Арт-пляцоўка для дашкольнікаў



У дзяцей дашкольнага ўзросту высокі пазнавальны інтарэс, разнастайны і багаты змест дзейнасці, яны з жаданнем успрымаюць розныя даручэнні, уключаюцца ў даследаванні, вопыты, гульні. У выхаванцаў паступова ўдасканальваюцца здольнасці гуляць, будаваць, спяваць, размаўляць, слухаць, маляваць.

3 гэтай мэтай у дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці № 2 горада Дзятлава прадугледжана магчымасць выкарыстання свабодных калідораў і фае для рознабаковага развіцця дзяцей, у тым ліку выхаванцаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.

3 пачатку навучальнага года ў фае былі створаны выставы "Усё для нашага горада", "Паштоўкі з мінулага Дзятлава", "Дзень маці", "Этнафотазона", "Тэатральная студыя". Цяпер там аформлена рознакаляровая арт-пляцоўка, дзе выхаванцы разам з бацькамі знаёмяцца з творчасцю беларускіх мастакоў Івана Хруцкага, Міхаіла Савіцкага, Вітольда Бялыніцкага-Бірулі, Антона Бархаткова. На зменнай экспазіцыі "Кінастужка" размяшчаюцца фотаздымкі мастакоў і здымкі іх твораў. Для пашырэння ўяўленняў аб творах на беларускай мове прапаноўваюцца куткі: "Міні-бібліятэка", "Чытанкі-маляванкі", "Тэматычныя паштоўкі", "Мадэлі-малюнкі".

Асаблівую цікавасць у дзяцей з парушэннямі маўлення выклікаюць чытанкі-маляванкі, дзе на аркушы прапануецца размаляваць малюнак, да якога дадаецца тэкст верша, народнай казкі ці песні. Гэта дазваляе дзецям замацаваць успрыманне зместу твораў на беларускай мове.

Гульні на арт-пляцоўцы садзейнічаюць маўленчаму развіццю, развіццю сэнсорыкі, наглядна-вобразнага мыслення, пазнавальных інтарэсаў, творчага ўяўлення. Гэта вельмі змястоўна, карысна і цікава для ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу ва ўстанове дашкольнай адукацыі.

Вікторыя СЁМУХА, выхавальніца дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 г. Дзятлава

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/