Данііл Шумскі займаецца ў Нацыянальным тэхнапарку



Першы тыдзень сакавіка пачаўся нестандартна для Данііла Шумскага - навучэнца 10 класа гімназіі № 1 горада Дзятлава. Юнак вытрымаў сур'ёзны адбор і стаў адным з 30 удзельнікаў другой змены, якая з 1 сакавіка стартавала ў Нацыянальным дзіцячым тэхнапарку.

Пра праект па паглыбленай дадатковай адукацыі для адораных навучэнцаў раённая газета ўжо расказвала ў мінулых нумарах.

Перад ад'ездам у сталіцу Данііл Шумскі і яго настаўніца Святлана Кетка падзяліліся ўражаннямі ад удзелу ў новым праекце.

- Каб Данііл трапіў у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк, нам давялося падаць заяўку, падмацаваўшы яе дасягненнямі ў выбранай намінацыі, у нашым выпадку - гэта "Інфармацыйныя і камп'ютарныя тэхналогіі", - тлумачыць Святлана Кетка. - Другім этапам адбору было тэсціраванне ў Гродне. Удзельнікам усяго за 40 хвілін давялося адказаць на 40 пытанняў на логіку, веданне фізічных законаў, прасторавае мысленне. У абласным адборы паўдзельнічала 12 чалавек, 6 з іх выйшлі ў фінал. Безумоўна, мяне парадавала, што сярод іх вучань нашай гімназіі. Па-першае, заўсёды прыемна "пакараць" новую вяршыню, па-другое, у такім праекце нашы гімназісты ўдзельнічаюць упершыню, таму спадзяёмся, што дамоў Данііл "прывязе" шмат цікавых уражанняў і ідэй, - дадае настаўніца.

- Выйсці на абласны этап адбору для паездкі ў тэхнапарк мне дапамаглі першае месца ў алімпіядзе па крыптаграфіі, пахвальны водгук абласной алімпіяды па інфарматыцы, дыпломы Тэхнамарафона", - расказвае Данііл Шумскі. - На праекце ў сваёй секцыі спадзяюся знайсці сяброў-аднадумцаў, а таксама вызначыцца з далейшай прафесіяй. Я хачу стаць праграмістам, але яшчэ не ведаю, якую менавіта спецыялізацыю выбраць. Заняткі ў тэхнапарку дапамогуць з гэтым разабрацца. Безумоўна, пасля паездкі буду актыўна дзяліцца сваімі ўражаннямі з сябрамі і педагогамі.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/