3 імем Кастуся Каліноўскага. Частка 2.



(Працяг)

Былі выяўлены шпіёны і здраднікі. Пры пераводзе партызана з аднаго атрада ў іншы патрабаваліся характарыстка і інфармацыя аб удзеле ў баявых дзеяннях. Дазвалялася мець па тры байцы на кожную вінтоўку і па пяць - на кожны кулямёт. Тыя, хто заставаўся без зброі, былі задзейнічаны для пераносу боепрыпасаў у час бою ці на гаспадарчых работах.

У пачатку 1944 года на тэрыторыю раёна пачалі прыбываць паліцаі, войскі "ронаўцаў", "уласаўцаў", літоўскіх і эстонскіх нацыяналістаў. Здараліся выпадкі пераходу такіх вайскоўцаў на бок партызан. Характэрным прыкладам з'яўляюцца перагаворы штаба брыгады з казацкай сотняй РВА (уласаўцы), якая была размешчана ў вёсцы Дварэц. Вось аб чым сведчыць вытрымка з пісьма партызанскага штаба да казакоў: "Камандзіру сотні. Таварышы! 3 нашага боку гэта ўжо трэцяе пісьмо. Яшчэ раз гаворым вам, што сярод нас ужо шмат вашых таварышаў, яны сталі на правільны шлях, той шлях, які ўказалі нам нашы бацькі, матулі, дзяды і прадзеды. Чым даўжэй мы перапісваемся, тым менш дзелавітасці ў нашых адносінах, тым далей мы адцягваем нашу сустрэчу і ваш удзел у абароне Радзімы".

У партызан добра была наладжана разведка і сувязь паміж фарміраваннямі. У пачатку снежня 1943 года стала вядома, што "на бліжэйшы час намечана аблава, у якой прымуць удзел 18 000 фашыстаў з войскаў СС. Мяркуецца, што гэтыя войскі будуць наступаць фронтам ад ракі Зяльвянка ў накірунку Ліпічанскай пушчы". Доказам таму, што брыгада імя Кастуся Каліноўскага дзейнічала ў цеснай сувязі з партызанамі Ленінскай брыгады, з'яўляецца сакрэтны загад, адрасаваны камандзірам атрадаў аб тым, што "па даных разведкі Ленінскай брыгады, немцы захапілі вёскі Падвялікае і Скіпоравічы. У Яварскую Руду прыбылі 27 падводаў з немцамі. Праціўнік мае задачу наступаць на лагеры партызан, размешчаныя на поўдзень ад Яварскай Руды".

Для паспяховай барацьбы з фашысцкімі акупантамі выкарыстоўвалася інфармацыя, якую партызаны атрымлівалі ад мясцовага насельніцтва. 20 студзеня 1944 года быў выдадзены сафэтны загад аб тым, што ў солтыса вёсак Воля-Крупіцы быў адабраны загад па гарнізоне Яварская Руда. У ім адзначалася, што вяскоўцы павінны прадаставіць 15 падводаў з фуражом на чатыры дні і даставіць іх у гарнізон 4 лютага. Падобная інфармацыя дазваляла партызанам планаваць баявыя аперацыі супраць нямецкіх войскаў, паліцаяў, "ронаўцаў", "уласаўцаў".

Даведацца аб баявых аперацыях атрадаў брыгады можна дзякуючы баявым данясенням і рапартам з атрадаў і штаба брыгады. У рапарце партызанскай брыгады штабу Беластоцкага злучэння ад 10 лістапада 1943 года адзначалася, што "ў гонар 25-гадавіны ВЛКСМ і 26-гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі атрадамі Пралетарскай (назва да 20 снежня) партызанскай брыгады зроблена: групай атрада "Звязда" пад камандаваннем таварыша Шварцмана ўзарваны эшалон з гаручымі і змазачнымі матэрыяламі на участку дарогі Неман - Наваельня ў раёне вёскі Глушыца. Знішчаны паравоз і 40 вагонаў і цыстэрнаў". А 23 студзеня 1944 года група камсамолак-дзяўчат атрада "Звязда" (Г. Зверкунова, Е. Ляхава, Я. Мазэпіна) і партызан Пётр Андрэеў выйшлі на баявое задание ў горад Дзятлава, каб падпаліць галоўны склад: "25 студзеня ў 13 гадзін Зверкунова ў час прыёму фуражу ад насельніцтва кінула мяшочак з запальнай сумессю і запаленым бікфордавым шнурам, ад чаго ў хуткім часе адбыўся моцны пажар. Згарэла каля 100 тон фуражу і зерня, рэчавы аддзел склада з абмундзіраваннем і абуткам і ўсё, што знаходзілася ў гэтым складзе". Так рапартаваў штаб брыгады імя Кастуся Каліноўскага 28 студзеня 1944 года штабу Беластоцкага партызанскага злучэння.

Нямецкія акупанты праводзілі масавыя аблавы ў вёсках, якія знаходзіліся ў партызанскай зоне. 3 данясенняў стала вядома аб тым, што "з Дзятлава, Накрышак, Наваельні, Дварца, узяўшы з сабой чатырохдзённы запас, 4 лютага 1944 года немцы выехалі праз Наваельню на Гуту, што за Глушыцаю (дзе раней быў забіты 31 паліцай). У вёсцы Гута немцы забівалі мірных жыхароў, якія не паспелі ўцячы ў лес. Асабліва пацярпелі жанчыны і дзеці. Для прымусовага вывазу мірнага насельніцтва на работы ў Германію ў Дзятлава 5 лютага 1944 года прыбылі дзве машыны немцаў, каб сабраць грамадзян, якія не з'явіліся на камісію. Каля Дзятлава сеў нямецкі самалёт, на якім прыляцеў маёр нямецкай арміі. Матэрыялы кнігі "Памяць. Дзятлаўскі раён" пацвярджаюць, што за гады нямецкай акупацыі былі вывезены ў Германію 1236 мірных жыхароў. Напярэдадні, 4 лютага, партызаны на чале з палітруком атрада "Звязда" Іванам Станіслававічам Пупко спалілі маёнтак у вёсцы Нагародавічы, які планавалася перавезці ў Дзятлава і размясціць у ім нямецкі гарнізон.

(Працяг будзе)

Міхаіл ЛУК'ЯНЧЫК, кразнаўца

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/