Адданы ваеннай справе



Будучыня нашых Узброеных Сіл - за курсантамі. Афіцэрскія кадры рыхтуюць у Ваеннай акадэміі Рэспублікі Беларусь, а таксама на ваенных факультэтах вядучых ВНУ краіны. Сярод абаронцаў Айчыны з літарай "К" на пагонах нямала нашых землякоў. Адзін з іх - сяржант 3-га курса ваеннага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Дзмітрый Шумскі.

Родам Дзмітрый з Дзятлава. У дзяцінстве практычна ўсе хлопчыкі мараць стаць ратаўнікамі. Аб гэтай прафесіі шмат можна пачуць з экранаў тэлевізараў або з дзіцячай літаратуры. У Дзмітрыя быў наглядны прыклад таго, як выглядае сапраўдны ратаўнік. I бачыў ён яго кожны дзень. Бацька Дзімы - супрацоўнік Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях. Таму павагу да афіцэрскага мундзіра хлопчык адчуваў з ранняга дзяцінства. Акрамя гэтага, яго дзядуля - ветэран Вялікай Айчыннай вайны. Прыклад адвагі, мужнасці і гераізму адыгралі сваю ролю. Дзмітрый цвёрда вырашыў, што хоча рэалізаваць сябе ў ваеннай справе, і паступіў у Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча. На выпускным курсе ён старанна аналізаваў і разумеў свае перспектывы, бачыў мэту і імкнуўся яе дасягнуць.

Да выпуску ў юнака ўжо склаўся выразны план. Ён хацеў атрымаць перспектыўную спецыяльнасць у галіне ІТ-тэхналогій, але і ў той жа час не адысці ад ваеннай справы. Выхад -ваенны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі.

- Я разумеў, што папоўніць рады курсантаў прэстыжнай ВНУ краіны будзе няпроста. Прахадныя балы і фізічная падыхтоўка павінны быць на высокім узроўні. Я пра гэта ведаў і старанна рыхтаваўся, - расказаў Дзмітрый.

У сувораўскім вучылішчы хлопец вучыўся добра. Менавіта гэта і дапамагло яму прайсці ўсе ўступныя выпрабаванні. Акрамя таго, падтрымалі яго выбар і бацькі. Вялікае жаданне, памножанае на старание і падтрымку блізкіх, мела вынік. Дзіма быў залічаны ў рады курсантаў ваеннага факультэта БДУІР на спецыяльнасць "Інфакамунікацыйныя тэхналогіі".

Аб сваім выбары сяржант Дзмітрый Шумскі ні разу не пашкадаваў.
- Кожны дзень на ваенным факультэце праходзіць плённа, - расказаў Дзіма. - Навучальны працэс вельмі разнастайны, як па профільных прадметах, так і па ваенных дысцыплінах.

Сярод яркіх успамінаў юнака - удзел у парадзе войскаў Мінскага гарнізона. На яго рахунку іх ужо некалькі. Падрыхтоўка складаная нават для такога дасведчанага ўдзельніка парада, як сяржант Шумскі. Але, па яго словах, усе намаганні вартыя таго.

- Гэта вельмі хвалююча, - успамінае ён. - Погляды дзясяткаў тысяч людзей скіраваны на нас.

У вольны ад вучобы і курсанцкіх клопатаў час Дзіма любіць чытаць кнігі, гуляць у шашкі і шахматы.

Наперадзе ў юнака яшчэ два гады напружанай вучобы. Але ўжо даўно вядома, што выпускнік ваеннага факультэта БДУІР - гэта чалавек, адданы інтарэсам дзяржавы, адукаваны прафесіянал, які валодае дасягненнямі сучаснай ваеннай навукі. I з упэўненасцю можна сказаць, што Дзмітрый Шумскі будучы яркі таму прыклад.

Таццяна НІКІФАРАВА

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/