АЛЯКСАНДР МАРКУШЭУСКІ: "ПРАЦАВІТАСЦЬ I ГАСПАДАРЛІВАСЦЬ ВЯСКОЎЦАЎ - ГАЛОЎНАЯ ПРЫЧЫНА НАШЫХ ПОСПЕХАЎ"



Аляксандр Маркушэўскі, старшыня Дзятлаўскага сельскага Савета дэпутатаў:
— Сёлета ўпершыню буду прадстаўляць раён на Усебеларускім народным сходзе. Гэта для мяне вялікі гонар і адначасова вялікая адказнасць. На форуме, спадзяюся, будзе магчымасць абмеркаваць надзённыя пытанні з калегамі з іншых рэгіёнаў краіны, пераняць станоўчы вопыт, падзяліцца нашымі дасягненнямі.

Дзятлаўскі сельскі савет, які я ўзначальваю, — адзін з самых буйных у раёне: ён налічвае 32 населеныя пункты, 2100 жыхароў. Аграгарадок Раклевічы на тэрыторыі нашага сельскага Савета стаў першым з сельскіх населеных пунктаў, у якім прайшло раённае свята работнікаў вёскі "Дажынкі". Было зроблена вельмі многа па добраўпарадкаванні населенага пункта: абноўлены фасады будынкаў, агароджы, капітальна адрамантаваны фельчарска-акушэрскі пункт, Дом культуры, вясковая сталовая, якая на сёння з'яўляецца адной з лепшых у раёне, часткова адрамантавана школа. За мінулую пяцігодку ў аграгарадку было праве дзена газавае ацяпленне.

Гэта толькі адзінкавы прыклад з той пастаяннай мэтанакіраванай работы па навядзенні парадку на зямлі, якая вядзецца на тэрыторыі сельскага Савета. Сумеснымі намаганнямі было ліквідавана нямала авары иных дамоў у вёсках, уведзены ў севаабарот новыя землі. Згодна з планам, цягам года суботнікі па добраўпарадкаванні праходзяць у кожным з населеных пунктаў, людзі ахвотна ўдзельнічаюць у іх. Надзейнымі памочнікамі, адукаванымі арганізатарамі і мудрымі дарадцамі па справах сельскага Савета з'яўляюцца 22 старасты населеных пунктаў сельсавета.

Дзятлаўскі сельвыканкам пастаянна цесна супрацоўнічае з сельгаскааператывам "Русь-Агра", які таксама мае чым ганарыцца. За апошнія пяць гадоў была ўведзена ў эксплуатацыю малочнатаварная ферма на 777 кароў у вёсцы Хадзяўляны, сучасная збожжасушылка ў Апаліна-Басіне, бульбасховішча ў Пенчыцах.

Развіваючыся ўсебакова, мы надаём вялікае значэнне сферы культуры. На тэрыторыі сельсавета паспяхова працуюць творчыя калектывы і аб'яднанні. Наш тэатр-студыя гульні "Прымакі" стаў лаўрэатам фестывалю "Карнавал весялосці" ў Воранаве, Андрэй Савасцюк — прызёрам фестывалю фальклору "Панямоння жыватворныя крыніцы", Андрэй Пузач і Валерый Іванашка — аднымі з лепшых выканаўцаў агляду-конкурсу "Песенны вернісаж". У нас працуюць выдатныя майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, беражліва захоўваюцца традыцыі і абрады старэйшых пакаленняў.

Наш сельскі Савет неаднаразова ўзнагароджваўся дыпломамі і граматамі. У гэтым годзе па выніках сацыяльна-эканамічнага развіцця Дзятлаўскі сельвыканкам занесены на раённую Дошку гонару. Менавіта працавітасць і гаспадарлівасць вяскоўцаў — галоўная прычына нашых поспехаў.
Галоўны курс, якога мы трымаемся ў сваёй штодзённай працы, адлюстроўваецца словамі Прэзідэнта краіны: мы прымалі і будзем прымаць усе магчымыя меры па паляпшэнні якасці жыцця людзей.

Падрыхтавала да друку Н. СТУПЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/