Багатая на гады



У Казлоўшчынскім аддзяленні кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна 31 студзеня адбылося сапраўднае свята.

Юліі Фларыянаўне Гульнік, жанчыне з няпростым лёсам, споўніўся цэлы век. Доўгажыхарка амаль не заўважыла, як стала багатай на гады.

Няшмат людзей, якія могуць дасягнуць трохзначных узроставых лічбаў і мець магчымасць убачыць не толькі праўнукаў, але і прапраўнукаў. А вось Юліі Гульнік жыццё падарыла шчасце ведаць сваіх нашчадкаў некалькіх пакаленняў. Гэта ўжо можна назваць адной з галоўных падставаў для шчырых усмешак. А дабавіць добрага настрою жанчыне прыехалі госці з вобласці, раёна і нават з іншай краіны.

Са значнай падзеяй імянінніцу павіншавалі старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі ГА "Белая Русь" Ігар Кухарэвіч, намеснік старшыні - начальнік упраўлення пенсій і дапамог камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Аліна Варанюк. Актыўнага даўгалецця юбілярцы пажадалі начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Алена Васкель, дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык, старшыня раённай арганізацыі ГА "Беларускі саюз жанчын" Алена Жадзейка.

Паколькі Юлія Фларыянаўна ўраджэнка Вензаўца, павіншаваць яе з векам жыцця таксама прыехалі старшыня Вензавецкага сельсавета Алег Шымко, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП "Вензавец" Святлана Радзюк. Салодкія пачастункі для жыхароў аддзялення ў гэты святочны дзень прывезлі першы сакратар раённай арганізацыі ГА "БРСМ" Кацярына Хілімончык і старшыня раённай арганізацыі ГА "Беларускі Чырвоны Крыж" Галіна Касцюк.

У адрас юбіляркі было выказана шмат пажаданняў жыць яшчэ доўга і адчуваць сябе маладой і здаровай.

Не памылюся, калі скажу, што самым чаканым госцем для Юліі Фларыянаўны быў яе ўнук Алёг, які прыехаў на свята да бабулі з Калінінграда. Так склаўся лёс, што сваю матулю Алег страціў яшчэ ў дзяцінстве, таму матчынай любоўю яго надзяліла бабуля Юля.

Душэўныя песні, менавіта такія, якія падабаюцца імянінніцы, выканалі артысты з Казлоўшчынскага дома культуры і жыхары Казлоўшчынскага аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў.

Юлія Фларыянаўна засталася пад уражаннем ад свята ў яе гонар і не магла стрымаць слёз радасці.

Юлія БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/