Аляксандр Лакотка: "Наша адметнасць - беларуская вёска"



У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі з жыхарамі раёна сустрэўся Аляксандр Лакотка, дырэктар Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К. Крапівы Нацыянальнай акадэміі навук Рэспублікі Беларусь, доктар гістарычных навук і архітэктуры, прафесар, акадэмік НАН Беларусі.

Аляксандр Іванавіч нарадзіўся ў вёсцы Кузьмічы Дзятлаўскага раёна. На Дзятлаўшчыне ён правёў сваё дзяцінства, але на сваю малую радзіму вяртаецца з цеплынёй у душы.

Імя гэтага чалавека вядома далека за межамі нашага раёна, і гэта не выпадкова. Аляксандр Іванавіч з'яўляецца аўтарам праектаў рэстаўрацыі шэрагу аб'ектаў гісторыка-архітэктурнай спадчыны.

Вучоны даследаваў агульныя і рэгіянальныя асаблівасці беларускага народнага дойлідства, цікавіцца беларускай архітэктурай. ён выявіў вялікую колькасць народных помнікаў. Усе намаганні зберагчы для нашчадкаў нацыянальныя каштоўнасці прывялі да таго, каб стварыць музей народнай архітэктуры пад адкрытым небам.

На сваю родную зямлю ён прыехаў з жонкай Святланай і сынам Яўгенам.

Аляксандр Лакотка расказаў пра сваю навуковую і творчую дзейнасць, узгадаў маладосць, адказаў на пытанні дзятлаўчан.

Госці на сустрэчы цікавіліся, калі ў адданага архітэктуры чалавека пачалося захапленне жывапісам. А пачалося яно, як узгадаў акадэмік, з ранняга дзяцінства. Бацька Аляксандра Лакоткі быў настаўнікам і маляваў ілюстрацыі гістарычных падзей для дзяцей у школе. Сын пераняў талент і пачаў самастойна займацца выяўленчым мастацтвам. Гэта пераняслося і ў дарослае жыццё. Аляксандр Лакотка часам піша на палатне, а дзіцячыя малюнкі на паперах захоўвае дагэтуль жонка Святлана. На памяць, каб засталося для сям'і.

Доктар гістарычных навук і архітэктуры можа доўга разважаць на тэму, у якой разбіраецца выдатна. Вось і са сваімі землякамі падзяліўся поглядамі наконт таго, ці ёсць штосьці адметнае ў архітэктуры нашай краіны, характэрнае толькі для Беларусі:
- Архітэктура Беларусі ўнікальная тым, што яна, як і іншыя віды мастацтва, адлюстроўвае сінтэз культур усходу і захаду Еўропы. Тут ёсць і готыка, і рэнесанс, і рускі ампір, і кананізаваная архітэктура.

Аляксандр Лакотка лічыць, што выразнай у нашай краіне з'яўляецца, як гэта не дзіўна, вясковая архітэктура:
- Калі заехаць у якую-небудзь нашу вёску, здаецца, што ўсе дамы быццам "нарэзаныя", стаяць побач у радок. Такая з'ява склалася ў XVI стагоддзі, і інфраструктура такога ўзору захавалася сёння. Раней у дварах будавалі гумно. Такая традыцыя захавалася ў нас, але, як гаворыць вучоны, яе ўжо няма ў Расіі, ва Украіне, у Польшчы.

- Гэта наша нацыянальная з'ява, наша адметнасць - беларуская веска, - упэўнены Аляксандр Лакотка.
Вядома, што многіх дзятлаўчан турбуе праблема рэканструкцыі палаца Радзівілаў. Што можа паспрыяць рэканструкцыі гістарычнага будынка?
- Справа няпростая, і трэба мець магчымасць уключыць гэты праект у адну з дзяржаўных праграм, - пракаментаваў Аляксандр Лакотка. - Трэба спадзявацца, што ўсё атрымаецца агульнымі намаганнямі. Важна папулярызаваць гэты помнік у грамадскай свядомасці, больш расказваць пра яго людзям. Можна праводзіць каля яго святы і традыцыйныя мерапрыемствы, каб пра гэты палац даведаліся ў краіне больш шырока, - прапанаваў доктар гістарычных навук і архітэктуры.

Пасля сустрэчы работнікі Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея правялі для навукоўца і яго сям'і экскурсію па выставачных залах, а ён абяцаў вяртацца на сваю малую радзіму яшчэ не раз.

Юлія БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/