Ад мінулага - да сучаснага



У сярэдзіне XIII стагоддзя тэрыторыя нашага раёна ўваходзіла ў склад Навагрудскай зямлі, якая пазней называлася Чорнай Русею. Тэрыторыя раёна ўваходзіла ў склад Вялікага Княства Літоўскага з XIII стагоддзя. Пасля трэцяга падзела Рэчы Паспалітай - 1795 год, яна ўвайшла ў склад Расійскай імперыі Слонімскага павета Слонімскай губерні. 3 1801 года - у склад Гродзенскай губерні.

1708 год - у час Паўночнай вайны са Швецыяй у Дзятлаве стаялі на зімовых кватэрах галоўныя сілы рускай арміі на чале з А. Меньшыкавым.
1709 год - у студзені прыязджаў і прабыў тыдзень цар Пётр I.
1812 год - летам праз Дзятлава адступала на ўсход рускае войска 2-й арміі Баграціёна.
1915-1918 гады - тэрыторыю раёна акупіравалі войскі кайзераўскай арміі.
1919-1920 гады - яна была акупіравана войскамі Польшчы.
1921-1939 гады - тэрыторыя раёна ўваходзіць у склад Польшчы.
17-18 верасня 1939 года - часці Чырвонай арміі вызвалілі тэрыторыю раёна ад польскай акупацыі.
3 1939 года - уваходзіць у склад БССР.
1941-1944 гады - тэрыторыя раёна акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
9 ліпеня 1944 года - вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Раён арганізаваны:
15 студзеня 1940 года ў складзе Баранавіцкай вобласці.
3 8 студзеня 1954 года - у складзе Гродзенскай вобласці.
25 снежня 1962 года раён расфарміраваны і ўвайшоў у склад Слонімскага раёна.
6 студзеня 1965 года адноўлены ў складзе Гродзенскай вобласці.

У 1990 годзе пасёлку Дзятлава прысвоены статус горада.

Жыхары Дзятлаўскага раёна помняць і ганарацца сваімі знакамітымі землякамі. У XVIII стагоддзі тут жыў і працаваў беларуска-польскі пісьменнік і драматург Ульрых Радзівіл, у вёсцы Страла ў XIX стагоддзі тварыў паэт Юльян Корсак.

Памятаем знакамітага вучонага XVIII стагоддзя, ураджэнца Дзятлаўшчыны, архітэктара, мастака, філосафа Томаша
Жаброўскага, прафесара Віленскага ўніверсітэта.

У Жыбартоўшчыне доўгі час жыў і працаваў знакаміты вучоны, этнограф, геолаг, нацыянальны герой Чылі Ігнацій Дамейка.

Мастак Вікенцій Дмахоўскі - выхадзец з вёскі Нагародавічы - жыў і тварыў у XIX стагоддзі. Ігнат Дварчанін з вёскі Погіры актыўна ўдзельнічаў у нацыянальна-вызваленчым руху ў гады белапольскай акупацыі, праявіў сябе таленавітым вучоным, філолагам, філосафам.

Таццяна ГРЫЦУК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/