Аднойчы і назаўсёды



Нядаўна адзначыла свой юбілейны дзень нараджэння Леакадзія Аляксандраўна Сакольнік. Напярэдадні Новага года ёй споўнілася 90 гадоў.

У гарадскім пасёлку Наваельня добра ведаюць гэтую сціплую жанчыну, бо праз яе чулую душу і шчырае сэрца прайшло не адно пакаленне вучняў. Павіншаваць ветэрана педагагічнай працы Леакадзію Аляксандраўну з юбілеем прыйшлі педагогі і навучэнцы Наваельнянскай сярэдняй школы.

Нарадзілася Леакадзія Сакольнік у 1925 годзе ў вёсцы Старыя Навасёлкі Нясвіжскага раёна. У мястэчку Гавязна скончыла пачатковую польскую школу. Вучыцца прадоўжыла ў польскай гімназіі ў Нясвіжы. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР у Нясвіжы адкрылася руская школа. Дзяўчынка вельмі хацела вучыцца і таму паступіла ў новую навучальную ўстанову. Аднак высветлілася, што Леакадзія не ведае рускай мовы. Вучаніцы давялося яшчэ адзін год правесці ў сёмым класе. Затое пасля заканчэння гімназіі ў 1945 годзе яна здолела паступіць на біялагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Правучыўшыся тут нядоўга, зразумела, што гэта — не яе спецыяльнасць, і перавялася на геаграфічны факультэт. У 1950-ым скончыла ўніверсітэт і па размеркаванні трапіла працаваць на Дзятлаўшчыну. 3 таго часу працоўны і жыццёвы лес Леакадзіі Аляксандраўны звязаны з Наваельнянскай сярэдняй школай, дзе яна адпрацавала больш за сорак гадоў.

Сустрэча з былымі калегамі расчуліла юбілярку, натхніла на ўспаміны.

— У Наваельню я прыехала цягніком, — расказала пра сваё першае знаёмства з Дзятлаўшчынай і гарадскім пасёлкам Наваельня Леакадзія Аляксандраўна. — Пасёлак здаўся мне невялікім, але вельмі ўтульным. Якія тут прыгожыя мясціны, — думала я. — Вось бы ўладкавацца сюды на працу. Вельмі хутка мае мары здзейсніліся: я трапіла настаўнічаць менавіта ў Наваельнянскую школу. 3 калегамі склаліся самыя цёплыя сяброўскія адносіны: настаўнікі дапамаглі мне прызвычаіцца да працы, наладзіць быт.

У Наваельнянскай сярэдняй школе многае змянілася за апошнія дзесяцігоддзі, але Леакадзію Аляксандраўну Сакольнік добра памятаюць тут.

Вось што пра сваю калегу расказвае Тамара Уладзіміраўна Крывеня:
— Яна ніколі не заставалася ў баку ад тых зменаў, якія адбываліся ў школе. Мне ўзгадваюцца некалькі яркіх таму прыкладаў. Калі школа пераходзіла на кабінетную сістэму навучання, Леакадзія Аляксандраўна адна з першых стварыла прадметны кабінет. Акрамя таго, яе намаганнямі ў школе была створана сучасная геаграфічная пляцоўка, дзе ладзіліся ўрокі з навучэнцамі пятых класаў.

Таццяна Сямёнаўна Бялятка ўзгадвае наступнае:
— Нягледзячы на шаноўны ўзрост, Леакадзія Аляксандраўна прадаўжае цікавіцца ўсім, чым сёння жыве наша школа. Яна ведае, якія змены адбыліся ў праграме па яе любімым прадмеце — геаграфіі.

Напрыканцы сустрэчы госці пацікавіліся ў Леакадзіі Аляксандраўны Сакольнік, што дае ёй жыццёвыя сілы. Паразважаўшы, былая настаўніца адказала, што моцы ёй надае вера ў Бога, бо веруючы чалавек заўсёды адчувае яго ласку і падтрымку.

— Без Бога мне не хапіла б мужнасці пераадольваць жыццёвыя выпрабаванні, a іх на маю долю, паверце, выпала нямала, — дзеліцца юбілярка і дадае: — I вера ў спагадлівых шчырых людзей, якія заўсёды мяне акружалі і цяпер побач.

К. МІХАЛЕВІЧ, настаўніца Наваельнянскай сярэдняй школы

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/