Ад роднай зямлі



Так можна сказаць пра жыццё і навуковую дзейнасць прафесара Алены Іванаўны Ківейшы, якой 5 снежня споўнілаcя б 85 гадоў. Алена іванаўна наша зямлячка, нарадзілася на хутары Львоўшчына непадалёк ад вёскі Явар у сялянскай сям'і. Некалькі гадоў таму яе не стала.

Архіў вучонага цяпер належыць яе пляменніку Сяргею Іванавічу Ківейшу. Сяргей Іванавіч і яго родны брат Іван Іванавіч, які жыве ў Слоніме, нядаўна прывезлі ў наш музей шмат экспанатаў, звязаных з жыццём іх роднай цёткі, сястры бацькі. Інтэлігентныя, цікавыя субяседнікі, браты пакінулі добрае ўражанне аб сабе і ўпэўненасць у тым, што ім дарагая духоўная спадчына роду.

Бацька Алены Іванаўны, Іван Рыгоравіч, паходзіў з сям'і беззямельных сялян вёскі Спудвілы Бераставіцкага раёна. Шмат гадоў батрачыў у панскіх маёнтках, працаваў грузчыкам на парахавым заводзе ў Гродне і ўвесь час збіраў грошы, каб купіць свой кавалак зямлі, завесці гаспадарку, ажаніцца. I толькі ў сорак два гады купіў у памешчыка невялікі хутар і спраўдзіў мару. Сям'я жыла бедна. Нараджаліся дзеці, але з-за неспрыяльных умоваў жыц-ця часта хварэлі і паміралі. 3 дзевяці народжаных жыць засталіся толькі трое: Іван, Ганна і самая малодшая Алена.

Маці Ганна Іванаўна (у дзявоцтве Рэгіневіч) паходзіла з вёскі Явар. Была добрай, працалюбівай жанчынай, адданай жонкай і маці. Бацька і маці не мелі адукацыі, але вельмі хацелі, каб вучыліся дзеці. Алена запомніла словы бацькі: "Зямля — вечная. Вечны і народ. Таму вечная зямля павінна належаць вечнаму народу". Магчыма, гэтыя словы і з'явіліся той паходняй, што вывела дзяўчынку ў людзі і падштурхнула займацца сельскагаспадарчай навукай.

Брат Алены Іванаўны Іван ваяваў на фронце, быў кулямётчыкам, меў шмат раненняў. Вярнуўся дадому інвалідам, ажаніўся, паехаў жыць у Слонім. Сястра Ганна выйшла замуж у суседнюю вёску.

Алена вучылася спачатку ў няпоўнай сярэдняй школе ў Явары, потым у СШ №2 у Дзятлаве. Жыла на кватэры ў знаёмых, кожны тыдзень хадзіла дадому па харчаванне на тыдзень — па бульбу, капусту, хлеб, сала. Так жылі ўсе. Насілі тое, што маглі пашыць ці звязаць самі.

У 1950 годзе Алена паступіла ў Беларускі дзяржаўны інстытут народней гаспадаркі імя Куйбышава ў Мінску на аддзяленне "Эканоміка сельскай гаспадаркі". Вучылася на выдатна. А ў вольны ад вучобы час дапамагала, як і ўсе тагачасныя студэнты, падымаць разбураны вайной Мінск. Восенню ўсім інстытутам ехалі ў вёску на бульбу. Паспявала яшчэ і мастацкія гурткі наведваць, і навуковай дзейнасцю займацца, і спортам. Лепшыя навуковыя работы студэнтаў удзельнічалі ў розных аглядах. Так, па выніках 1953-54 навучальнага года работа Алены Ківейшы "Шляхі зніжэння сабекошту малака (на прыкладзе саўгасаў БССР)" была высока ацэнена. I гэта дало штуршок для вядзення далейшай навуковай працы, прадвызначыла лёс дзяўчыны.

Пасля заканчэння інстытута Алена была размеркавана на працу ў Інстытут эканомікі АН БССР, а з яго — у аспірантуру Інстытута эканомікі АН СССР у Маскве. Там і абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме студэнцкай працы.

У 1958 годзе вярнулася ў Мінск, працавала ў навуковых і навукова-вытворчых установах рэспублікі. Гэты дзесяцігадовы перыяд працы маладога вучонага быў звязаны з даследаваннем эканомікі перадавых і адсталых саўгасаў і калгасаў рэспублікі.

Мэтанакіравана, у доўгіх камандзіроўках старалася яна прааналізаваць сітуацыі ў гаспадарках і дапамагчы знайсці выйсце з цяжкага становішча. Шмат выступала на пасяджэннях розных узроўняў, друкавалася, ездзіла з лекцыямі.

У 1967 годзе па выніках конкурсу перайшла на працу ў БДІНГ імя Куйбышава, дзе да апошніх дзён працавала на кафедры эканомікі і кіравання прадпрыемствамі АПК, атрымала званне прафесара. Эканоміка сельскай гаспадаркі стала для Алены Іванаўны клопатам усяго жыцця.

Было ў жыцці Алены Ківейшы і вялікае каханне. Надзейным памочнікам і сябрам стаў для яе муж Васіль Сцяпанавіч Мурас, украінец па паходжанні, старэйшы на трынаццаць гадоў. Муж прайшоў праз выпрабаванні вайной, быў шмат разоў паранены і кантужаны.

Вярнуўся з вайны інвалідам. Інжынер па ўзбраенні, ён займаўся навукай у галіне фізікі цвёрдага цела. За распрацоўкі ў гэтай галіне ўзнагароджаны медалямі Выставы дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Памёр у 1994 годзе. Яго смерць Алена lванаўна перанесла вельмі балюча, сама захварэла, была прааперыравана. Але працу не пакінула. Як піша прафесар у сваіх успамінах, падтрымалі калегі, аднесліся шчыра і па-сяброўску. Тады ж і дапамаглі атрымаць кватэру ў Мінску. Да гэтага сям'я Ківейшаў жыла ў прыгарадзе.

Алены Іванаўны не стала некалькі гадоў таму. Але памяць пра вучонага, які зрабіў свой значны уклад у развіццё сельскагаспадарчай навукі, шчырую і інтэлігентную жанчыну, другую маці для пляменнікаў і нашу зямлячку, будзе жыць. А пакуль жывая памяць, жывы і чалавек.

А. АБРАМЧЫК, старшы навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/