3 імем Кастуся Каліноўскага



Набліжаецца 75-я гадавіна Перамогі савецкага народа над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў Вялікай Айчыннай вайне. Свой уклад у яе ўнеслі і беларускія партызаны. На тэрыторыі нашага раёна актыўна дзейнічалі партызанскія брыгады Ленінская, імя Варашылава, "Перамога". Шмат баявых спраў на рахунку партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага.

Адразу пасля акупацыі Беластоцкай вобласці, у чэрвені 1941 года, на яе тэрыторыі пачалі ўзнікаць партызанскія групы і атрады. Складаліся яны з чырвонаармейцаў, якія выходзілі з акружэння, партыйных і камсамольскіх актывістаў. Кіраўнікамі станавіліся камандзіры з ліку афіцэраў, партыйныя работнікі. На тэрыторыі нашага раёна адным з першых быў арганізаваны атрад "Барацьба", які затым атрымаў назву "Арлянскі". Камандаваў ім Васіль Піліпавіч Кавязін. Партызанскія брыгады фарміраваліся з канца 1942 года і на працягу 1943-га. На тэрыторыі Беластоцкай вобласці кіраўніцтва партызанскай барацьбой ажыццяўляў штаб партызанскага руху на чале з генерал-маёрам Касценкам. Тэта вядома з матэрыялаў асабістага архіва былога начальніка штаба партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага Сяргея Васільевіча Чудзінава. Яны апублікаваны пад назвай "Запіскі аб баявых дзеяннях партызанскай брыгады імя Кастуся Каліноўскага, якая дзейнічала ў Беластоцкай вобласці, 1943-1944 гг". Цяпер "запіскі" знаходзяцца ў архіве Гродзенскага гісторыка-археалагічнага музея.

Датай заснавання брыгады можна лічыць 5 лістапада 1943 года. Яна фарміруецца па загадзе штаба партызанскага злучэння Беластоцкай вобласці на базе атрада "Кузнецкія металургі", а затым і атрада "Звязда". Да 20 снежня гэта партызанскае фарміраванне мела назву "Пралетарыят." Паводле загада штаба партызанскага руху па Беластоцкай вобласці, 21 снежня 1943 года з партызанскіх атрадаў "Звязда", "Канстанцін Каліноўскі", "Аляксандр Матросаў", "26 гадоў Кастрычніка", "Камсамол Беларусі" была створана партызанская брыгада імя Кастуся Каліноўскага. Камандзірам прызначаны Мікалай Калістратавіч Вайцяхоўскі, камісарам - Яўген Гаўрылавіч Восіпаў, начальнікам штаба - Сяргей Васільевіч Чудзінаў, начальнікам асобага аддзела - Анатоль Паўлавіч Дзевалтоўскі, намеснікам камісара па камсамоле - Панцялей Восіпавіч Зязуля.

21 снежня 1943 года за подпісамі Вайцяхоўскага, Восіпава, Чудзінава быў выдадзены загад наступнага зместу: "На падставе загада штаба партызанскага руху Беластоцкай вобласці камбрыг загадаў: брыгаду назваць імем Кастуся Каліноўскага і надалей называць яе толькі гэтым імем. Камандзіру атрада тав. Андрэеву рапартам данесці мне да 23 снежня аб
жаданні асабовага саставу ў найменаванні вашага атрада. Камандзірам атрадаў дадзены загад зачытаць усяму асабоваму саставу".

Як стала вядома, атрад Анатоля Яўгенавіча Андрэева ўзяў на сябе права называцца атрадам імя камсамола Беларусі. Брыгада дзейнічала на тэрыторыі Гродзенскага, Скідзельскага, Ваўкавыскага, Сакалоўскага, Крымкаўскага, Свіслацкага, Дзятлаўскага раёнаў, якія ўваходзілі ў склад Беластоцкай вобласці на 22 чэрвеня 1941 года.

Праз штаб партызанскага руху Беластоцкай вобласці ў брыгаду і атрады было накіравана шмат інструкцый і загадаў. Адна з інструкцый насіла назву "Медыцынска-санітарная інструкцыя". Вось вытрымка з яе, зацверджаная подпісам генерал-маёра Касценкі: "Раён пушча Ліпічанская. Не прымаць у размяшчэнне лагера "навічкоў" без папярэдняга агляду і дэзынфекцыі адзення. Адзін раз у месяц праводзіць медыцынскі агляд асабовага саставу атрада, брыгады (работнікаў харчблока аглядаць кожны дзень). Строга ізаляваць усіх, хто тэмпературыць, і хворых у асобныя зямлянкі (за 30-40 метраў ад лагера)".

У кожным атрадзе ці брыгадзе будаваліся лазні, калодзежы, кухні, сталоўкі, бойні жывёлы. Партызаны павінны былі наведваць лазні не радзей, чым два разы ў месяц. Прапісвалася, што доктар атрада ці брыгады павінен знаходзіцца разам з камандзірам у час вядзення бою і аказваць першую дапамогу параненым. Цяжка параненых накіроўвалі за лінію фронту з прадстаўнікамі атрада ці брыгады, асабістымі дакументамі і медыцынскімі паказаннямі.

У канцы 1943-га - пачатку 1944 гадоў узнікла неабходнасць папоўніць колькасны і якасны састаў брыгады. Вялася мабілізацыя сярод мясцовага насельніцтва, асабліва сярод тых, каго акупанты прымусова збіраліся вывезці ў Германію. Асобыя аддзелы атрадаў павінны былі правяраць звесткі пра кожнага, хто ішоў у партызаны, аб чым сведчыць вытрымка з загаду № 020 па штабе партызанскага руху Беластоцкай вобласці ад 17 снежня 1943 года: "Раён лесу пушча Ліпічанская. Усім камандзірам атрадаў і брыгад катэгарычна забараняю самавольна, без належнай работы начальнікаў і ўпаўнаважаных асобых аддзелаў, праводзіць набор у партызанскія атрады. Генерал-маёр Касценка".

(Працяг будзе)

Міхаіл ЛУК'ЯНЧЫК, краязнаўца

Источник: Дятловская районная газета "Перамога" и интернет-портал http://diatlovonews.by/