Атрымаць імпульс да жыцця



У Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы адбылося асвячэнне малельнага пакоя.

Летась намаганнямі святароў Дзятлаўскага благачыння ў бальніцы быў абсталяваны малельны пакой, каб усе людзі, якія знаходзяцца ў стацыянары, мелі магчымасць стаць бліжэй да міласэрнага Госпада, папрасіць у Яго вылячэння ад хваробаў духоўных і цялесных.

3 хлебам-соллю адміністрацыя бальніцы, святары Дзятлаўшчыны і прыхаджане сустрэлі вікарыя Навагрудскай епархіі, епіскапа Дзятлаўскага Пятра.

Уладыка здзейсніў малебен, папрасіў у Госпада благаславення для ўсіх людзей, якія моляцца, і адзначыў, што, уваходзячы ў дом, прынята прыносіць падзяку і жадаць міру. У якасці такой падзякі епіскап Пётр падарыў абраз Божай Маці, які называецца "Панагія":
- Я жадаю, каб кожны чалавек меў спадзяванне на Бога Міласцівага і каб Царыца Нябесная дапамагала.

Архіпастыр правёў чын асвячэння малельнага пакоя, падзякаваў усім, хто працаваў над яго стварэннем. Таксама ён звярнуўся да медперсаналу і падкрэсліў, што задача работнікаў бальніцы няпростая: аздараўляць тых людзей, якія губляюць надзеі. Малельны пакой стане для пацыентаў мёсцам, дзе яны ўбачаць святло Божай іскры, здабудуць сілу духа і веру ў тое, што хутка наступіць палёгка і выздараўленне.

Разам з епіскапам Пятром таксама прыехалі студэнты Мінскай духоўнай семінарыі, якія выканалі царкоўныя спевы.

Людзі прыходзяць у бальніцу не толькі атрымаць лячэнне, але і імпульс да жыцця. Галоўны доктар Дзятлаўскай ЦРБ Марыя Максімовіч адзначыла, што асвячэнне малельнага пакоя - знакавая падзея не толькі для работнікаў установы аховы здароўя, але і для ўсіх вернікаў Дзятлаўшчыны.

Благачынны Дзятлаўскай царкоўнай акругі іерэй Іаан Кісель падзякаваў вікарыю Навагрудскай епархіі, епіскапу Дзятлаўскаму Пятру за архіпастырскі візіт, благаславенне, малітву і стваральнае слова.

На развітанне кожнаму верніку Уладыка падарыў абраз свяціцеля Мікалая Цудатворцы і грамнічную свечку.

Юлія БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/