ААТ "ДЗЯТЛАЎСКІ ЛІКЕРА-ГАРЭЛАЧНЫ ЗАВОД "АЛГОНЬ". ПРАДПРЫЕМСТВА З ПАЎВЕКАВОЙ ГІСТОРЫЯЙ



ААТ "Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод "Алгонь" сёлета святкуе свой 50-гадовы юбілей. Як развівалася прадпрыемства з паўвекавой гісторыяй і як наладжаны вытворчы працэс на заводзе ў нашы дні, карэспандэнтцы газеты расказаў яго дырэктар В. Гузень.

— Валерый Яўгенавіч, з чаго пачыналася гісторыя прадпрыемства?
— Да 1966 года ў Дзятлаве і Казлоўшчыне працавалі асобныя харчовыя цэхі-арцелі. Пасля рэарганізацыі на месцы былой арцелі "Прагрэс" у Казлоўшчыне было вырашана пабудаваць вінзавод. Яго першым дырэктарам быў назначаны Мікалай Іванавіч Кузьмянкоў, які 4 кастрычніка 1966 года прыступіў да выканання абавязкаў. 3 таго часу і пачынаецца гісторыя падпрыемства.
Пакуль вялося будаўніцтва, Дзятлаўскі вінзавод уключаў у сябе вінны цэх "Дзятлава", харчовы цэх "Казлоўшчына", грыбаварны пункт "Лозкі". На участку "Казлоўшчына" ў першыя гады заснавання прадпрыемства функцыянаваў квасільна-засолачны цэх. Па вёсках працавалі 5 нарыхтоўшчыкаў-грыбавараў. Перапрацоўвалі грыбы, капусту, агуркі, памідоры, корань хрэну, ягады ў шырокім асартыменце. У вінным цэху "Дзятлава" выраблялі напоі пладовыя моцныя (20% алкаголю, 4% цукру).
У 1971 годзе будаўніцтва і работы па мантажы лініі разліву віна ў Казлоўшчыне былі закончаны, вінны цэх "Дзятлава" перавялі ў Казлоўшчыну. Першы разліў віна на новай лініі адбыўся тут у маі 1971 года. Напрыканцы 1972-га быў уведзены ў эксплуатацыю сокавы цэх магутнасцю 3 тысячы тон перапрацоўкі сыравіны за год.
Пераломныя гады прадпрыемства прыпадаюць на перыяд работы дырэктарам Івана Іосіфавіча Шымко. У 1987 годзе быў забаронены выпуск віна. Каб захаваць калектыў завода, давялося пераходзіць на выпуск карамелі, чыпсаў бульбяных, яблычнага соку і воцату, а замест віна асвоілі выпуск настоек горкіх мощных, слабаградусных, паўсалодкіх гарэлак. Вырошчвалі агуркі, памідоры, грыбы вешанкі. I называлася наша прадпрыемства харчовым камбінатам.
3 2002 па 2006 гады дырэктарам прадпрыемства быў Алег Міхайлавіч Іванашка.
3 прыходам на пасаду дырэктара Аляксандра Мікалаевіча Філіпава звязана арганізацыя вытворчасці гарэлкі прэйскурантнай 0,5 літра і ў сувенірным выкананні 0,5, 0,7 літра, разліў віна 0,7 літра.
— Калі пачалася актыўная мадэрнізацыя?
— У 2010 годзе прадпрыемства выйшла на новы этап развіцця. На працягу некалькіх гадоў адрамантавалі бытавыя памяшканні для рабочых, пабудавалі два навесы для захоўвання шкляной тары, склад рознічнай прадукцыі, абнавілі цэхі, рэканструявалі адміністрацыйны будынак, добраўпарадкавалі тэрыторыю каля заводскай сажалкі. У 2012-ым адкрылі новы цэх, дзе вырабляем моцныя напоі ў сувенірным выкананні, разліваем каньяк. Тут функцыянуе паўаўтаматычная лінія разліву ў розныя віды ўпакоўкі. Прадукцыя карыстаецца высокім попытам у замежных пакупнікоў і турыстаў.
Мадэрнізавалі лабараторыю: пашырылі плошчу памяшкання, абнавілі сцены, столь, зрабілі асобныя кабінеты для ўсяго спектра лабараторных патрэбаў, замянілі большую частку абсталявання.
У 2015 годзе за ўласныя сродкі пабудавалі новы склад, які абсталявалі некалькімі відамі тэхнікі для пагрузкі-выгрузкі: транспарцёрам на тры секцыі, карам, штабялёрам. Выканалі капітальны рамонт склада на лагістычным цэнтры ў Гродне. Пастаянна абнаўляем аўтапарк: за 6 гадоў набылі 11 грузавых і 3 легкавыя аўтамабілі. Маем свой участак для вытворчасці жалезабетонных вырабаў.
У чэрвені 2015 года ў якасці вытворчага ўчастка да АСП "Дзятлаўскі вінна-гарэлачны завод" далучылі "Парэцкі спіртзавод", на якім таксама ідзе мадэрнізацыя: мяняем абсталяванне, рамантуем будынкі, удасканальваем тэхналогію вытворчасці.
— На што сёння скіравана асаблівая ўвага?
— Сочым, каб наша прадукцыя была высокай якасці і эканамічна выгаднай. Дзеля гэтага перасталі выпускаць звычайныя напоі і вырабляем слабаалкагольную прадукцыю па спецтэхналогіях. На прадпрыемстве дзейнічае сістэма кантролю якасці НАССР.
Сыравіну нарыхтоўваем самі ў сезон: штогод звыш 5 тысяч тон яблыкаў і 12 тысяч тон зерня. Пастаянна павялічваем асартымент прадукцыі. Для вытворчасці гарэлкі выкарыстоўваем высакаякасны спірт "Люкс" (вырабляецца на вытворчым участку ў Парэччы) і ваду, якая праходзіць 5 ступеняў ачысткі. Асаблівасцю нашага прадпрыемства з'яўляецца выкарыстанне навейшай сістэмы па іанізацыі гарэлкі іонамі срэбра на участках "сярэбранай" і паліруючай фільтрацыі, што надае гарэлцы крыштальную чысціню. Пачалі выкарыстоўваць дабаўкі, якія зніжаюць пахмельны сіндром.
Для ластавак на экспарт гарэлку разліваем у ПЭТ-бутэлькі, спецыяльна распрацавалі сувенірную ўлакоўку. Устаноўка дадатковай вугальнай калонкі дазволіла ўдвая павялічыць вытворчасць гарэлкі.
— Наколькі канкурэнтаздольная ваша прадукцыя?
— Прадукцыя гандлёвай маркі "Алгонь" не толькі шырока прадстаўлена ва ўсіх буйных гандлёвых сетках нашай краіны, але і паспяхова рэалізуецца за яе межамі. Мы экспартуем свой тавар у Прыбалтыку, на Кіпр, ва Украіну, у Азербайджан, В'етнам, Румынію. Вядзём перамовы па пастаўках прадукцыі ў Турцыю і Дамініканскую Рэспубліку. Завод пастаянна прымае ўдзел у выставах-кірмашах, конкурсах-дэгустацыях у Гродне, Мінску, Маскве, Санкт-Пецярбургу, Ялце і заўжды вяртаецца з узнагародамі. У скарбонцы прадпрыемства 27 залатых, 26 сярэбраных, 2 бронзавыя медалі, гран-пры і шэраг ганаровых дыпломаў за якасЦь і шырокі асартымент прадукцыі.
— Валерый Яўгенавіч, раскажыце пра калектыў прадпрыемства.
— Цяпер у нас працуюць 265 чалавек, у тым ліку 83 чалавекі на участку ў Парэччы, 11 — у лагістычным цэнтры горада Гродна. Гэта зладжаны, надзейны, правераны часам калектыў, здольны вырашаць любыя вытворчыя задачы. Работа на заводзе для многіх стала лёсавызначальнай, бо працуюць у нас цэлымі сем'ямі, ёсць сямейныя дынастыі, якіх налічваецца больш за дзясятак. Варта назваць дынастыі Пігульскіх, Бажок, Колас, Мілейкаў. Звыш 40 гадоў на прадпрыемстве працуе галоўны тэхнолаг Ірына Мікалаеўна Лішык. У тым, што наша прадукцыя становіцца ўсё больш вядомай у Беларусі і за мяжой, немалая заслуга намесніка дырэктара па камерцыйных пытаннях Віталя Валянцінавіча Барцэвіча, работнікаў аддзела продажу і маркетынгу. Наогул, перамогі, узнагароды, нарошчванне аб'ёмаў вытворчасці, высокая ацэнка прадукцыі пакупнікамі, пашырэнне рынкаў збыту — гэта вынікі плённай працы ўсяго калектыву AAT "Дзятлаўскі лікёра-гарэлачны завод "Алгонь". Напярэдадні свята жадаю калектыву прадпрыемства, ветэранам працы, калегам па галіне моцнага здароўя, стабільнасці, паспяховасці, працвітання. Няхай работа прыносіць задавальненне, а жыццё радуе цеплынёй чалавечых адносінаў і падтрымкай сяброў.

Гутарыла I. КАЎКЕЛЬ

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/