Брава, музЫка!



Пра жыццё і музыку Івана Конана

Вайна застала Івана Конана на хутары пад Хвінявічамі. Мабілізаваць яго ў Чырвоную Армію не паспелі, а можа проста не глянуўся ён чырвоным камандзірам. Хоць і стукнула хлопцу 19 гадкоў, але расточку невялікага, худзенькі. Атрымалася зусім як у зухаватай некалі песні: «...без тебя большевики обойдутся". А вось новая нямецкая ўлада не абышлася: i паехалі браты Конаны — Іван ды Грыша — у дашчатым грузавым вагоне эканамічна мацаваць трэці рэйх. Мабілізавалі іх, і не толькі іх, у хвінявіцкім наваколлі, на прымусовую працу ў Германію.Прывезлі ў Саксонію.

— У Ляйпцыг, — удакладняе Іван Якаўлевіч. Мы сядзім з ім на канапе ў Засецці і спрабуем скласці, няхай бы і сціслую, гісторыю яго 94-гадовага жыцця. Трымаецца мой субяседнік бадзёра, пазвоньвае медалямі на пінжаку, але памяць яму раз-пораз здраджвае.

— Даўно было, за немцамi, — перыядычна адфутбольвае ён мае спробы ўдакладніць гады і месцы падзеяў. Ды і не цікавыя яму гэтыя лічбы-геаграфія, ён засяроджаецца на эмоцыях, на яркіх эпізодах былога з ім. У такія гады мае на гэта права. Вось "Ляйпцыг" Іван Якаўлевіч вымаўляе цвёрда, упэўнена — зарубка ў памяці не выклікае аніякага сумнення. I гучыць назва горада менавіта па-нямецку - Ляйпцыг.

— Шпрэхен зі дойч? — здагадваюся, што ён ведае нямецкую мову, прынамсі, дастаткова, каб размаўляць у побыце.
— Я, я! Зэр гут! — ахвотна падхоплівае суразмоўца і кажа, што мог быць нават перакладчыкам з нямецкай. За тры гады ў Германіі нямецкую ён добра-такі падвучыў. Немцы, відаць, адразу даўмеліся, што перад імі, няхай і вясковы з пяццю класамі адукацыі, але кемлівы хлопец, можа, якраз таму хвінявіцкаму Івану ў Саксоніі і пашанцавала.

Новапрыбыўшага гастарбайтара адабралі для працы ў аэрапорце. Аэрапорт мясціўся паміж суседнімі гарадамі Лейпцыгам і Галле, ён і цяпер там месціцца — называецца "Лейпцыг-Галле". I знакаміты, між іншым, тым, што самалёты з тэрміналу да ўзлётна-пасадачных палосаў вырульваюць над... аўтабанам і чыгункаю. Відовішча для тых, хто гэта бачыць упершыню, уражлівае: зверху раз-пораз праязджаюць масіўныя "Боінгі", знізу бясконцым патокам імчаць аўтамабілі. Аэрапорт "Лейпцыг-Галле" месціцца ў невялікім гарадку Шкойдзіц. У час вайны там і рамантавал і самалёты.

— Мы з галандцам латалі крьілы, — удакладняе Іван Якаў-левіч. — Я Трымаю, а ён свідруе...

Жылі як для ваеннага часу няблага. Маладосць дапамагала ўсё перацярпець. Начавалі ў бараках, удзень працавалі ў майстэрні. Орднунг (парадак, дысцыпліну) не парушалі, і ўлады аэрапорта інтэрнацыянал гастарбайтараў асабліва не прыцяснялі.

3 "нямецкіх" гадоў, акрамя ўспамінаў, засталося ў Івана Якаўлевіча захапленне губнымі гармонікамі. Boсь i пры нашай размове, знясіліўшыся ад успамінаў, ён не-не ды і падхопліваўся:
— Павесяліць, мо? На гармоніку...

Урэшце я, здаўся: грай, музЫка! i ён зайграў. Нечакана хораша зайграў. Даўнейшыя, ніколі, здаецца, не чутыя мелодыі.

— А як вы з Германіі ехалі? — дапытваюся ў музыкі.
— Немцы ўцяклі, і мы паўцякалі, — кажа.

Іван Конан вярнуўся дахаты, а ў канцы 1945 года быў прызваны на вайсковую службу. 7 лістапада 1945 года ён урачыста прыняў прысягу ў 94-ым асобным батальёне аховы. Адслужыў толькі год. У лістападзе 1946-га яго звольнілі ў запас паводле Указа Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 22 кастрычніка 1946 года. Праўда, на вайсковую службу ён яшчэ трапіць. Амаль праз 10 гадоў, у 1955-ым, яго прызавуць на 90-дзённыя вайсковыя зборы і стане ён пасля курса навучання наводчыкам экіпажа сярэдняга танка.

А ў цывільным жыцці будзе і гонтарэзчыкам у райпрамкамбінаце (відаць, някепскім, што засведчаць запісы ў працоўнай кніжцы пра аб'яўленыя падзякі за выкананне і перавыкананне нормаў выпрацоўкі ў 1956-ым і два разы ў 1957 годзе), і рабочым лесазавода, і ў міжкалгаснай будаўнічай арганізацыі будзе працаваць, і на завяршэнне сваёй пралетарскай кар'еры стане качагарам. Спачатку на Дзятлаўскім галаўным маслазаводзе (гэтак, паводле запісу ў працоўнай кніжцы, называлася прадпрыемства), потым - на Дзятлаўскім хлебакамбінаце. Апошні запіс у яго працоўнай кніжцы з'явіцца ў 2002 годзе. 29 лістапада Івана Конана звольняць з працы ў РУП "Аўтамагістраль", дзе ён служыў вартаўніком. Будзе яму на той час 80 гадкоў.

А душа яго праз усе гады будзе спяваць разам з губным гармонікам. Са сцэны Засецкага клуба і не толькі яго. Валянціна Адольфаўна Емяльянчык, загадчыца клуба на працягу трох дзесяцігоддзяў, прыпамінае, што праблемаю для яе была не запрасіць да ўдзелу самабытнага музЫку, а "сцягнуць" яго са сцэны. Іван Якаўлевіч, акрамя таго, што наігрываў на губным гармоніку і "польку", і "кракавяк", і "мазурку", і яшчэ шмат што, да ўсяго і прыпеўкі спяваў. І вось праходзіць аднаго разу, недзе ў канцы 1990-х, у Засецці раённы агляд-конкурс "Грай, гармонік". На сцэне — Іван Конан. Рэгламент свайго выступлення выбраў і раз, і два, і тры, а на ўсе знакі з-за кулісаў вызваліць сцэну не рэагуе. Захапіўся, сыпле то прыпеўкамі, то жартамі, то зноў зайграе. Такі ўжо завадны чалавек.

3 фальклорным гуртам Засецкага клуба Іван Конан выступаў і на абласной сцэне. Кажуць, вельмі ўдала дапаўнялі яны адзін другога з погірскім скрыпачом Іванам Андрэевічам Крагельскім. Што "брава" крьічалі ім у Гродне (было гэта выступленне, здаецца, перад удзельнікамі абласнога семінара работнікаў метадычных цэнтраў культуры), помніць і сам Іван Якаўлевіч.

У фальклорным гурце спявала і жонка Івана Конана — Дар'я Іосіфаўна. Пажаніліся яны ў 1948 годзе, а ў Засецце перасяліліся ў 1962-ім. Тут хату збудавалі, сыноў Мікалая і Аляксандра гадавалі. Метадыст Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці Т. Янушкевіч прыгадвае, што Дар'я Іосіфаўна, акрамя таго, што спявала, яшчэ вязала кручком вельмі прыгожьія карункі. А лёс яе таксама няпросты, давялося і ёй у маладосці зведаць прымусовую працу ў Германіі, вярнулася з наколатым нумарам на руцэ. Яе не стала каля года назад.

I цяпер над 94-гадовым Іванам Якаўлевічам, якому ў лачатку красавіка споўніцца 95, апякуецца пераважна сын Мікалай, мінчанін. А яшчэ — суседзі, калі ад'язджае за сваімі клопатамі сын. I абодва Конаны — бацька і сын — ім вельмі ўдзячны. Менавіта Яніне Міхайлаўне Андрукевіч, Алене lociфаўне Вішнарэўскай, Алене Віктараўне Мацукевіч. Жывуць вяскоўцы па-суседску дружна, дапамагаюць адзін другому.

Апякуецца над Ів'анам Якаўлевічам і сацыяльны работнік Вольга Слізевіч: у хаце прыбярэ, паесці згатуе. Праведвае ветэрана працы старшыня Дзятлаўскага сельвыканкама А. Маркушэўскі. А летась вуліцу Лугавую ў Засецці, дзе жыве І.Конан, пры актыўным спрыянні старшыні райвыканкама А. Дубовіка, заасфальтавалі.

Развітваемся з Іванам Якаўлевічам на вуліцы, ён сам выйшаў праводзіць.
Ці дажыве ён да 100 гадоў, пытаецца ў мяне.
— Абавязкова! — кажу.
— Тады прыязджай ізноў, я табе зайграю, — паабяцаў мне.

Б.ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/