"БЕЛТЭРМІЗ" - ЧЭМПІЁН



5 чэрвеня на пляцоўцы Лядовага палаца ў Гродне ў фінальным матчы жаночага чэмпіянату вобласці па валейболе дзятлаўскі "Белтэрміз" перамог СДЮШОР-ФСК (Ваўкавыскі раён) - 3:0 (25:12, 25:12, 25:11) і стаў чэмпіёнам вобласці.

— Каманда настроілася на барацьбу з першага розыгрышу мяча, — адкаменціраваў матч трэнер "Белтэрмиза" Васіль Русін. — Мы ведалі, што наш сапернік робіць усё магчымае, каб узмацніць свой склад. У прыватнасці, па той бок сеткі была заўважана валейбалістка, якая выступала нават у чэмпіянаце Беларусі і была тэрмінова дазаяўлена. Таму ад стартавага свістка імкнуліся завалодаць ініцыятывай у матчы, дыктаваць свае ўмовы. I нам гэта ўдалося. Лічбы сэтаў красамоўна гавораць пра нашу гульнёвую перавагу, якая, лічу, стала вынікам правільнай тактычнай пабудовы матча. Нашы дзяўчаты ўважліва адгулялі ў абароне, арганізавана пераходзілі ў контратакі і вынікова атакавалі. Прызнаюся, не чакаў, што фінальны матч выйграем з такою перавагаю, можна сказаць, камфортна.

Пасля перамогі ў трох сэтах начальнік упраўлення спорту і турызму аблвыканкама А. Андрэйчык уручыў новаму чэмпіёну вобласці кубак, залатыя медалі і прызавое ўзнагароджанне. Віншаванне з канвертамі атрымае каманда і ад свайго шматгадовага спонсара — камерцыйнага дырэктара ТАА "Белтэрміз" В. Манчука.

Да чэмпіёнскага подыуму вобласці "Белтэрміз" мэтанакіравана, настойліва рухаўся шэраг гадоў запар. У 2010 годзе каманда выступала ў першай лізе чэмпіянату вобласці і стала сярэбраным прызёрам. У 2011-ым вынік быў прадубліраваны — "Белтэрміз" яшчэ раз здабыў сярэбраныя медалі ў першай лізе. Першынство ў першай абласной лізе "Белтэрміз" выйграў з трэцяй спробы — у наступным, 2012 годзе. Чэмпіёнскі тытул даў права на пераход каманды у наступны па рангу дывізіён — вышэйшую лігу. "Белтэрміз" прыняў новы выклік і ў вышэйшым дывізіёне вобласці не схібІў — навічок стаў бронзавым прызёрам чэмпіянату 2013 года. У 2014 годзе каманда яшчэ раз бронзавы прызёр. Новая вышыня дасягнута ў 2015 годзе — "Белтэрміз" стаў сярэбраны. I вось вяршыня: "Белтэрміз" — чэмпіён Гродзенскай вобласці ў вышэйшым дывізіёне! Усе гады каманду збіраў, арганізоўваў яе матэрыяльнае забеспячэнне і інфармацыйнае суправаджэнне, трэніраваў, урэшце натхняў дзяўчат вялікі рупліўца валейболу на Дзятлаўшчыне Васіль Русін.

Б. ВАРНА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/