Аб садзейнічанні занятасці і працаўладкаванні



На працягу апошніх гадоў у тройку самых актуальных пытанняў, якія хвалююць беларусаў, акрамя пытанняў росту цэн і даходаў, увайшлі такія важныя пытанні, як сацыяльная абарона насельніцтва, занятасць і працаўладкаванне.

Як яны вырашаюцца на тэрыторыі нашага раёна, патлумачыла намеснік началь-ніка аддзела па працы і занятасці ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Алена Савань.

- У мэтах рэалізацыі мерапрыемстваў па забеспячэнні занятасці насельніцтва Дзятлаўскага раёна ўпраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне сумесна з наймальнікамі, мясцовымі органамі кіравання і самакіравання ажыццяўляецца комплекс мер па садзейнічанні занятасці насельніцтва, якія забяспечваюць павышэнне яе ўзроўню і сацыяльную падтрымку беспрацоўным.

У службе занятасці створаны і пастаянна абнаўляецца банк даных аб патрэбнасці прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый раёна ў рабочай сіле па прафесіях і спецыяльнасцях.

Па стане на 1 студзеня 2020 года ва ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама па садзейнічанне ў працаўладкаванні звярнуліся 657 грамадзян, з іх у якасці беспрацоўцых -332 чалавекі.

У рамках рэалізацыі мерапрыемстваў падпраграмы "Садзейнічанне занятасці насельніцтва" дзяржаўнай праграмы, накіраванай на сацыяльную абарону і садзейнічанне занятасці насельніцтва на 2016-2020 гады, аказана дапамога ў працаўладкаванні на новыя створаныя працоўныя месцы і вакансіі 502 грамадзянам, у тым ліку 280 беспрацоўным.

На прафесійную падрыхтоўку, перападрыхтоуку па запатрабаваных на рэгіянальных рынках працы прафесіях накіраваны 15 беспрацоўных. Для забеспячэння часовай занятасці непрацуючых грамадзян, а таксама асоб, якія не маюць па розных прычынах пастаяннай працы і даходаў, арганізаваны аплатныя грамадскія работы па дагаворах з КСУПамі і прадпрыемствамі раёна. На працягу мінулага года ў такіх работах прынялі ўдзел 145 жыхароў нашага раёна.

Упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама правод-зіцца пэўная работа і па садзейнічанні ў арганізацыі прадпрымальніцкай, рамеснай дзейнасці, а таксама дзейнасці па аказанні паслуг у сферы аграэкатурызму з выдзяленнем фінансавай падтрымкі ў выглядзе субсідый. Летась такая дзяржпадтрымка аказана шасці беспрацоўным.

- Якая дапамога аказваецца грамадзянам, якія маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне?
- Для аказання садзейнічання ў працаўладкаванні грамадзянам, якія маюць асаблівую патрэбу ў сацыяльнай абароне і не здольныя на роўных умовах канкурыраваць на рынку працы, а гэта інваліды, моладзь ва узросце да 21 года, якія ўпершыню шукаюць працу; асобы перадпенсійнага ўзросту, грамадзяне, якія вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі і іншыя катэгорыі грамадзян, рашэннем Дзятлаўскага райвыканкама на працягу мінулага года існавала браня для прыёму на працу такіх грамадзян колькасцю 287 чалавек. За студзень-снежань 2019 года тры чалавекі з катэгорыі асоб, якія маюць інваліднасць, працаўладкаваны ў рамках праграмы праходжання адаптацыі інвалідаў да працоўнай дзейнасці. Аднаму беспрацоўнаму аказана садзейнічанне ў перасяленні ў сувязі з пераездам у іншую мясцовасць на новае месца жыхарства і працы з выплатай грашовых сродкаў. Двум беспрацоўным аказана садзейнічанне ў набыцці вопыту практычнай працы з частковай кампенсацыяй наймальніку выдаткаў на аплату працы.

- Які ўзровень беспрацоўя і працаўладкавання на Дзятлаўшчыне?
- Узровень зарэгістраванага беспрацоўя ў Дзятлаўскім раёне на 1 студзеня 2020 года склаў 0,3 працэнта ад эканамічна актыўнага насельніцтва, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных - 38 чалавек.

Узровень працаўладкавання беспрацоўных, якія маюць патрэбу ў працаўладкаванні, склаў 73,3 %. Удзельная вага працаўладкаваных грамадзян, якія звярнуліся ў органы па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, склалася на ўзроўні 69,8 %. Удзельная вага працаўладкаваных беспрацоўных, якія маюць дадатковыя гаранты і занятасці, - 74,5 %. 3,9 % беспрацоўных ад агульнага ліку беспрацоўных, якія маюць патрэбу ў працаўладкаванні, накіраваны на прафесійнае навучанне па запатрабаваных на рынку працы прафесіях, з іх 60 % - "пад заказ" наймальніка з гарантыяй наступнага працаўладкавання.

- Спецыялісты якіх сфер дзейнасці і прафесій найбольш запатрабаваны ў раёне?
- Запатрабаваны спецыялісты аховы здароўя: дактары-спецыялісты, медыцынскія сёстры, акушэрка; спецыялісты сельскай гаспадаркі: ветэрынарныя дактары, заатэхнікі, аграномы, а таксама юрысконсульты, інжынеры, бухгалтары, культарганізатар і іншыя.

Павышаным попытам карыстаюцца рабочыя спецыяльнасці ў сельскай гаспадарцы: трактарысты, аператары машыннага даення, жывёлаводы і іншыя рабочыя спецыяльнасці: электраманцёры, электрагазазваршчыкі, прадаўцы, повары, машыніст экскаватара.

- Ці павялічылася заработная плата ў жыхароў раёна?
- Намінальная налічаная заработная плата ў Дзятлаўскім раёне ў студзені-лістападзе 2019 года ў параўнанні з адпаведным перыядам 2018 года павялічылася на 15,9 % і склала 781,2 рубля, у тым ліку ў лістападзе - 832,9 рубля.
Па Дзятлаўскім раёне найбольш высокааплатнымі ў студзені - лістападзе 2019 года з'яўляліся работнікі інфармацыі і сувязі - 1 398,2 рубля, фінансавых паслуг - 1 222,7 рубля, забеспячэння электраэнергіяй, газам, парай, гарачай вадой і кандыцыянаваным паветрам -1 140,9 рубля.

Па Дзятлаўскім раёне за студзень-лістапад 2019 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года заработная плата работнікаў аддзела адукацыі вырасла на 18,2 %, аховы здароўя - на 16,3 %.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/