Для каго расшчодрылася восень?



Да свята работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці ў фае Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці ладзілася выстава-конкурс "Шчодрая восень". Работнікі гаспадарак раёна і AAT "Дварэцкі льнозавод" падрыхтавалі свае экспазіцыі.

Спаборнічалі ў чатырох намінацыях: "Каравай наш, каравай!" (на лепшы каравай з мукі новага ўраджаю), "Лепшы кошык агародніны", "Лепшае афармленне снапа", "Лепшы набор агародніны-веліканаў".

- Такая выстава ў Дзятлаве ладзіцца не першы год, але сёлета ўпершыню мы праводзім яе як выставу-конкурс з узнагародамі і грашовымі прызамі, - зазначыла ўдзельніца ацэначнай камісіі, дырэктар Дзятлаўскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Дзінара Харошка. - Гаспадаркі пастараліся, праявілі творчасць і фантазію, ім удалося стварыць прыгожыя і арыгінальныя экспазіцыі.

Адкуль чэрпалі ідэі і дзе працуюць "галоўныя крэатыўшчыкі" раёна, мы даведаліся ў час апытання.

Святлана Драб, КСУП "Бёлагурна":
- "Чым багаты - тым і рады" - ідэя нашага снапка, куды ўплецены лён, авёс, пшаніца, жыта. Кветачкі са стужак для ўпрыгажэння змайстравала малады спецыяліст Алена Падоба. Свае намаганні ў падрыхтоўцы экспанатаў аб'ядналі Лілія Жых, Андрэй і Вера Добыты, Святлана Венская і я. Сабралі багаты кошык агародніны, боўяго было што пакласці: гэты сельскагаспадарчы год для КСУП "Белагурна" больш спрыяльны, чым папярэдні.

Кацярына Дубешка, ААТ "Граніт-Агра":
- 3 нашай гаспадаркі ў Дзятлава "прыехалі" Цар-Гарбуз, якому тут няма роўных па памеры, і дзве Прынцэсы-Гарбузяняты. Цара на сваім агародзе вырасціла старшыня Данілавіцкага сельвыканкама Ганна Жых, прынцэсаў - Уладзімір Падліпскі. Астатняя агародніна знайшлася ў засеках нашых работнікаў. Праўда, замест кошыка мне захацелася аформіць з яе букет. Вынік парадаваў.

Вольга Лахач, КСУП "Войневічы":
- Эксцэнтрычная парачка кабачкоў, Тарас і Галіна, выраслі на агародзе маёй суседкі, а касцюмы для іх шыла я сама. Дачка Ксенія зляпіла ім вочкі і роцікі з пластыліну У якасці валасоў мы выкарысталі лён. Сноп упрыгожвалі ручніком і стужкамі - у лепшых беларускіх традыцыях.

Вольга Максімава, КСУП "Хвінявічы":
- Падрыхтавацца да выставы мне дапамагала наша моладзь Уладзімір Карыба і Анастасія Болтак. Яны вялікія малайцы, у іх шмат энергіі і энтузіязму. На выставе прадстаўлены нашы кабачкі (жаніх і нявеста), а таксама багаты кошык агародніны, куды паклалі розныя ласункі. Упрыгожваючы снапок, не шкадавалі кветак, шчодра аздобілі яго рамонкамі і васількамі.

Ала Хамко, ААТ "Дварэцкі льнозавод":
- Наш снапок - цэлая кампазіцыя з глыбокай ідэяй. Афармлялі яго з Таццянай Сідорчык і Ксеніяй Барэйка. Паколькі сноп сам у полі не нараджаецца, аздобілі яго лялькамі з лёну. Хлопчык сімвалізуе механізатара, дзяўчынка - жанчыну-працаўніцу. Каля снапка стаіць алей з насення лёну, гэта той карысны прадукт, які таксама атрымліваем з беларускага "шоўку". А льняны дамавічок пільна ахоўвае падарункі палёў.

Выстава выклікала цікавасць удзельнікаў свята, многія фатаграфавалі экспанаты, самі фатаграфаваліся на іх фоне. Радуе, што гэта прыгажосць "паедзе" на абласное свята "Дажынкі-2019" і дастойна аздобіць дажыначную пляцоўку нашага раёна.

Ірына КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/