Абарона правоў і інтарэсаў непаўналетніх



Аддзел адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама, камісія па справах непаўналетніх райвыканкама, сацыяльна-педагагічны цэнтр горада Дзятлава, спецыялісты зацікаўленых службаў нашага раёна прадставілі вопыт сваей работы па рэалізацыі новых падыходаў да дзейнасці па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх. Ім яны падзяліліся з калегамі з іншых рэгіёнаў на абласным семінары, які праходзіў 31 кастрычніка ў Дзятлаўскім раённым ідэнтры культуры і народнай творчасці.

Удзел у мерапрыемстве прынялі спецыялісты аддзелаў, упраўленняў адукацыі, аддзелаў адукацыі, спорту і турызму, прадстаўнікі адміністрацый раёнаў горада Гродна, якія курыруюць пытанні аховы правоў дзяцінства, дырэктары раённых сацыяльна-педагагічных цэнтраў Гродзенскай вобласці.

Каб прэзентацыя вопыту работы спецыялістаў нашага раёна была больш нагляднай, у фае Цэнтра культуры гасцей пазнаёмілі з выставай "Арганізацыя занятасці непаўналетніх ва ўстановах адукацыі, культуры, спорту і турызму".

Важныя праблемы, на якія варта скіроўваць увагу ў час работы з непаўналетнімі і сем'ямі, якія гадуюць дзяцей, акрэсліла галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Ненартовіч. Таксама яна зазначыла, што Дзятлаўскі раён не выпадкова выбраны пляцоўкай для абласнога семінара: ён адзін з нямногіх, дзе ёсць поўнае ўзаемаразуменне паміж службамі па пытаннях аховы дзяцінства і гэта адзначаецца на працягу шэрагу гадоў.

3 дзейнасцю Дзятлаўскага райвыканкама па сацыяльнай падтрымцы сем'яў, якія гадуюць дзяцей, удзельнікаў семінара пазнаёмілі намеснік старшыні райвыканкама Ігар Кухарэвіч і начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус.

Як забяспечваецца міжведамаснае ўзаемадзеянне па пытаннях абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх у сучасных умовах, расказала Святлана Залучан, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама.

Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Алена Чайкоўская патлумачыла, як наладжана арганізацыйна-кіраўнічая дзейнасць аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама па рэалізацыі новых падыходаў па абароне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.

Затым удзельнікам семінара прадставілі відэастужку аб дзейнасці і рэсурсным забеспячэнні сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава, а намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце гэтай установы Кацярына Ляўкевіч расказала аб суправаджэнні спецыялістамі цэнтра дзейнасці ўстановаў адукацыі па аказанні сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі непаўналетнім.

Не застаюцца без падтрымкі ў раёне і сем'і, якія аказаліся ў складанай жыццёвай сітуацыі і сацыяльна небяспечным становішчы. Дырэктар Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна Таццяна Нікіпорчык патлумачыла, якія прафілактычныя мерапрыемствы з імі праводзяцца, на якія сацыяльныя паслугі яны могуць разлічваць.

Наступнай пляцоўкай семінара стала Новаяльнянская сярэдняя школа. Наколькі навучэнцаў можа захапіць краязнаўства і пошукавая работа, якія значныя праекты яны могуць рэалізаваць разам з педагогамі, удзельнікі семінара даведаліся ў час наведвання школьнага музея "Дзеці ліхалецця".

Дырэктар Новаяльнянскай сярэдняй школы Марына Лашкоўская расказала аб рабоце ўстановы адукацыі па абароне правоў дзяцей, якія аказаліся ў неспрыяльнай абстаноўцы.

Ролю сельскага выканаўчага камітэта ў рабоце па аказанні дапамогі сем'ям, якія знаходзяцца ў сацыяльна ненадзейным становішчы, патлумачыла старшыня Новаяльнянскага сельвыканкама Ірына Кунахавец.

Галіна Сушко, загадчыца Новаяльнянскага дома культуры, падзялілася вопытам выкарыстання варыятыўных формаў уключэння непаўналетніх у карысную дзейнасць у вольны час ва ўстановах культуры.

Аб арганізацыі прафілактычнай работы з бацькамі, якія выхоўваюць непаўналетніх дзяцей, расказала намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ "Граніт-Агра" Кацярына Дубешка.

Настаўніца нядзельнай школы гарадскога пасёлка Наваельня, яна ж кіраўнік школьнага музея "Дзеці ліхалецця" Тамара Крывеня азнаёміла ўдзельнікаў семінара з вопытам узаемадзеяння рэлігійнай арганізацыі і ўстановы адукацыі па выхаванні духоўных асноваў сям'і і аказанні дапамогі непаўналетнім.

Абмеркаваць актуальныя пытанні рэалізацыі новых падыходаў да дзейнасці па абароне правоу і законных інтарэсаў непаўналетніх у фармаце круглага стала спецыялістаў запрасілі галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Вольга Ненартовіч і дырэктар Гродзенскага абласнога сацыяльна-педагагічнага цэнтра Ірына Кажура. У час абмеркавання яны адказалі на пытанні спецыялістаў.

Напрыканцы абласнога семінара Вольга Ненартовіч расказала, у чым перавага выязных мерапрыемстваў і што зацікавіла спецыялістаў на Дзятлаўшчыне:
- Выязныя пасяджэнні дазваляюць паказаць рэалізацыю нашых задач на практыцы з улікам спецыфікі рэгіёнаў, пабачыць работу ўстановаў базавага ўзроўню, суб'ектаў прафілактыкі пэўнага раёна, пачуць меркаванні па вырашэнні важных пытанняў ад зацікаўленых спецыялістаў на месцах.

Дзятлаўскі раён на працягу многіх гадоў дэманструе сістэмную работу па абароне правоў дзяцей. Такі вопыт міжведамаснага ўзаемадзеяння, бясспрэчна, неабходна пераймаць. Гэта адзін з нямногіх раёнаў, дзе вырашэнне пытанняў ажыццяўляецца "ў звязцы" ўсіх суб'ектаў прафілактыкі, няма дзялення і размежавання па функцыях, а ёсць адзіная праблема, да вырашэння якой падключаюцца ўсе зацікаўленыя службы. Сёння мы гэта ўбачылі на прыкладах.

Гэта і выступленне дырэктара Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна, у якім расказвалася, як вырашаюць сямейныя праблемы, і вопыт работы сельвыканкама, і работа з сем'ямі намесніка дырэктара па ідэалагічнай рабоце сельгаспрадпрыемства, што лішні раз пацвердзіла зацікаўленасць суб'ектаў прафілактыкі ў вырашэнні праблем. Безумоўна, каардынуючая роля ў гэтым належыць камісіі па справах непаўналетніх райвыканкама, якая аб'ядноўвае намаганні ўсіх зацікаўленых ведамстваў, адчуваецца, што для старшыні камісіі, намесніка старшыні райвыканкама Ігара Станіслававіча Кухарэвіча няма чужых праблем.

Калі казаць пра арганізацыю семінара, вельмі падабалася выступленне дзяцей. Гэта, зноў жа, сведчыць аб сістэмным падыходзе да арганізацыі іх карыснай занятасці. Было нечакана і прыемна, што нас вітаў Наваяльнянскі аркестр. Да глыбіні душы кранула выступление навучэнцаў у школьным музеі "Дзеці ліхалецця". Праблемы, з якімі сутыкаліся дзеці вайны, былі данесены так шчыра, так душэўна, што нікога не пакінулі раўнадушнымі.

Калі праводзіць паралелі, то наша дзейнасць таксама скіравана на абарону інтарэсаў дзяцей, вырашэнне іх праблем. Мы ратуем чалавечыя жыцці, дапамагаем дзецям у цяжкіх сітуацыях, працуем з іх бацькамі, якія збочылі са шляху і парушаюць правы непаўналетніх. Таму было прыемна, што ў абмеркаванне сур'ёзных пытанняў была унесена нотка творчасці.

Ірына СТЫРНІК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/