Буракі, цыбуля, морква: Апошні кірмаш у гэтым сезоне прайшоў на Дзятлаўшчыне



24 кастрычніка ў горадзе Дзятлаве на плошчы 17 Верасня прайшоў раённы сельскагаспадарчы кірмаш.

Раніцай можна было назіраць, як людзі, хто пешшу, хто на веласіпедзе ці машыне, накіроўваліся ў бок гарадской плошчы. Нягледзячы на дрэннае надвор'е, усе спяшаліся на апошні ў гэтым сезоне восеньскі сельскагаспадарчы кірмаш.

Дзятлаўчане куплялі агародніну і садавіну мёд, арэхі, рыбу, зерне. У прадпрымальніцы з Ліды Наталлі Сянкевіч гараджане маглі набыць саджанцы розных пладовых дрэваў. Як расказала жанчына, вялікім попытам карыстаюцца саджанцы персікаў і абрыкосаў. Прадаўцы з Дзятлаўскага філіяла Гродзенскага аблспажыўтаварыства Валянціна Бартко і Тамара Ляшчун прапаноўвалі землякам духмяныя булкі і смачнае пячэнне.

На восеньскім кірмашы былі і рамеснікі, якія гандлявалі вырабамі з драўніны для бытавых патрэбаў, сувенірамі, цукеркамі на палачках. У дзяўчат з Віцебска мясцовыя жыхары маглі купіць усходнія прысмакі: рахат-лукум, арахіс у какосавым соку, нугу з пялёсткамі руж і шафранам. У шырокім асартыменце была прадстаўлена прадукцыя Слонімскага мясакамбіната.

Жывой рыбай з фермерскай гаспадаркі "Рыбнае" гандляваў прадавец Яўген Касцюк. Мужчына адзначыў, што дзятлаўчане актыўна разбіраюць карасёў і карпаў. Мясцовы жыхар Людвіг Варабей прапаноўваў гараджанам упрыгожыць свае ўчасткі хрызантэмамі, гваздзікамі, пеларгоніямі. Прадавец Немізад Аліеў з Навагрудскага раёна гандляваў агароднінай. Ён адзначыў, што ў асноўным купляюць бульбу і капусту.

Каб было весялей, для ўдзельнікаў кірмашу з канцэртнай праграмай выступаў калектыў народнага тэатра-студыі гульнi "Суседзі".

Сваімі ўражаннямі ад восеньскага кірмашу падзяліліся як прадаўцы, так і пакупнікі.

Яніна Славінская з Навагрудка:
- На кірмаш уДзятлаве мы прыехалі ўпершыню. Нягледзячы на дрэннае надвор'е, мы ў добрым настроі і вельмі рады, што знаходзімся сёння тут. Нам далі месца для гандлю, на працягу ўсяго кірмашу іграе вясёлая музыка і выступаюць дзятлаўскія артысты. Уся прадукцыя, якую мы вырасцілі сваімі рукамі і прывезлі сёння на продаж, карыстаецца попытам: саджанцы, грушы, арэхі, капуста, бульба. Цэны ўсталявалі прымальныя для людзей: не даражэй за 30 капеек - капуста і бульба, грушы предаём па адным рублі. Хацелася б часцей прыязджаць на такія кірмашы - чакайце нас у наступным годзе!

Валянціна Парфімчык з Дзятлава:
- Сёння вельмі добры і вясёлы дзень, бо я на кірмашы ў сваім любімым горадзе Дзятлаве. Як і многія іншыя, прыйшла купіць неабходныя прадукты: капусту, цыбулю, буракі. Хачу пажадаць усім удзельнікам кірмашу цяпла, дабра, здароўя, ласкі і ўсяго самага найлепшага.

Варта адзначыць, что за лепшую арганізацыю гандлю сярод сельскагаспадарчых арганізацый Дзятлаўскага раёна былі ўручаны дыпломы і грашовыя прэміі: першае месца - у КСУП "Жукоўшчына", сярэбраная перамога - у КСУП "Хвінявічы", бронза - у КСУП "Дварэц-Arpa".

Вадзім ФІЛІПОЎСКІ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/