65 гадоў - Дварэцкаму льнозаводу



На прыемнай, святочнай ноце закончыўся 2019 год у працаўнікоў адкрытага акцыянернага таварыства "Дварэцкі льнозавод". 27 снежня калектыў адзначыў 65-годдзе свайго прадпрыемства.

Так, менавіта ў снежні 1954 года была ўведзена ў строй першая паточная лінія па выпрацоўцы льновалакна, дзе працавалі толькі 16 чалавек. А цяпер ААТ "Дварэцкі льнозавод" - сучаснае прадпрыемства, на якім заняты 309 працаўнікоў.

Каб забяспечыць сябе сыравінай у поўным аб'ёме, таварыства вырошчвае лён: мехатрад налічвае 142 адзінкі тэхнікі і апрацоўвае 3209 гектараў. Такога ў далёкім 54-м не маглі і ўявіць!

Архівы ашчадна захоўваюць звесткі пра людзей, якія стаялі ля вытокаў вытворчасці льнопрадукцыі на Дзятлаўшчыне: першую працоўную змену ўзначальваў Міхаіл Травін, а першым дырэктарам быў прызначаны Валянцін Біцько, чый 100-гадовы юбілей адзначаўся ў маі 2019 года.

У розныя перыяды на чале калектываў былі Валерый Гранкоўскі, Ігар Каліноўскі, Яўген Варган. Цяпер у склад ААТ "Дварэцкі льнозавод" уваходзіць і былы Слонімскі льнозавод, якім амаль 30 гадоў кіраваў Мікалай Зязюлін. 3 сакавіка 2018 года прадпрыемства ўзначальвае Аляксей Зелянуха.

За мінулыя 65 гадоў завод зведаў многае: у 1969-м была распачата рэканструкцыя; у 1972-м - завершана будаўніцтва цэха па выпрацоўцы кароткага льновалакна і ўведзена ў эксплуатацыю другая вытворчая паточная лінія; у 2009-м праведзена мадэрнізацыя прадпрыемства з устаноўкай новай бельгійскай тэхналагічнай лініі па вытворчасці доўгага валакна; у 2013-м усталявана абсталяванне бельгійскай фірмы па выпрацоўцы кароткага валакна.

Цяпер Дварэцкі льнозавод лічыцца адным з буйных ільноперапрацоўчых прадпрыемстваў. У яго склад увайшла льноэкспартная база. Прадукцыя льнозавода запатрабавана ў Расіі, Літве.Чэхіі, Кітаі, іншых краінах блізкага і далёкага замежжа.

За час існавання прадпрыемства тут склаліся працоўныя сямейныя дынастыі: Спасюкоў, Зэйкан, Сямашка, Бакей, Губко, Ганчарукоў, Дошчачка. Самая вялікая працоўная дынастыя на заводзе Антанюкоў. На прадпрыемстве заняты бацькі - Аляксандр Уладзіміравіч і Алена Аляксандраўна, трое іх дзяцей - Таццяна, Людміла, Аляксандр.

У ААТ "Дварэцкі льнозавод" працуе шмат старанных, высокапрафесійных спецыялістаў. На святочным мерапрыемстве многія былі адзначаны ўзнагародамі. На сцэну раённага Цэнтра культуры, дзе праходзіла ўрачыстасць, пад дружныя апладысменты давялося падымацца звыш 70 працаўнікам: інжынерам, майстрам, вадзіцелям, трактарыстам, наладчыкам, аграномам, аператарам, апаратчыкам, бухгалтарам, грузчыкам, вартаўнікам - людзям самых розных спецыяльнасцяў, якіх аб'ядноўвае сумесная праца на заводзе.

Павіншаваў калектыў прадпрыемства з адметнай датай старшыня Дзятлаўскага райвыканкама Аляксандр Дубовік. Ён уручыў узнагароды - Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы інжынеру па ахове працы Але Хамко, майстру Наталлі Сямашка, інжынеру-тэхнолагу Алене Сямашка, майстру Святлане Герасімовіч, вадзіцелю Вадзіму Ганчаруку, трактарысту Мікалаю Сідорчыку. Старшыня райвыканкама пажадаў калектыву плённай працы і ў новым 2020 годзе.

Віншавальная эстафета была падхоплена прадстаўнікамі ААТ "Кіруючая кампанія холдынга Гроднааблсельгастэхніка".
Запрашэнне на ўрачыстасць атрымалі і прыязджалі з віншаваннямі і падарункамі партнёры прадпрыемства - з Аршанскага льнокамбіната, ААТ "Гронітэкс",

РУП "Інстытут лёну", "Валдзіс-агра", ААТ "Аульскае міжрай-аб'яднанне", "Слонімскі рамонтны завод", "Дзятлаўская сельгастэхніка", "Карэлічы лён", Слонімскага філіяла "Белаграпрамбанк".

Прыемных словаў, узнагарод было шмат.

Не былі абдзелены ўвагай і ветераны вытворчасці. Многія з іх адпрацавалі на Дварэцкім ільнозаводзе амаль па 40 гадоў. Сярод ix Ганнa Сямашка, Марыя Маліка, Міхаіл Сёмуха, Яніна Гайдук, Вячаслаў Волчык, Ганна Сідорчык, Ірына Станцэль, Іосіф Ляпешка, Марыя Сямашка.

Музычныя падарункі прысутным дарылі мясцовыя дзятлаўскія артысты, а таксама аматарскі калектыў "Шкляры" ААТ "Шклозавод "Нёман".

Iіна ЯЎСЕЙЧЫК

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/