Баль адкрыўся паланэзам



На пачатку кастрычніка 2019 года ў Новаяльнянскім доме культуры пачалі збірацца аматары лячэбнай гімнастыкі і бальных танцаў. Сваё аб'яднанне па інтарэсах яны назвалі "Эпатажны блюз". А напрыканцы 2019-га, амаль праз тры месяцы, ужо зладзілі сапраўдны баль з рамантычнай назвай "Пад музыку Вівальдзі...".

Чым вызначаюцца балі? Бляскам, строгім этыкетам, пэўным парадкам. Усё гэта прысутнічала. На баль удзельніцы прыйшлі ў доўгіх прыгожых сукенках, і адкрыўся ён паланэзам - самым строгім афіцыйным танцам.

У час мерапрыемства ад вядучых прысутныя пачулі шмат карыснай інфармацыі: адкуль паходзіць вальс, полька, кракавяк. Гэтыя танцы таксама асвоілі наведвальнікі аб'яднання па інтарэсах "Эпатажны блюз" і станцавалі на балі.

Дарэчы, стала вядома, што ёсць ідэя правесці ў сакавіку 2020 года ў Дзятлаве "Радзівілаўскі баль". Да такога балю, можна сказаць, дамы з Наваельні гатовы. Застаецца ўгаварыць кавалераў, і фурор забяспечаны!

Такое адметнае баўленне часу, як заняткі аздараўленчай гімна-стыкай, бальнымі танцамі, з'явілася ў Новаяльнянскім доме культуры дзякуючы паразуменню кіраўніцтва ўстановы і мясцовага энтузіяста Анатоля Аляксандравіча Кардаша. Аб'яднанне "Эпатажны блюз" набыло і набывае сваіх верных прыхільнікаў, яго ўжо наведваюць больш за 20 жанчын.

Год "эпатажнікі" завяршылі прыемнай, незвычайнай сустрэчай-балем, і ў новым годзе іх будзе нямала, бо ў кіраўніка шмат планаў і задумак.

Іна ЯЎСЕЙЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/