Абноўленая зала чакае гасцей



Перад Новым годам у Дварцы адкрылася абноўленая канцэртная зала.

Да навагодніх і калядных святаў Дварэцкі дом культуры атрымаў выдатны падарунак. У апошні дзень адыходзячага года тут урачыста адкрылі пасля рамонту абноўленую канцэртную залу.

Гасцямі на адкрыцці важнага культурнага аб'екта ў Дварцы сталі старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі, намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч, начальна аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Вольга Рагачова, намеснік начальника аддзела (ён жа - нязменны куратар па справах культуры) Васіль Шыцько.

Капітальны рамонт стаў лагічным працягам абнаўлення адкрытага ў 2018 годзе пасля рамонта фае ўстановы, дзе сёння працуе этнаграфічная экспазіцыя. Пакуль вяліся рамонтныя работы, тут праводзілася большасць забаўляльных мерапрыемстваў аграгарадка.

Жыхары Дварца - актыўныя, ініцыятыўныя і багатыя на традыцыі. У населеным пункце добра развітая інфраструктура і насычанае культурнее жыццё. У Доме культуры працуюць шматлікія творчыя аб'яднанні, у тым ліку - вядомы на ўсю вобласць і нават рэспубліку клуб ветэранаў працы "У коле сяброў".

Абноўленая зала Дома культуры змянілася да непазнавальнасці. Па словах саміх работнікаў, самае важнае - гэта добрае асвятленне, якое было ўсталявана на сцэне і ў глядзельнай зале. Да тага ж, былі адрамантаваны сцены памяшкання, столь, падлога, сама сцэна, убранства якой выканана ў карычневых і залатых колерах. На бягучы рамонт залы Дома культуры было выдзелена з раённага бюджэту каля 12 тысяч рублёў, яшчэ каля 6 тысяч - на адзенне сцэны. На працягу паўгода рамонтныя работы вялі работнікі будаўнічага сектара аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі. Дзякуючы іх старанням, яны былі выкананы хутка і эканомна. Гэта адзначыў у час адкрыцця аб'екта старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Андрэй Садоўскі.

- Хачу выказаць шчырыя словы ўдзячнасці найперш намесніку начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Васілю Шыцько, які паўгода разам са сваімі спецыялістамі набліжаў гэту падзею, каб жыхары аграгарадка Дварэц змаглі атрымаць сапраўдны навагодні падарунак.

Кіраўнік раёна заўважыў, што фінансавая падтрымка культурней сферы Дзятлаўшчыны стане добрай традыцыяй, і да сваіх словаў ён дадаў сертыфікат на дзве тысячы рублёў, а таксама салодкі падарунак для работнікаў Дома культуры.
Да яго віншаванняў далучыліся старшыня Дварэцкага сельвыканкама Канстанцін Вінцукевіч і старшыня раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу Уладзімір Казак.

Была перарэзана сімвалічная чырвоная стужка - і пры-утныя самі змаглі ўпэўніцца, як моцна пераўвасобілася канцэртная зала.

Карыстаючыся выпадкам, падзякавала раённым уладам за выдатны падарунак і павіншавала ўсіх са святамі старшыня клуба ветэранаў "У коле сяброў" Валянціна Скок.

Як адзначыла гаспадыня абноўленай залы, дырэктар Дварэцкага дома культуры Людміла Баклушына, жыхары Дварца вельмі чакалі гэтага дня, і вельмі ўцешна, што адкрыццё залы адбылося ў час святкавання навагодніх святаў.

Наталля СТУПЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/