"Белая Русь" - чэмпіён



Зборная каманда раёна "Белая Русь" - чэмпіён першай лігі чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе

20 кастрычніка на стадыёе "Колас" у Дзятлаве меўся адбыцца апошні, дваццаты, тур чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе. Сонечным нядзельным днём Дзятлаўшчына рыхтавалася гасцінна сустрэць зборную каманду Смаргонскага раёна ФК "Вілія". Шчыра чакалі гэты матч раённыя заузятары футбола, балельшчыкі зборнай раёна і, безумоўна, маладое пакаленне юных футбалістаў. Аднак надзеі балельшчыкаў і саміх ігракоў зборнай раёна не спраўдзіліся: запланаваная футбольная сустрэча не адбылася.

Toe, што Смаргонская "Вілія" не прыедзе на чэмпіянат, стала вядома толькі за гадзіну да матча. Што паўплывала на такое рашэнне - адказаць складана. Зразумела толькі а дно: зборная Дзятлаўскага раёна па выніках згуляных матчаў склала сур'ёзную канкурэнцыю сваім сапернікам, а гэтага яны, напэўна, ніяк не чакалі. Апошнія туры дзятлаўская зборная прайшла без паражэнняў і па іх выніках аказалася ў ліку лідараў, а таму, безумоўна, стала сур'ёзным рэгіянальным сапернікам для каманд-удзельніц чэмпіянату. Іншых прычын - вельмі моцны сапернік, - каб растлумачыць, чаму госці футбольнай сустрэчы не прыехалі на апошні матч, знайсці цяжка.

Зборная каманда раёна, каб падтрымаць маральны дух сваіх балельшчыкаў, прыняла рашэнне поўным саставам правесці сяброўскі матч паміж сваімі ігракамі. Гульня атрымалася не менш захапляльнай за абласную сустрэчу.

Па ўмовах чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе, зборная каманда, якая знімаецца са спаборніцтваў, прызнае свае паражэнне, і чэмпіёнам спаборніцтваў аўтаматычна становіцца каманда іх сапернікаў. Такім чынам, чэмпіёнам першай лігі чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе прызнана зборная каманда Дзятлаўскага раёна "Белая Русь".

Па заканчэнні сяброўскага матча зборную каманду Дзятлаўшчыны з важнай перамогай павіншавалі галоўны спецыяліст Дзятлаўскага райвыканкама Дзмітрый Ёда і першы сакратар раённага камітэта ГА "БРСМ" Кацярына Хілімончык. У сваім выступленні Дзмітрый Казіміравіч адзначыў, што сёлетняя перамога "Белай Русі" ў чэмпіянаце Гродзенскай вобласці па футболе - гэта вельмі прэстыжная і доўгачаканая перамога. Ён запэўніў ігракоў зборнай, што камандзе будзе абавязкова аказана падтрымка ў любых пачынаннях дзеля далейшага развіцця майстэрства гульні і ўдзелу ў спаборніцтвах.

Кацярына Хілімончык выказала словы віншавання і ўручыла памятныя падарункі легіянерам, якія сёлета выступаюць за зборную Дзятлаўшчыны.

У сваю чаргу ігракі зборнай каманды раёна "Белая Русь" дзякуюць балельшчыкам за шчырую падтрымку на працягу правядзення ўсіх тураў чэмпіянату Гродзенскай вобласці па футболе, за цёплыя словы віншаванняў і спадзяюцца на тое, што дзятлаўчане і надалей будуць падтрымліваць зборную каманду раёна, стануць актыўнымі наведвальнікамі футбольных матчаў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/