Адметны след Івана Шымко



У лютым споўнілася б 80 год былому дырэктару Дзятлаўскага лікёра-гарэлачнага завода Івану Іосіфавічу Шымко.

Адразу варта заўважыць, што згаданае вышэй прадпрыемства за час свайго існавання не раз мяняла свой статус і назву. На дадзены момант гэта ААТ "Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод "Алгонь".

Багатая гісторыя прадпрыемства. Калісьці, яшчэ ў 50-х гадах мінулага стагоддзя, у г.п.Казлоўшчына дзейнічала невялікае вытворчае падраздзяленне (арцель), правапераемнікам якога потым стаў вінаробны завод.

За час існавання прадпрыемства на ім памянялася нямала кіраўнікоў. I ўсё ж свой адметны след, на маю думку, тут пакінуў менавіта Іван Шымко, які адпрацаваў на гэтай пасадзе больш за два дзясяткі гадоў.

Іван Іосіфавіч нарадзіўся 20 лютага 1938 года ў вёсцы Валеўка (на той час Карэліцкага раёна) у працалюбівай сялянскай сям'і. Менавіта ад бацькоў перадаліся яму любоў да зямлі і жаданне працаваць на ей, жыццёвая мудрасць, разважлівасць. Пасля школы Іван Шымко паступіў у Навагрудскую школу механізацыі, дзе атрымліваў вельмі патрэбную на вёсцы спецыяльнасць трактарыста. Дарэчы, менавіта ў час вучобы ён пазнаёміўся з Людмілай -дзяўчынай з Мядзельскага раёна, якая таксама тут набывала прафесію.

Сустрэліся, адзін да аднаго прыглядзеліся і - закахаліся. А неўзабаве, так як абодва былі па характары нястомнымі рамантыкамі, адправіліся на цаліну. Паехалі, каб праверыць сябе на вынослівасць, на што яны, маладыя ды энергічныя, здольныя. Да тага ж тая паездка стала для Івана і Людмілы яшчэ і выпрабаваннем на трываласць іх пачуццяў, якія ўзніклі паміж імі яшчэ пры першай сустрэчы. I не дзіўна, што паехалі яны на цаліну як сябры-аднакурснікі, а дамоў вярнуліся ўжо мужам і жонкай.

Свае сямейнае гняздо маладыя вырашылі звіць на Дзятлаўшчыне, дзе ў іх жылі блізкія людзі па лініі маці Івана Іосіфавіча. У хуткім часе ў вёсцы Юравічы пабудавалі сваю хату. Іван Іосіфавіч і Людміла Аляксандраўна пражылі ў згодзе ды каханні амаль паўстагоддзя. Выгадавалі чатырох дзяцей.

Адзін з іх, Юрый, прыгадвае: - Наш тата быў вельмі добрым чалавекам - і ў душы, і ў сэрцы. Нават калі працаваў дырэктарам прадпрыемства, ён, на маю думку, нікога не пакрыўдзіў. Да кожнага меў свой падыход, з асаблівай павагай заўсёды ставіўся да сумленных, працавітых работнікаў. I ўвогуле, ён заўсёды імкнуўся быць максімальна справядлівым і аб'ектыўным.

Іван . Іосіфавіч, калі вярнуўся дахаты з цаліны, некаторы час працаваў тралёўшчыкам лесу на трактары ў мясцовым лясніцтве. Закончыў Жыровіцкі сельгастэхнікум. Працаваў брыгадзірам трактарнай брыгады У сваім жа лясніцтве, потым - майстрам Міроўшчынскай МТС, завочна закончыў Ленінградскі сельгасінстытут.

Пасля гэтага ў працоўнай біяграфіі Івана Шымко як маладога, перспектыўнага спецыяліста пайшлі змены, якія ў многім вызначылі ўвесь яго далейшы жыццёвы лёс і ў рэшце рэшт прывялі ў Казлоўшчыну. Але першай значнай прыступкай у яго кар'ерным росце стала праца на пасадзе намесніка кіраўніка Наваельнянскай міжрайсельгастэхнікі па кадрах. А пасада гэтая, як вядома, надзвычай адказная. Тут і ўсе нарматыўныя дакументы трэба ведаць, і быць яшчэ псіхолагам, каб знайсці падыход да кожнага чалавека, і прыняць правільнае рашэнне, і тая праца, якой Іван Шымко аддаў пяць гадоў, стала для яго выдатнай школай.

А ў 1980 годзе паступіла прапанова ўзначаліць калектыў Дзятлаўскага вінаробнага завода, якому Іван Іосіфавіч аддаў 22 гады. Трэба было ўмацоўваць і развіваць матэрыяльна-тэхнічную базу, сур'ёзна і мэтанакіравана працаваць над павышэннем якасці выпускаемай прадукцыі. I гэтыя намаганні не былі дарэмнымі. Неяк у час нашай чарговай сустрэчы, калі размова зайшла пра вытворчыя справы, Іван lociфавіч не без гордасці заўважыў: "У нас ёсць два сапраўдныя вінаробы: гэта наша прадпрыемства і Слонімскі вінзавод. I нам за сваю прадукцыю чырванець не даводзіцца".

Аднак былі ў жыцці прадпрыемства і сумна вядомыя і надзвычай цяжкія 90-я гады, калі стаялі пытанні: як быць далей, як выжыць і якія выпрабаванні чакаюць заўтра? Вось тут і праявіліся лепшыя якасці Івана Шымко як кіраўніка: яго разважлівасць, гаспадарскі падыход да справы, уменне бачыць перспектыву і працаваць на яе.

Пад націскам антыалкагольнай кампаніі ў цяжкім стане апынуўся і Дзятлаўскі вінаробны завод, ён нават быў перайменаваны ў харчовы камбінат. I тут замест традыцыйнай прадукцыі пачалі разліваць яблычны воцат, выпускаць бульбяныя чыпсы і нават цукеркі-карамелькі. Але і асноўнае абсталяванне не спяшаліся разбіраць ці ўвогуле рэзаць на металалом. Стараўся дырэктар з усіх сіл зберагчы і вытворчы патэнцыял, і працоўны калектыў. А потым, хоць і памаленьку, пачалі адраджаць традыцыйную для прадпрыемства вытворчасць.

Сёння адкрытае акцыянернае таварыства "Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод "Алгонь" трывала стаіць на нагах, развіваецца. Ёсць у яго і добрыя перспектывы. У гэтым вялікая заслуга ўсіх, хто тут працуе цяпер і працаваў раней. У тым ліку, вядома ж, і аднаго з папярэдніх кіраўнікоў прадпрыемства - Івана Шымко, челавека неардынарнага, у якім надзвычай удала спалучаліся якасці кіраўніка-гаспадара і простага чалавека - чулага, уважлівага. ён быў клапатлівым бацькам і дзядулем, цікавым суразмоўцам, па характары - аптыміст. Любіў пажартаваць, ведаў шмат вясёлых жыццёвых гісторый, пра якія расказваў з уласцівым для яго гумарам і каларытам.

Уладзімір ТОМЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/