Афганістан: памяць мужных



30 гадоў таму савецкія салдаты пакінулі зямлю Афганістана. Юбілейнай даце і ўшанаванню воінаў-афганцаў прысвечаны сустрэчы, якія праходзілі на Дзятлаўшчыне.

Напярэдадні 15 лютага павіншаваць са святам j ўручыць юбілейны медаль у госці да Віктара Лябецкага прыехалі старшыня раённага выканаўчага камітэта Аляксандр Дубовік, ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец, старшыня раённай арганізацыі ветэранаў вайны ў Афганістане Алег Драгунскі і актывісты раённага грамадскага аб'яднання "БРСМ" на чале з першым сакратаром Кацярынай Хілімончык.

Аляксандр Дубовік выказаў Віктару Лябецкаму словы падзякі за мужнасць і адвагу ў цяжкіх ваенных абставінах, пажадаў самага галоўнага ў жыцці — здароўя і даўгалецця.

Падтрымаў словы старшыні райвыканкама Генадзь Суравец. Ён адзначыў, што нашы салдаты годна выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак, і гэта вялікая падстава ганарыцца сваімі землякамі.

Моладзь Дзятлаўшчыны пажадала Віктару Уладзіміравічу пакінуць усе жахі Афганскай вайны ў мінулым дзеля светлай будучыні.

Ад раённай арганізацыі "БРСМ" Каця-рына Хілімончык перадала Віктару Лябецкаму падарункі і кветкі.

Шмат маладых дзятлаўчан выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане, і пра гэта ніхто не забудзе.
Яшчэ адна сустрэча ладзілася ў Гезгалаўскай сярэдняй школе. Святочную праграму падрыхтавалі артысты Гезгалаўскага дома культуры і навучэнцы ўстановы.

Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец уручыў памятныя ўзнагароды - медалі "30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана" жыхарам аграгарадка, якія былі ўдзельнікамі той вайны - Вячаславу Касенюку і Віктару Каско, такі ж медаль будзе ўручаны Мікалаю Булаўко, які нё змог прысутнічаць на мерапрыемстве.

Былыя салдаты не любяць узгадваць свае "афганскія гады", тым не менш, юныя жыхары аграгарадка даведаліся і расказалі са школьнай сцэны асноўныя факты іх асабістых гісторый, звязаныя з выкананнем інтэрнацыянальнага абавязку.

Даніну памяці ўсім, хто мае дачыненне да гераічнай і трагічнай Афганскай вайны, аддалі ў Дварэцкай сярэдняй школе. Тут адбылася сустрэча з адзінаццаццю нашымі землякамі воінамі-інтэрнацыяналістамі.

Ваенны камісар Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец адзначыў, што 15 лютага - гэта дзень, калі неабходна ўспомніць тых, хто аддаў сваё жыццё на той вайне, і аддаць даніну павагі ўсім, хто прайшоў дарогамі Афганістана. Ён уручыў ветэранам-афганцам юбілейныя медалі "30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана".

Са шчырай прамовай звярнуўся да ўсіх настаяцель храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы аграгарадка Дварэц айцец Сергій: "Людзі, якія пакінулі сваё жыццё на той афганскай зямлі, хоць і не нашай, абаранялі нас. Хацелася б, каб памяць пра гэтых герояў была вечнай, перадавалася з пакалення ў пакаленне. Усе, хто там загінуў, - сапраўдныя героі". Таксама пажадаў усім Божай дапамогі і падтрымкі ў жыцці.

Выказала шчырую падзяку воінам-афганцам за іх мужнасць і адвагу, пажа-дала здароўя, шчасця, дабрабыту ім і іх сем'ям стараста аграгарадка Дварэц Вера Сёмуха.

Яшчэ раз успомнілі свайго земляка Дзмітрыя Лазовіка, які не вярнуўся дадому з вайны жывым, хвілінай маўчання ўшанавалі яго памяць.

На працягу сустрэчы краналі да глыбіні душы песні ў выкананні Аляксандра Баклушына і вершы, якія чыталі школьнікі. Напрыканцы выступіла школьная агіт-брыгада "Дварэцкія зорачкі".

Павіншавалі былых воінаў-афганцаў - работнікаў арганізацыі з юбілейнай датай у ДЛГУ "Дзятлаўскі лясгас".
На сустрэчу былі запрошаны шэсць воінаў-інтэрнацыяналістаў, якія сёння сумленна працуюць на прадпрыемстве - Іван Гладкі, Віктар Саўчанкаў, Аляксандр Каско, Вячаслаў Касянюк, Віктар Каско, Віктар Стэльмах.

Вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце Аляксей Урбановіч павіншаваў ветэранаў Афганскай вайны з 30-й гадавінай вываду савецкіх войскаў з Афганістана, адзначыў, што ў нашай краіне робіцца нямала для тага, каб памяць аб тых трапчных падзеях жыла і цяпер. Галоўным і самым важным прыкладам для памяці пакаленняў застаюцца жывыя ўдзельнікі тых падзей - ветэраны вайны ў Афганістане.

У Доме культуры гарадскога пасёлка Наваельня прайшло ўрачыстае мерапрыемства пад назвай "Жывая памяць - Афганістан". У час сустрэчы юбілейныя медалі ад ваеннага камісара Дзятлаўскага раёна Генадзя Сураўца, кветкі і падарункі ад калегаў па рабоце, землякоў і актывістаў грамадскіх аб'яднанняў атрымалі воіны-афганцы, якія жывуць на тэрыторыі Наваельнянскага і Данілавіцкага сельскіх саветаў.

Сустрэча з шасцю воінамі-афганцамі адбылася ў Хвінявіцкай сярэдняй школе. Вайна ў Афганістане стала неад'емнай часткай іх жыцця, якая наклала адбітак на далейшы лес. За іх мужнасць, адвагу, вернасць Радзіме ў тыя нялёгкія часы выказаў словы падзякі намеснік ваеннага камісара Дзятлаўскага раёна Андрэй Волкаў і ўручыў ім юбілейныя медалі "30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана".

Шмат цёплых словаў удзячнасці, віншаванняў з юбілейнай датай з дня заканчэння вайны прагучала і ад прадстаўнікоў Парэцкага сельскага Савета, Хвінявіцкага дома культуры.

Канцэртную праграму для воінаў-інтэрнацыяналістаў падрыхтавалі сектар пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага цэнтра культуры і навучэнцы Хвінявіцкай школы.

Вольга ЮШКЕВІЧ, Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ, Ірына СТЫРНІК, Юлія БАКУНОВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/