатковыя класы" атрымалі настаўніцы пачатковых класаў Наваяльнянскай сярэдняй школы Вольга Юшкевіч і Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Святлана Буйко.

У намінацыі "Музыка, выяўленчае мастацтва, мастацтва, працоўнае навучанне, чарчэнне, фізічная культура і здароўе" дыпломам трэцяй ступені адзначана настаўніца выяўленчага мастацтва сярэдняй школы № 3 горада Дзятлава Ала Івашэвіч.

Пераможцай намінацыі "Хімія, біялогія" і ўладальніцай дыплома першай ступені стала настаўніца біялогіі Наваяльнянскай сярэдняй школы Алена Баковіч; сертыфікатамі адзначаны настаўнік хіміі гімназіі № 1 горада Дзятлава Мікалай Губко і настаўніца біялогіі Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Наталля Жых.

Дыплом першай ступені ў намінацыі "Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія" заваявала настаўніца геаграфіі гімназіі № 1 горада Дзятлава Наталля Кпімец.

Удзельнікаў фіналу павіншавалі і ўручылі кветкі старшыня райкама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Станіслаў Фабішэўскі і калегі па працы.

Уладальніцам дыпломаў першай ступені раённага этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў "Настаўнік года Рэспублікі Беларусь-2020" Алене Баковіч, Наталлі Клімец, Святлане Салаўёвай, Наталлі Ліцкевіч пажадалі далейшых поспехаў. Яны будуць прадстаўляць Дзятлаўшчыну на абласным этапе.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/