Будзем помніць і шанаваць



Трыццаць гадоў таму з Афганистана былі выведзены савецкія войскі. Скончылася вайна, што доўжылася дзесяць гадоў. Скончыліся пакуты, смерці, страх, гора родных і блізкіх. Але ніколі не скончыцца вайна для тых, хто праз яе прайшоў і выжыў.

Такіх маладых хлопцаў з Дзятлаўскага раёна было больш за сто чалавек. Яны выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак з гонарам, упэўненыя ў тым, што служаць сваёй Радзіме - Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. I каб не тая вера, не тая іх упэўненасць, наўрад ці змаглі б вынесці жахі, што выпалі на іх долю.

Ёсць у архіве музея і дзве аўтабіяграфіі, напісаныя рукой удзельнікаў баявых дзеянняў - Дзмітрыя Анатольевіча Грыба і Пятра Савельевіча Хамца. Напісаны стрыжнем на пажаўцелай паперы. Ніхто з супрацоўнікаў не помніць, калі прыходзілі хлопцы ў музей: прайшло шмат часу, але запісы засталіся. Запісы як жывое сведчанне пра тую страшную вайну. Лёсы хлопцаў - гэта лёсы соцень "афганцаў" з той жа біяграфіяй, з тымі ж баявымі шляхамі і горнымі дарогамі.

Дзмітрый Анатольевіч Грыб нарадзіўся ў вёсцы Падвялікае Дзянісаўскага сельсавета ў 1967 годзе. У1983 годзе скончыў Падвялікаўскую васьмігадовую школу, паступіў у Казлоўшчынскае СПТВ-191. Пасля вучылішча быў прызваны на ваенную службу. Першыя паўгода служыў ва Узбекістане, у горадзе Фергане, у ваенна-дэсантных часцях. Пасля быў накіраваны ў Віцебскую дывізію, з 1986 па 1987 гады выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане.

Служба праходзіла ў горадзе Кабуле, быў вадзіцелем, часта даводзілася ездзіць у складзе калоны з харчаваннем і боепрыпасамі. Некалькі разоў удзельнічаў у баявых дзеяннях, падвозіў боепрыпасы на месца бою. У час апошняй баявой аперацыі атрымаў раненне, пасля чаго быў камісаваны з радоў Савецкаи арміі.

Доўга знаходзіўся на лячэнні ў розных ваенных шпіталях, у тым ліку ў гарадах Баграме, Ташкенце, Сакі, Мінску. Атрымаў дзяржаўную ўзнагароду - ордэн Чырвонай Зоркі. Працаваў на Казлоўшчынскай мэблевай фабрыцы.

Пётр Савельевіч Хамец нарадзіўся ў вёсцы Косічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў 1962 годзе. У 1977 годзе скончыў Косінскую васьмігадовую школу і паступіў у Магілёўскае СПТВ-1 імя К. П. Арлоўскага. У 1981 годзе быў прызваны ў рады Савецкай арміі. Служыў у Туркменіі, у Ашхабадзе. Восенню 1981 года быў накіраваны на праходжанне службы ў Афганістане. Трапіў у мотастралковы полк, быў снайперам. Шмат разоў удзельнічаў у баявых дзеяннях. Апошнія паўгода службы быў аператарам-наводчыкам БМП. Звольніўся ў запас у маі 1983 года. Працаваў у калгасе "Расія" Дзятлаўскага раёна.

Скупая інфармацыя з аўтабіяграфій, а за ей - дні, месяцы, гады выпрабаванняў на сілу волі, мужнасць і мужчынскую вытрымку.

Пасля заканчэння вайны ў Афганістане ў СССР былі aпyблікаваны лічбы загінулых савецкіх салдат з разбіўкай па гадах. 1981 - 1298 чалавек, 1982 - 1948, 1984 - 2343. Героі нашага артыкула выжылі ў афганскім пекле, ім пашчасціла. Але не пашчасціла 13835 чалавекам, пра якіх напісала газета "Праўда" 17 жніўня 1989 года.

Лічбы ахвяр змяняліся, канчатковая была абнародавана ў 1999 годзе ў час дзясятай гадавіны вываду савецкіх войскаў з Афганістана. Яна склала 15031 чалавек. Сярод іх і два нашы землякі - Дзмітрый Лазовік з Малой Палонкі і Аляксандр Шылаў з Наваельні.

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць экспазіцыя пра падзеі той жудаснай вайны. У гэтым годзе стараннямі супрацоўнікаў музея і краязнаўца Сяргея Каско, настаўніка Круцілавіцкай школы, будзе ўстаноўлена памятная дошка на сцяне Дварэцкай школы, якую скончыў Дзмітрый Лазовік, а таксама створана кніга памяці афганцаў - нашых землякоў.
Вечная памяць і пашана тым, хто годна выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак.

Алена АБРАМЧЫК, навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/