БРЫЛЬЯНТАВАЯ ПРЫГАЖОСЦЬ СЯМ'І



У маі бягучага года сваё брыльянтавае вяселле — 60 гадоў сумеснага жыцця адзначаць Людміла Васільеўна і Канстанцін Казіміравіч Каратышы з вёскі Кажухоўцы.

Гісторыя іх знаёмства пачалася з вясковага вяселля, на якое яны былі запрошаны. Канстанцін — як сябар жаніха, Людміла — як сяброўка нявесты. Праз паўгода яны стварылі ўжо сваю сям'ю. Кажуць, што гэта было каханне з першага погляду, а яшчэ аб'яднала іх падабенства нялёгкіх жыццёвых сітуацый.

Распісаліся Людміла і Канстанцін у сельскім савеце. А павянчаліся толькі праз пяцьдзясят гадоў — у свой залаты юбілей сямейнага жыцця.
Кажухоўцы — гэта радзіма Канстанціна Казіміравіча. Людміла Васільеўна нарадзілася ў вёсцы Ятра цяперашняга Навагрудскага раёна. У трохгадовым узросце яна засталася сіратой: маці трапіла ў нямецкі палон, бацька загінуў на вайне. Выхоўвала Людмілу бабуля — Надзея Кліменцьеўна. Пасля замужжа ўнучкі Надзея Кліменцьеўна пераехала разам з ёй у Кажухоўцы, дапамагала гадаваць дзяцей, паколькі дэкрэтнага водпуску ў тыя гады не давалі.

Праз два гады пасля вяселля Канстанціна Казіміравіча прызвалі на армейскую службу, якую ён праходзіў на тэрыторыі Грузіі, амаль на мяжы з Турцыяй, у авіяцыйным палку. Вярнуўшыся дахаты, уладкаваўся працаваць у калгас шаферам. Вадзіў аўтамабіль "ГАЗ-53", самазвал, некаторы час быў вадзіцелем аўтобуса. Расказваючы аб мінулай працы, Канстанцін Казіміравіч узгадвае, што яго шаферская дарога пралегла не толькі праз тэрыторыю Беларусі, але і за яе межамі.

Душэўным захапленнем Канстанціна Казіміравіча з'яўляецца ігра на гармоніку. Асвоіў ён гэты інструмент самастойна, яшчэ да армейскай службы. А ў арміі навучыўся іграць яшчэ і на баяне.

— Менавіта за свой музычны талент ён мне і прыглянуўся,— жартуе, гледзячы на мужа, Людміла Васільеўна.

Таксама як і Канстанцін Казіміравіч яна ўсё жыццё адпрацавала ў калгасе. Спачатку — даяркай, пасля — паляводам. Неяк на заробленую прэмію купіла швейную машынку "Падольская". 3 яе дапамогай шыла сукенкі простага крою для сябе, для дочак, вопратку для мужа.

У Людмілы Васільеўны і Казіміра Канстанцінавіча — тры дачкі. Старэйшай — ужо пяцьдзясят восем гадоў.

"Брыльянтавыя" юбіляры — багатыя дзядуля і бабуля: у ix чатыры ўнукі і пяць праўнукаў.

— Сёння мы жывём дзеля дзяцей, — адзначае Людміла Васільеўна. — Галоўнае — каб у іх было ўсё добра, каб яны былі здаровыя, каб іх жыццё склалася.

А, увогуле, сакрэтам сямейнага даўгалецця юбіляры называюць узаемапавагу, узаемападтрымку, а таксама роднасць душаў, якая за многія гады стала толькі мацнейшай.

А. ГОМАН

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/