3 імем Кастуся Каліноўскага. Частка 3



(Заканчэнне)

20 лютага 1944 года ў Дзятлаве на рыначнай плошчы немцы і паліцаі правялі сход грамадзян і паабяцалі ачысціць раён ад партызан і яўрэяў. 3 канца лютага 1944 года акупанты рыхтавалі новую аблаву на партызан, для чаго 24 лютага ў Наваельню прыбыў эшалон з немцамі.

Па даных разведкі брыгады ворагі (каля 2500 чалавек) размясціліся ў вёсках Разважжа, Русакі, Гірычы, Юравічы, Вензавец, працягнулі тэлефонную лінію да вёскі Нямковічы. 28 лютага ў Дзятлава прыбыў полк РВА і раскватараваўся ў Дзятлаве, Засецці, Норцавічах, Гірычах, Яцвезі. На ўзбраенні ворага былі ротныя і батальённыя мінамёты, 10 гармат. На аддзяленне (10 чалавек) - адзін ручны кулямёт і адзін аўтамат, астатнія - вінтоўкі.

Два ўзводы разведкі на конях былі ўзброены аўтаматамі. У вёсцы Дварэц кватаравалі два эскадроны казакоў. Камандаванне часцей загадала насельніцтву здаць увесь калючы дрот (за няздачу - расстрэл), пабудаваць лазні ў Зачэпічах, Погірах, іншых вёсках. У вёску Ляды прыязджалі 25 чалавек з РВА.

У вёсцы Яцвезь былі укапаны тры гарматы і ўсталяваны перашкоды з дроту. Такое паведамленне было накіравана ў штаб Беластоцкага злучэння ад штаба брыгады раёна пушча Ліпічанская. У адказ на падрыхтоўку ворага па Шчучынскім міжрайцэнтры і штабе партызанскага руху Беластоцкай вобласці 1 сакавіка 1944 года выдадзены загад № 004.

Ім прадугледжвалася ўзмацненне агентурнай і вайсковай разведкі для вывучэння планаў захопнікаў. Таксама кожная брыгада атрымала заданне: з 2 сакавіка 1944 года арганізаваць удары па ворагу з дапамогай баявых засад. Брыгадзе імя Кастуся Каліноўскага зрабіць гэта ў раёне вёсак Алёхнавічы і Русакі, брыгадзе "Перамога" - Лявонавічы, Рачкі, на участку дарогі Яварская Руда - Мядзвінавічы.

Найбольш вызначаўся баявымі дзеяннямі партызанскі атрад "Звязда", што праводзіў аперацыі ва тэрыторыі нашага раёна. Першым яго камандзірам быў Міхаіл Аляксеевіч Казакоў (загінуў у чэрвені 1944 года), начальнікам штаба - Мікалай
Мікалаевіч Васільеў, палітруком - Іван Сцяпанавіч Пупко, камісарам - Самуіл Якаўлевіч Шварцман. Партызаны атрада пусцілі пад адхон 34 воінскія эшалоны ворага, знішчылі 34 паравозы, 360 вагонаў, шмат ваеннай тэхнікі, 6 мастоў, спіртзавод, некалькі складоў, імі была забіта не адна сотня ворагаў. У канцы 1943 года 44 партызаны атрада прадстаўлены да дзяржаўных узнагарод. Пры злучэнні з Чырвонай арміяй атрад налічваў 120 партызан.

Брыгадай імя Кастуся Каліноўскага пушчаны пад адхон 117 варожых воінскіх эшалонаў, у выніку іх крушэння разбіты 140 паравозаў, 1141 вагон і платформа. У баях пры падрыве воінскіх эшалонаў забіты 7324 і ўзяты ў палон 131 салдат і афіцэр праціўніка. Штабныя дакументы сведчаць, што з моманту стварэння брыгады да 18 жніўня 1944 года знішчаны 2,5 тысячы нямецкіх акупантаў і іх памочнікаў. Атрады ўзрывалі масты і пераправы, што перашкаджала акупантам своечасова перапраўляць войскі на ўсходні фронт.

Было ўзарвана 8 чыгуначных мастоў, партызаны знішчылі тэлефонна-тэлеграфную сувязь працягласцю 181 кіламетр, падарвалі і вывелі са строю тры буйныя электрастанцыі, адзін спіртзавод. Нa момант злучэння з часцямі Чырвонай арміі ў брыгадзе было 5 атрадаў з агульнай колькасцю 769 партызан. Гэта былі: 701 мужчына, 68 жанчын, сярод якіх беларусаў - 195, рускіх - 294, украінцаў - 111, 169 прадстаўнікоў іншых нацыянальнасцяў. Злучэнне праходзіла паатрадна з 20 ліпеня па 18 жніўня 1944 года.

Пошукавая работа аб дзейна-сці партызан і падпольшчыкаў на тэрыторыі нашага раёна ў гады Вялікай Айчыннай вайны прадаўжаецца. Ёсць яшчэ шмат невядомых безыменных герояў, якія цаною свайго жыцця заваявалі для нас Перамогу. Калі чытачы газеты валодаюць інфармацыяй аб подзвігах нашых землякоў у гады вайны, прашу паведаміць аб гэтым у Дзятлаўскі ваенны камісарыят вядучаму спецыялісту Валянціну Аляксеевічу Абухаву па тэлефоне 2-15-03 або аўтару артыкула. Будзем вельмі ўдзячны, калі падкажаце месцы пахавання чырвонаармейцаў і партызан, якія загінулі ў гады вайны.

Міхаіл ЛУК'ЯНЧЫК, краязнаўца

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/